Сітуацыя ў эканоміцы і фінансах, дрэваапрацоўка і развіццё сельскай гаспадаркі Гомельскай вобласці — гэтыя тэмы сталі ключавымі падчас рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй праўлення Банка развіцця Сяргеем Румасам.
— Я хацеў бы, каб вы мне ахарактарызавалі сітуацыю ў эканоміцы і, натуральна, у «крывяноснай сістэме» нашай эканомікі — у фінансах, — звярнуўся Прэзідэнт да суразмоўцы. — Як прафесійны банкір, як фінансіст і як чалавек, які ва ўрадзе прапрацаваў нямала, вы гэта адчуваеце. Я хацеў бы без усялякіх разлікаў, табліц — вашы ўнутраныя перакананні і настроі, звязаныя з сітуацыяй у эканоміцы і фінансах. Магчыма, у вас будуць нейкія факты, якія насцярожваюць, — калі яны ёсць, я хацеў бы, каб вы мяне папярэдзілі. Гэта будзе вельмі важна для прыняцця рашэнняў у будучыні. Ваш пункт гледжання або ацэнка, што трэба было б зрабіць у гэтым плане Нацыянальнаму банку, магчыма, і ўраду — каб вы таксама маглі мяне зарыентаваць, тым больш што я вас прасіў, каб вы трымалі руку на пульсе і пастараліся акумуляваць сітуацыю, якая адбываецца ў банкаўскім асяроддзі.
Кіраўнік дзяржавы таксама папрасіў Сяргея Румаса расказаць і пра сітуацыю ў дрэваапрацоўчым холдынгу краіны. Апошні падначалены Банку развіцця і ўключае ў сябе дзевяць вядучых прадпрыемстваў галіны ў краіне: «Барысаўдрэў», «Віцебскдрэў», «Гомельдрэў», «Івацэвічыдрэў», «Мастоўдрэў», «Рэчыцадрэў», «ФанДАК», «Магілёўдрэў», «Мазырскі ДАК».
Размова праходзіла пасля паездкі кіраўніка дзяржавы ў Гомельскую вобласць, дзе адбылася сустрэча з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Пралятаючы над Палессем, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на стан палёў. Паколькі Сяргей Румас родам з Гомельшчыны, Прэзідэнт пацікавіўся ходам сельскагаспадарчых работ там:
— Вы памятаеце, мы пачыналі некалі эпапею па адраджэнні на Палессі самай ураджайнай зямлі, у нас яе няшмат. Яна багацейшая, чым чарназём... Што там адбываецца? Увогуле, што землякі кажуць? Можа, нам яшчэ нейкія захады трэба зрабіць там, на Палессі, — наколькі гэта магчыма?
Я толькі што вярнуўся адтуль, бачу, што там адбываецца. Нам трэба на меліяраваных землях вельмі сур'ёзна падыходзіць да севазвароту.
Сяргей Румас далажыў пра вынікі работы Банка развіцця за мінулы год і першы квартал бягучага года, уключаючы даччыныя арганізацыі банка і тыя прадпрыемствы дрэваапрацоўкі, якія былі перададзены банку ў кіраванне. Кіраўнік дзяржавы ўхваліў асноўныя палажэнні стратэгіі развіцця гэтых прадпрыемстваў.
«У найбліжэйшы час з улікам патрабаванняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь мы ўнясём стратэгію на зацвярджэнне выканаўчых органаў банка, — паведаміў журналістам старшыня праўлення Банка развіцця. — Таксама кіраўнік дзяржавы падрабязна заслухаў справаздачу пра выкананне функцый сацыяльнай адказнасці банка. Усе праекты, якія мы рэалізуем, былі падрабязна ім разгледжаны, у прыватнасці праект «Школьны аўтобус». Кіраўніка дзяржавы цікавіла, як прасоўваецца гэтая праграма».
Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] mailto:yushkevich@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rumas
[6] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka