Пластыкавыя бутэлькі, пакеты, бляшанкі з-пад кансерваў, упакоўкі ад чыпсаў і нават бялізна — такі «ўлоў» валанцёраў, якія прынялі ўдзел у старце рэспубліканскай акцыі «Чысты вадаём» на Пятровіцкім вадасховішчы ў Смалявіцкім раёне. Акцыя праводзіцца Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў ужо чацвёрты год запар.
«Свядомыя людзі прыбіраюць смецце, несвядомыя — пакідаюць яго, — падзяліўся сваімі назіраннямі старшыня БТПР Юрый Шумскі. — Вядома, што чыста там, дзе не смецяць. Але варта аднаму чалавеку выкінуць нешта на бераг вадаёма, як у яго знаходзяцца паслядоўнікі, абывацель разважае так: калі яму можна, то і мне таксама. Арганізуючы гэтую акцыю, мы стараемся прыцягнуць увагу грамадскасці, кожнага чалавека да праблемы забруджвання навакольнага асяроддзя».
Супрацоўнікі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь таксама ўдзяляюць увагу прафілактыцы і інфармаванню насельніцтва. Начальнік Дзяржінспекцыі Сяргей Новікаў расказаў, што з адкрыццём пляжнага сезона яго супрацоўнікі ў суботу і нядзелю выязджаюць у рэйды на сацыяльна значныя вадаёмы. «Спачатку мы тлумачым людзям нормы закона, просім добраахвотна прыбраць пасля сябе смецце, і толькі калі чалавек адмаўляецца, тады штрафуем і ўжо максімальна — да 20 базавых велічынь», — растлумачыў Сяргей Новікаў.
У першы дзень акцыі «Чысты вадаём» сумеснымі намаганнямі ўсіх удзельнікаў прыведзена ў парадак каля 6 кіламетраў берагавой лініі Пятровіцкага вадасховішча, сабрана і вывезена на палігон цвёрдых камунальных адходаў больш за 8 кубічных метраў смецця.
Сёлета акцыя будзе доўжыцца да 28 красавіка. БТПР запрашае ўсіх неабыякавых да прыроды грамадзян прыняць удзел у мерапрыемствах па навядзенні парадку на берагах вадаёмаў. З графікам правядзення акцыі можна азнаёміцца на сайце таварыства.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/subotnik
[4] https://zviazda.by/be/tags/smecce
[5] https://zviazda.by/be/tags/chysty-vadayom
[6] https://zviazda.by/be/tags/valancyor-0