«мне надакучыў свет / усё было / I nihil novi / пад зыркім і круглым / праясняецца літара в: веды / — вывучайце энцыклапедыю — / цяпер ляжаць бы на жываце / цалуючы няроўныя пазногці / тваёй ліпкай і бруднай рукі», — болей як паўстагоддзя назад — у 1958-м — так пачала свой верш «Рэкламны прыём» польская паэтка Ганна Пасвятоўска. Прыводжу гэтыя радкі з яе беларускай кнігі, дзе змешчаны творы таленавітай аўтаркі, разбуральніцы традыцый, той кнігі, якая прыйшла да чытача ў 2016 годзе. Лічы, амаль праз шэсць дзесяцігоддзяў, каб толькі адно зараз сказаць: т а к у нас яшчэ т а д ы не пісалі, такая форматворчасць не была прынятая. Дык, можа быць, мы змарнавалі час, можа быць, нашы паэты істотна спазніліся, не спакусіўшыся на рэвалюцыйныя памкненні, застойна затрымаліся?..
Алесь Емяльянаў-Шыловіч, пранікліва ўгледзеўшыся ў паэтычную польскую даўніну сярэдзіны XX стагоддзя, адкрыў для беларускага чытача Галіну Пасвятоўску (1935 — 1967), якая, быццам яркая зорка, прамільгнула ў польскай паэзіі і з тых часін асвятляе сваім вынайдзеным Словам сумную рэчаіснасць. Большую частку жыцця Галіна Пасвятоўска правяла ў санаторыях. Прычына — хвароба сэрца. У лякарні пазнаёмілася і з мужам — Адольфам Рышардам Пасвятоўскім (таксама — хворым на сэрца). Праз два гады пасля шлюбу муж памёр. У 1958 годзе Пасвятоўска прайшла складаную аперацыю на сэрцы ў Злучаных Штатах Амерыкі. Вярнуўшыся ў Польшчу, закончыла філасофскі факультэт Ягелонскага ўніверсітэта. Памерла паэтэса ў 1967 годзе праз няўдалую аперацыю. Паспела пры жыцці выдаць тры паэтычныя кнігі: «Гімн ідалапаклонніцы» (1958), «Сённяшні дзень» (1963) і «Ода рукам» (1966). І хаця прайшло ўжо столькі часу, вершы Галіны Пасвятоўскай падаюцца надзіва сучаснымі, сугучнымі судакрананням чалавека і часу, чалавека і прасторы, сённяшнім сацыяльным і грамадскім пераабсталяванням.
І справа, зразумела, зусім не ў здольнасці польскай паэткі прадбачыць час з яго пераменамі. Ды і піша Галіна Пасвятоўска пра ўнутраныя змены, сардэчныя і душэўныя перажыванні.
Паэтка шукае галоўныя складнікі жыцця. Яе выпакутаванае сэрца падказвае, што рух, развіццё жыцця магчымыя толькі праз адзіна верны шлях — дарогай да Святла. «Я толькі святло…» Ды гэтае «толькі» ўбірае ў сябе ўсё: і любоў, і каханне, і спадзевы на паразуменне з усім Светам. Вельмі асабістае, сутнаснае з’яўляецца галоўным складнікам паэзіі аўтара кнігі «Ідалапаклонніца». Галіна Пасвятоўска бачыць жыццё праз прызму ўласных жаданняў, уласных памкненняў і перажыванняў. Паэтка неўпрыкмет узводзіць асабістае ў ранг самых галоўных каштоўнасцяў. І робіць гэта на мяжы з гранічнай шчырасцю. Надзея, вера, любоў, каханне становяцца катэгорыямі эстэтычнага падмурку, цэментуюць мастацкую сутнасць кнігі, ды і, пэўна, увогуле паэзіі аўтаркі «Ідалапаклонніцы». «*** я для цябе ласкавая» — з вершаўшчыраванняў, дзе паэтка прызнаецца ў сімвалічным асэнсаванні кахання і, пэўна ж, гаворыць не толькі пра адносіны да блізкага чалавека…
«я для цябе ласкавая / як п’янкі водар красак / для пчолаў / я для цябе лагодная / як для стомленай птушкі / галінка зялёная / золата / кладуся на твае павекі / усмешкай / адганяю восаў куслівых — думкі / гэта ноч / мне цябе падарыла / вялікая ноч / што мае валасы раскідала па палатне / ты / ясны як месяц / азараеш маё / халоднае неба / я малюся табе...» Маленне наталяе сонечным святлом, узводзіць думкі ў ранг філасофскага асэнсавання рэчаіснасці, у якой існаваць, прысутнічаць без любві, кахання проста немагчыма. Іначай усё, што складае рух чалавека па крузе, мала што значыць.
будзь побач са мною
бо толькі тады
мне не зябка
прастора дыхае холадам
калі я ўяўляю
якая яна невымерная
і якая я
тады мне патрэбна
сонца рук тваіх
два промні сусвету
Шчасце адкрываць свет Галіна Пасвятоўска выяўляе праз ёй зразумелыя паэтычныя формы: ёй не патрэбныя знакі прыпынку, для яе вершаў важкасць маюць іншыя, толькі ёй зразумелыя рыфмы і рытмы. І гэта не пазбаўляе выпеставаныя аўтаркай «Ідалапаклонніцы» вершы лічыць Паэзіяй самай што ні ёсць сапраўднай.
Часам дрыготкае, трапяткое судакрананне з любоўю, каханнем напаўняецца трывогай і сумам, якія ў паэткі ўсё ж атрымліваюцца, вымалёўваюцца таксама светлыя і трапяткія па сваёй чысціні. Калі перагарнуў апошнія старонкі «Ідалапаклонніцы», падумалася пра некаторыя блізкія матывы вершатворчасці Галіны Пасвятоўскі з паэзіяй Віславы Шымборскай, дарэчы, таксама ўжо даўно прачытанай і адкрытай беларускімі перакладчыкамі.
Чытаючы паэзію Галіны Павятоўскай, вылучаеш і паралелі з паэзіяй беларускіх аўтараў. Думаецца нават пра тое, ці не з яе пакалення, яе шэрагаў і наша Еўдакія Лось… Найперш такое параўнанне напрошваецца, зразумела, не ў асэнсаванні творчых манер, творчых падыходаў, а хутчэй — праз глыбіню шчырасці, непасрэднасць вершаванага радка. Зазірніце ў кнігу лірыкі Е. Лось «Сакавік», а яшчэ ў апошні зборнік «Лірыка ліпеня», успомніце яе ўпэненасцю напоўненыя радкі: «Клічуць дарогі свету, / Клічуць наперад мяне…» І такой самай верай перапоўнена слова Галіны Павятоўскі: «нам патрэбна шмат простых словаў / такіх як / хлеб / каханне / дабрыня / каб аслеплыя ў цемры / не згубілі / сваёй дарогі…»
Бясспрэчна, выбар Алеся ЕмяльянаваШыловіча як перакладчыка ўдалы. І можна смела гаварыць, што лепшыя традыцыі ўвагі беларускіх перакладчыкаў да польскай паэзіі працягваюцца. Галіна Пасвятоўска — з тых творцаў, каго варта помніць. Яе рэльефны, дынамічны верш выклікае прыцягненне і вучыць разважаць, думаць пра вечныя ісціны жыцця.
Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ales-emyalyanau-shylovich