Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту імя Максіма Танка прысвоены статус базавай арганізацыі дзяржаў- удзельніц СНД па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнню кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі. Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні Савета па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі СНД у Маскве.
Як адзначае рэктар Аляксандр ЖУК, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт мае глыбокія гістарычныя карані, аўтарытэт і прызнанне ў якасці самай магутнай навукова-педагагічнай школы па падрыхтоўцы настаўнікаў-дэфектолагаў. У верасні 2016 года на базе БДПУ быў створаны Інстытут інклюзіўнай адукацыі. Ён падтрымлівае цесныя сувязі з навуковымі і адукацыйнымі арганізацыямі краін СНД, Швецыі, Германіі, Нарвегіі і Нідэрландаў. Міжнароднае супрацоўніцтва рэалізуецца ў розных формах: выкананні сумесных навуковых даследаванняў і рэалізацыі міжнародных праектаў, акадэмічным абмене студэнтамі і выкладчыкамі, распрацоўцы сумесных праграм сеткавай магістратуры.
Унікальныя магчымасці з’явіліся ў сувязі з нядаўнім адкрыццём у Інстытуце інклюзіўнай адукацыі ў партнёрстве з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі. Ён дазволіць забяспечыць высокую якасць падрыхтоўкі будучых педагогаў, павысіць кваліфікацыю ўжо практыкуючых педагогаў, а таксама кансалідаваць намаганні сістэмы адукацыі і грамадзянскай супольнасці ў забеспячэнні якасці інклюзіўнай адукацыі для ўсіх яе ўдзельнікаў
У 2017 годзе на яго базе плануецца правядзенне каля 60 адукацыйных мерапрыемстваў з удзелам нацыянальных і замежных спецыялістаў (семінараў, майстар-класаў, трэнінгаў і іншых) для розных мэтавых груп (студэнтаў педагагічных спецыяльнасцяў, дэфектолагаў-практыкаў і бацькоў выхаванцаў).
Члены Савета па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі дзяржаў-удзельніц СНД аднагалосна прагаласавалі за наданне БДПУ статусу базавай арганізацыі па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнню кваліфікацыі педагагічных работнікаў і спецыялістаў у галіне інклюзіўнай і спецыяльнай адукацыі і пажадалі БДПУ плённай працы.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdpu