Беларуска-расійскае памежжа. Старажытная вёска Гарадзішча. Паселішча знаходзіцца на левым беразе Сажа, паміж двума райцэнтрамі — смаленскімі Хіславічамі і магілёўскім Мсціславам. Спакон веку ў Гарадзішчы жывуць не толькі рускія, але і беларусы. Гарадзішчанцы не дзеляць людзей на сваіх і чужых. У працы і на святах, у горы і ў радасці жыхары заўсёды разам. Вось і на Вялікдзень яны разам ідуць у царкву, моляцца, ходзяць у госці адно к аднаму, прыносяць велікодныя прысмакі, прыпамінаюць забытыя традыцыі.
Мне пашчасціла трапіць у Гарадзішча менавіта ў Святую нядзелю і пазнаёміцца з некаторымі жыхарамі паселішча — тымі, хто жыве тут з нараджэння, і тымі, хто праз шмат гадоў вярнуўся на бацькоўскую зямлю.
Тамара Варанкова, у дзявоцтве Сталярова, прыехала ў вёску з Чалябінска, у які яе, чатырохгадовую малечу, з сабою забралі бацькі. І які б ні быў прыгожы Урал і Уральскія горы, радзіма паклікала жанчыну назад.
— Мае бацькі былі беларусамі, я даведалася пра гэта зусім нядаўна — з архіўных дакументаў, — сказала Тамара Варанкова. — У 1917 годзе ў Гарадзішчы і ў навакольных вёсках і хутарах праводзіўся перапіс насельніцтва, і бацькі запісаліся беларусамі.
Амаль пяць гадоў назад у вёсцы адкрылася праваслаўная царква ў гонар іконы Скорапаслушніцы. Старэйшына прыхода — Галіна Кустарова. І яшчэ яна — аўтар ідэі пабудовы храма — сказала, што царкву будавалі мае землякі — майстры з горада Мсціслава. Гарадзішчанцы вельмі задаволены якасцю працы мсціслаўскіх майстроў.
У дырэктара Гарадзішчанскага Дома культуры Вольгі Шармаковай беларуская зямля — святая. У Беларусі ў 1941 годзе загінуў яе дзед Фёдар Ваўкаў.
У вёсцы яшчэ захаваліся традыцыі велікодных гульняў. Гуляюць у біткі і качаюць фарбаваныя яйкі і дзеці, і дарослыя. Нават вясковыя пенсіянеры Уладзімір Рашатнёў і Мікалай Люзункоў кожны год у гэты дзень збіраюцца разам і дэманструюць свой спрыт качання яек па жалабку.
У гэты дзень гарадзішчанцы радуюцца вясне і сонцу. Вялікдзень для іх — сімвал адраджэння прыроды і, значыць, жыцця. Вясковы майстар на ўсе рукі Дзіна Плятнёва ўсміхаецца і сваімі прыгожымі работамі сцвярджае, што творчасць і мастацтва — таксама вечныя.
Анатоль КЛЯШЧУК
в. Гарадзішча, Хіславіцкі раён, Смаленская вобласць, Расія
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-dnya