Беларуская дэлегацыя на чале са спікерам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімірам АНДРЭЙЧАНКАМ з афіцыйным візітам знаходзіцца ў Пакістане. Акрамя парламентарыяў, у Ісламабад накіраваліся прадстаўнікі дзяржорганаў і дзелавых колаў.
Як паведамляе прэс-служба ніжняй палаты, учора адбылася сустрэча Уладзіміра Андрэйчанкі са спікерам Нацыянальнай асамблеі парламента Пакістана Сардарам Аязам Садзікам.
Пакістанскі спікер падкрэсліў, што яго краіна надае выключна вялікае значэнне візіту беларусаў. Падчас перагавораў было абмеркавана шырокае кола пытанняў двухбаковага парадку, якія датычацца ўмацавання гандлёва-эканамічных сувязяў і развіцця дзелавых кантактаў з улікам дамоўленасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і прэм'ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа давесці да 2020 года аб'ём узаемнага тавараабароту да аднаго мільярда долараў ЗША.
«Уладзімір Андрэйчанка і Сайдар Садзік выказалі ўзаемнае разуменне таго, што развіццё поўнафарматнага ўзаемадзеяння Беларусі і Пакістана немагчымае без усталявання і нарошчвання эфектыўнага міжпарламенцкага дыялогу, — інфармуе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў. — Абодва бакі выказалі зацікаўленасць у падтрымцы супрацоўніцтва ў галіне аграпрамысловага комплексу. У гэтым плане падкрэслена значнасць правядзення 11 красавіка бягучага года ў Ісламабадзе першага Беларуска-Пакістанскага сельскагаспадарчага форуму».
У гэты ж дзень прайшла сустрэча Уладзіміра Андрэйчанкі з міністрам нацыянальнай харчовай бяспекі і даследаванняў Пакістана Хасанам Басанам.
Надзея ЮШКЕВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:yushkevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/pakistan
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-andreychanka-0