«Уяві, што ты саветнік новага Генеральнага сакратара ААН. Якую глабальную праблему ты дапамог бы яму рашыць у першую чаргу? Якую б параду даў, каб ён справіўся з рашэннем?» На такую тэму разважалі ўдзельнікі ХХІ Беларускага маладзёжнага конкурсу сачыненняў эпісталярнага жанру. Нягледзячы на свой юны ўзрост, школьнікі ўздымалі пытанні зусім не дзіцячыя.
Конкурс праводзіцца ў рамках аднайменнага міжнароднага конкурсу, арганізаванага Сусветным паштовым саюзам, з 1971 года. Удзельнікі — падлеткі ва ўзросце да 15 гадоў.
— Творчае спаборніцтва дапамагае асэнсаваць тую важную ролю, якую іграе паштовая сувязь у нашым грамадстве, а таксама развівае жаданне пісаць лісты сябрам, родным і блізкім. Моладзь пабуджаюць задумацца над простымі, але важнымі рэчамі і выкласці свае думкі і пачуцці на паперы, — кажа першы намеснік генеральнага дырэктара Белпошты Алена СКРЫПЧЫК, якая ўзначаліла камісію па падвядзенні вынікаў конкурсу.
У фінальны этап выйшлі сем найлепшых сачыненняў — па адным з кожнай вобласці і Мінска. Кожнае ёсць за што пахваліць, але журы — на тое яно і журы — адзначыла і недахопы сёлетніх работ.
— Мы звярнулі ўвагу, што ёсць сачыненні, дзе школьнікі выказваюць свае думкі не па-дзіцячы, — кажа галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына БУЛАЎКІНА. — Зразумела, што педагогі павінны дапамагаць сваім вучням пры напісанні работ. Але галоўнае, каб працэнт удзелу настаўніка не перавысіў працэнт удзелу дзіцяці. Вельмі важна, каб у тэксце захавалася дзіцячая непасрэднасць.
А цяпер аб прыемным. Пераможцам сёлетняга эпісталярнага конкурсу стала вучаніца 7 «Б» кадэцкага класа брэсцкай СШ №31 Ірына Максімук-Супруновіч. Дзяўчынка ўдзельнічае ў ім ужо не першы раз. Два гады таму яе сачыненне стала найлепшым у вобласці, летась — заняла трэцяе месца на рэспубліканскім этапе. І вось нарэшце — доўгачаканая перамога.
Са школьных прадметаў Іра любіць рускую мову, літаратуру і хімію. У вольны час шые мяккія цацкі і адзенне, чытае кнігі і піша вершы. Калі пытаемся, у чым сакрэт добрага сачынення, адказвае, што галоўнае — натхненне. Так, тэму конкурснай работы — дзяўчынку хвалюе праблема міру — ёй падказалі тэлеперадачы.
Работа Ірыны Максімук-Супруновіч будзе перакладзена і накіравана ў Міжнароднае бюро Сусветнага паштовага саюза (Берн, Швейцарыя) для ўдзелу ў 46-м Міжнародным маладзёжным конкурсе сачыненняў эпісталярнага жанру. Трэба сказаць, што беларускія вучні не раз станавіліся прызёрамі сусветнага этапу (у якім, між іншым, удзельнічаюць падлеткі прыкладна са 140 краін). Напрыклад, у 2003 годзе наш канкурсант заняў першае месца, у 2008-м і 2010-м — другое, у 2009-м — трэцяе.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:lubneuskaya@zvіzda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/epistalyarny-konkurs
[5] https://zviazda.by/be/tags/kantakt