У мінулым годзе каля сямі тысяч чалавек прынялі ўдзел у акцыі “Чысты вадаём”. Валанцёры прыбіралі смецце, пакінутае на берагах рэк і азёр дрэнна выхаванымі людзьмі. Сёлета акцыя пройдзе з 19 па 28 красавіка.
Спецыялісты Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў вызначылі месцы для правядзення акцыі. Напрыклад, у Мінску гэта Чыжоўскае вадасховішча, у кожнай вобласці намечана ачысціць прыбярэжную тэрыторыю дзясяткаў рэк і азёр. З улікам умоў надвор'я ў графік могуць быць унесены змены. Азнаёміцца з графікам можна на сайце РДГА БТПР, таксама там пазначаны тэлефоны каардынатараў, у якіх можна ўдакладніць усе пытанні.
Упершыню супрацоўнікі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў разам з прадстаўнікамі іншых арганізацый і проста неабыякавымі жыхарамі вялікіх і малых гарадоў, а таксама сельскай мясцовасці правялі акцыю «Чысты вадаём» ў 2014 годзе. Акцыя стала традыцыйнай і за гэты час прыведзена ў парадак больш за 2 тысячы кіламетраў берагавой лініі вадаёмаў краіны. У акцыях прыняло ўдзел каля 20 тысяч чалавек, сабрана звыш 3 тысяч кубічных метраў смецця і вывезена на палігоны цвёрдых камунальных адходаў.
“Акцыя ў першую чаргу накіравана на экалагічнае выхаванне ўсіх слаёў насельніцтва, прыцягненне ўвагі да праблемы забруджвання вадаёмаў, а таксама на прывядзенне ў парадак прыбярэжнай зоны вадаёмаў і вадацёкаў напярэдадні адкрыцця сезона масавага актыўнага адпачынку на прыродзе”, - падкрэсліў старшыня РДГА БТПР Юрый Шумскі.
Арганізатары забяспечаць удзельнікаў акцыі рабочымі пальчаткамі, мяшкамі для збору смецця. Што тычыцца абутку, то пажадана надзець гумовыя боты.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/akcyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/chysty-vadayom
[5] https://zviazda.by/be/tags/reki
[6] https://zviazda.by/be/tags/azyory
[7] https://zviazda.by/be/tags/pryroda