Па маім глыбокім перакананні, у нас, у Беларусі, ужо даўно матрыярхат — быў і быў, бо сам божанька так прызначыў: кіраваць павінны жанчыны. Хоць бы таму, што яны мудрэйшыя: не будуць без патрэбы кулакамі размахваць ды абы куды галовы падстаўляць — рызыкаваць таксама не будуць. Да таго ж працуюць яны, не раўнуючы, як той вечны рухавік, бо...
Мужыку, як правіла, што — наеўся, напіўся ды спаць заваліўся. А жанчыны — яны іншыя: ім мала, ім пра ўсё трэба клапаціцца. І пра ўсіх... Праўда, з розным вынікам. Што таксама добра, бо мужчыны — хоць калі-нікалі, а таксама павінны кіраваць і выглядаць (ці быць) разумнейшымі.
Зрэшты, гэта была толькі прыказка, а зараз — «казка».
Месца дзеяння — поўдзень Берасцейшчыны. Час — восень: людзі бульбу якраз капалі, найлепшую з культур. Цётка Галя, напрыклад, ёй бы ўсё засадзіла, калі б сілы былі. А так... Дзве рукі ў яе ды дзве дзядзькавы. Прычым — не дужа ахвотныя, бо той гадоў з дзесяць ужо стагнаў, што не трэба ім столькі бульбы... Але ж цётка як цыкне на яго, а потым як скажа...
Дык так яно ўрэшце і будзе.
Насадзілі, карацей — цэлыя гоні. І вырошчваць яшчэ няцяжка было, а вось выбіраць... Добра, што мотаблок свой: хоць і старэнькі, ды цягне — нават багаты ўраджай, з-за свету.
Так-так, чарговыя соткі найдалей ад хаты былі, каля самай мяжы з Украінай.
Зранку цётка з дзядзькам туды дабраліся, сталі ў градкі, напоўнілі першыя кашы, як раптам, скуль ні вазьміся, незнаёмы дзяцюк. І ледзьве не кленчыць: маўляў, людзі добрыя, ратуйце, машына зламалася, а халадзільнік у вёску завезці трэба. Дык, можа, як на мотаблоку, га? Колькі скажаце, столькі заплацім. Не пакрыўдзім вас...
Дзядзьку (як і ўсім дзядзькам) ні той паездкі, ні пагрузкі, ні грошай не хацелася. Ды і хлопец не падабаўся... Але ж цётка як цыкне: у чалавека, маўляў, бяда, а ты яшчэ думаць будзеш?! Трэба дапамагчы (грошы атрымаць таксама), і размове канец.
Канец дык канец — пярэчыць ёй дзядзька Вася не стаў: завёў сваю тарахцелку, ды паехалі з тым дзецюком да патрэбнага месца.
А ўжо там...
Толькі дабраліся (там яшчэ адзін хлопец быў), толькі пагрузілі ў прычэп нейкі агрэгат...
Серыял «Дзяржаўная мяжа» адпачывае: аднекуль, як снег на галаву, «зваліліся» «пагранцы» і, што называецца, узялі — на месцы злачынства, у момант перадачы тавару, цэлую зладзейскую «групоўку».
Дзядзька нічога сцяміць не паспеў, як хлопцы ўжо «ўключылі дурняў»: сказалі, што яны тут ні пры чым, што яны — толькі перавозчыкі, што не ведаюць ні што ў гэтай скрынцы, ні для чаго... А вось дзядзька (ён жа рэзідэнт і галоўны кантрабандыст) усё чыста ведае.
...Што далей было, — цётка Галя, пачуўшы, аж села: суд — ні з таго ні з сяго?! Штраф (а можа, і турма)?! Канфіскацыя мотаблока...
— Ну што, дакамандавалася, дацыкалася? — спытаў у яе дзядзька Вася. Ды гэтакім голасам, што, пачуўшы яго, сціхлі б усе жанчыны з раёна, а можа, і вобласці. Нават самыя адчайныя надоўга прыкусілі б языкі, схавалі свае «пілкі» і далі адпачыць «пілуемым»...
На шчасце, скончылася гэта гісторыя лепш, чым чакалася і чым магла. Дзядзька, хоць і наездзіўся (цягам двух месяцаў!) на «дачу паказанняў», але ж застаўся на волі. І мотаблок у яго не забралі.
Больш за тое — «козыр» падкінулі: жонка цяпер толькі разявіцца, каб нешта загадаць, каб ім пакамандаваць, дзядзька адразу ж: «Я цябе ўжо паслухаў раз... Досыць!»
І сапраўды: жанчыны, як правіла, маюць рацыю... Але не ва ўсім, не заўжды.
Таму слухаць іх, вядома ж, трэба. Але і свой розум мець.
Іван ГАРАЛЬЧУК,
г. Мінск
Цікавыя часы... Хлопцы, хлопчыкі і нават дарослыя дзядзькі ў камп'ютарах забаўку знайшлі — называецца «танчыкі». І ваююць ва ўсю — з «мышкай» наперавес, розныя «ўзроўні» праходзяць, адзін аднаму смайлікі пасылаюць... Героі.
Мы ў вайну іначай гулялі: па-сапраўднаму, можна сказаць, па-даросламу. У вёсцы два разы фронт стаяў, так што заспелі яшчэ і гатовыя акопы, і бліндажы, і капаніры. Пры жаданні маглі знайсці нешта з амуніцыі (дарэчы, з нямецкіх касак у нас чарпакі рабілі — для чысткі сарціраў), хапала паўсюль патронаў і пораху.
Адпаведна дзеці штодня дзяліліся на рускіх і немцаў, хадзілі ў разведку, высочвалі ворагаў, вялі пастаянныя баі. Не без таго: нехта ў іх быў паранены, нехта — забіты, мелі месца допыты, катаванні і нават «расстрэлы»...
Карацей, цікава жылі... Але ж тыя, каго бралі ў «салдаты».
Мой брат Лёнчык (ён старэйшы на чатыры з паловай гады) «ваяваць», вядома ж, мог. І ва ўсю ваяваў бы, калі б не... я! Не было куды дзець. Паспрабаваў быў уцячы, мяне малую адну дома пакінуць, дык ад бацькі атрымаў па першае чысло... Яшчэ і я свой голас сарвала, бараніла ж брата, крычала: «Татачка, не бі Лёнчыка!»... Я любіла яго.
А ён... усюды цягаў мяне — можна сказаць, прычэпам, за што іх «галоўнакамандуючы», Мулік, вельмі злаваўся. Але ж аднойчы...
Калі коратка, то нашаму атраду трэба было вызначыць канкрэтнае месцазнаходжанне варожых «агнявых пунктаў», спіс «ворагаў» (пайменна) і колькасць пастоў. Іншымі словамі, нехта павінен быў пайсці ў разведку. Але хто? Мулік уважліва агледзеў усіх байцоў, трохі падумаў і раптам сказаў:
— А давайце адправім дробную?! Яна ж нешта кеміць? І запамінае? То можа, і справіцца? А калі не — калі зловяць ды прыб'юць — дык яе і не шкода будзе.
На вось гэта, апошняе, Мулік, магчыма, і спадзяваўся, але ж я з той радасці, з таго даверу ўжо нічога «не чула». Я — збіралася: хацела, напрыклад, начапіць Лёнчыкаву каску (рускую). Мулік, шкада, не даў — адабраў яе ў апошні момант.
Выправілася, значыць, так, без каскі: трохі патэпаю, потым — прылягу, агледжуся, усё запомню і далей іду...
Але ж раптам чую — сава над галавой. Што здзівіла — голас падае сярод белага дня. І як быццам не свой? Да таго ж у Барку і савіных гнёздаў «не назіралася»?
Пакуль я разважала, што б гэта значыла, на мяне наляцелі «гестапаўцы»:
— Хальт! — крычаць з усіх бакоў, потым бяруць пад белыя ручкі і валакуць у «фашысцкае логава».
— Лазутчыцу ўзялі! — дакладваюць іхняму галоўнаму.
— Пароль! — патрабуе той, седзячы на пяньку і смалячы самакрутку.
— Ды нізавошта! — геройствую я.
— А мы зараз паглядзім, — зверам глядзіць галоўны і дадае, — Хлопцы, усыпце ёй.
Прыслужнікі тут жа:
— Яволь! — І давай мяне калашмаціць.
Я плачу, крычу, адбіваюся, але ж каб сваіх здаваць, — то ні ў якім разе!
Тады за допыт бярэцца галоўны:
— Кіньце, — кажа сваім падначаленым, — Я зараз сам... Вось прыпяку ёй лоб папяросай...
І падымаецца з пянька. У тры разы вышэйшы...
Тут мне па-сапраўднаму стала страшна і, калі б я ведала той пароль, то, напэўна, сказала б. А пакуль што гучна зараўла:
— Я ўсё татку скажу! Вось пабачыце...
У тыя гады падобная заява спрацоўвала амаль стапрацэнтна, бо крыўдзіць малых у вёсцы не дазвалялася. За гэта і чужы нейчы бацька мог аддубасіць, і свой потым добра дабавіць.
Мусіць, таму маю пагрозу пачулі. Галоўны загадаў «жандарам»:
— Дайце ёй пад с... (самі ведаеце, пад што) і няхай шыбуе.
Прыслужнікі яшчэ раз ляпнулі «яволь» і, відаць, з задавальненнем выканалі б гэты загад, але я ўжо ўсхапілася і пабегла так, — з сабакамі не дагналі б!
...У атрадзе мяне чакалі. Аддыхаўшыся, я выклала ўсю сабраную мной інфармацыю пра сілы праціўніка. Яна аказалася вельмі важнай. Да таго ж я сказала Муліку, што варожыя назіральнікі дзяжураць на дрэвах і пэўныя сігналы падаюць савіным крыкам.
— Ты чаму так думаеш? — папытаўся Мулік і, выслухаўшы адказ, дадаў, — малайчына, Сонька!
Першы раз па імені назваў, бо я ўсё вызнала і пароль не здала.
Вось гэта была гульня! А то — «вайнушка», «танчыкі»...
Соф'я КУСЯНКОВА,
в. Лучын, Рагачоўскі раён
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/vyasyolyya-gistoryi
[3] mailto:dounar@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/vyasyolyya-gistoryi-chytachou