Як іх успрымае мастачка Ірына Лобан.
Нарэшце пачалася сапраўдная доўгачаканая вясна, калі складана сядзець на адным месцы, хочацца гуляць, адчуваць свежы водар паветра і пачаць рэалізоўваць мары. Менавіта ў такія цёплыя дні цяжка прайсці міма музея альбо галерэі, дзе пануе вясенні настрой. Так, у Мастацкай галерэі імя Міхаіла Савіцкага прадстаўлены выставачны праект «Гукі колеру» таленавітай мастачкі, дацэнта кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ Ірыны Лобан.
Ірына Лобан, дэманструючы ўласнае разуменне свету, не навязвае стэрэатыпаў, не даказвае, што менавіта яе погляд на існаванне сучаснага чалавека і ладу жыцця найбольш правільны. Яна запрашае гледача ў прастору, дзе з лёгкасцю разам з ёй можна разважаць на актуальныя тэмы, адлюстраваныя ў творчых кампазіцыях.
Доктар філасофскіх навук Ігар Духан адзначае, што акварэлі Ірыны Лобан — гэта мастацтва радасці. Нават у самых яе драматычных і трагічных акварэльных работах прасочваецца ззянне радасці — у прасветах бялізны аркуша чытаецца асаблівы жыццярадасны настрой.
— Выстаўка «Гукі колеру» — гэта збор маіх твораў, што прадугледжвае асабістую сустрэчу з гледачом, які спрабуе зразумець свет, дзе ўсё ўзаемазвязана, пераплецена, састасавана, — расказвае Ірына Лобан. — Навуковыя пошукі кажуць пра тое, што чалавечы мозг успрымае рэальнасць і фантазію цалкам аднолькава — лагічна або інтуітыўна, але ў маёй творчасці гэтыя дзве галіны свядомасці пераплятаюцца пастаянна. Я, быццам не заўважаючы межаў, жыву на дзвюх планетах, адбіраю для творчасці толькі тое, чаго не хапае мне ў рэальнасці, і наадварот. Што яшчэ мяне хвалюе? Колер і святло. Вядома, я выкарыстоўваю іх не зусім традыцыйна. І колер, і святло існуюць у маіх работах у падначаленні двум сусветам — рэальнасці і фантазіі. Таму цень можа быць зусім не там, дзе яму належыць быць, а святло — сыходзіць як ад крыніцы, так і ад самога прадмета, які свеціцца знутры, і ўсе выдатныя магчымасці акварэлі дапамагаюць у гэтым. Надаю вялікую ўвагу кампазіцыі аб’екта, а не яго сапраўднаму маштабу ў рэальным свеце.
Колеравыя рашэнні мастачкі сапраўды ўражваюць. Яна стварае не проста яркія творы, а хутчэй грае на кантрасце, быццам шукае новыя адценні. Вынік абсалютна нечаканы: побач са спакойнымі, гарманічнымі тонамі можа пралягаць яркая хваля, якая скіроўвае ўвагу на сябе. Тут выяўлена метафара жыцця: немагчыма заўсёды захоўваць спакой у душы, літаральна адна маленькая дробязь — і эмоцыі пачынаюць пераважаць.
Многія творы мастачкі складаюцца са шматлікіх маленькіх карцін. Іх мастачка стварае па прынцыпе калажу. Прыдумляе ідэю і пачынае выбудоўваць цэлую гісторыю. Гэта своеасаблівая гульня, дзе ёсць прастора для разваг і дыялогу. Напрыклад, праз карціну «Рыгалета» мастачка імкнецца перадаць нам не сэнс оперы альбо яе мастацкага дзеяння, а знаёміць практычна з усімі героямі сюжэта.
— У адным мастацкім творы я магу сумяшчаць некалькі карцін: атрымліваецца своеасаблівы калажны эфект, — адзначае аўтар. — Напрыклад, серыя «Сіндбад-мараход» складаецца са ста работ. Гэта здаецца, што ўсяго чатыры карціны, насамрэч іх значна больш, яны прыдумляліся ў розныя часы. Такім чынам, я ствараю шматсэнсоўныя творы. Зараз мне дзіўна, што я выступаю ў ролі акварэліста, бо пачынала творчы шлях з кніжнай графікі. Практычна не звярталася да станковай акварэлі, бывала, толькі летам, калі натхняла сонейка, я хапалася за пэндзаль.
Творы Ірыны Лобан — своеасаблівае падарожжа па казках, спектаклях, краінах. З зялёнай Беларусі ты нечакана апынаешся ў сонечнай Грэцыі, пасля трапляеш у свет Антуана дэ Сент-Экзюперы, дзе Маленькі прынц больш не чорна-белы: мастачка зрабіла акцэнт не на персанажы, а на эмоцыі. Ёй падабаецца адыходзіць ад двухколеравага ўяўлення свету. Тут нават асабісты прынцып: няма толькі чорнага альбо белага, ёсць блакітны, чырвоны, зялёны. Нават шахматную серыю твораў яна адлюстравала без стэрэатыпаў.
— Мне вельмі падабаецца мая шахматная серыя. У ёй я пазбягаю штампаў, — прызнаецца Ірына Лобан. — Калісьці Экзюперы намаляваў Маленькага прынца чорна-белым, а я ўявіла яго каляровым, нават разгулялася з колерам. Пасля па такім жа прынцыпе вырашыла папрацаваць з шахматамі. Чаму б не? Бо шахматы, таксама як і мы, жывуць у каляровым свеце, яны не ізаляваныя ад грамадства. Канечне, чорнае і белае я захавала, але не абышлося без кантрастаў: у сярэдзіну твора дадала фіялетавых адценняў, а самі шахматы — з устаўкамі золата, бо там ёсць каралі і каралевы. У маёй калекцыі мне вельмі падабаюцца творы, прысвечаныя порам года. Захацелася іх зрабіць больш эпічнымі — без пачатку і канца, бо вясна, зіма, лета і восень непастаянныя. Аднак кожная пара года мае свой каларыт, таму гэтая серыя работ больш абстрактная па пластыцы і вобразнасці, чым шахматная.
У сямідзесяці прадстаўленых творах экспазіцыі мастачка спрабавала захаваць асабістую гісторыю. І зусім няважна, наколькі яна рэальна перажытая альбо выдуманая. У любым выпадку, ствараючы карціны, аўтар арыентавалася на асабістае ўспрыняцце герояў альбо сітуацый. У творах Ірыны Лобан прасочваюцца асаблівая культура, інтэлектуальнасць і інтэлігентнасць. Гэтыя складнікі, дарэчы, і сфарміравалі індывідуальны аўтарскі почырк: адзін раз пабываўшы на выстаўцы гэтага аўтара, пасля зможаце пазнаць яе работу сярод тысячы іншых.
Ірына Лобан не толькі таленавітая мастачка, але і настаўнік. Яна вучыць студэнтаў перш за ўсе думаць, адчуваць сэрцам і толькі пасля пераносіць эмоцыі на паперу. Мастачка кажа, што чалавек павінны пісаць карціны, кнігі, песні толькі пра тое, што насамрэч ведае, інакш не атрымаецца быць зразумелым, ацэненым.
Вікторыя АСКЕРА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-askera
[2] https://zviazda.by/be/tags/iryna-loban
[3] https://zviazda.by/be/tags/mastactva