Пункт пропуску “Лясная Рудаўка” на Аўгустоўскім канале набыў новы статус: акрамя воднікаў, перасякаць беларуска-польскую мяжу турысты змогуць пешу і на ровары. Першымі адкрылі рух прадстаўнікі дэлегацыі Гродзенскай вобласці (Беларусь) і Падляскага ваяводства (Польшча) на чале з кіраўнікамі рэгіёнаў.
Адпаведнае пагадненне ў польскім Аўгустове было заключана непасрэдна перад ўрачыстым стартам. Пасля падпісання дакументаў кіраўнікі разам перасяклі мяжу ў пункце пропуска на роварах.
Першых турыстаў урачыста сустрэлі музычныя калектывы, як на польскім, так і беларускім баку. Нягледзячы на дождж, які накропваў, многія аддалі перавагу веласіпеднаму руху, у тым ліку і гродзенскі старшыня Гродзенскага аблвыканкама. Уладзімір Краўцоў адзначыў, што для яго перасячэнне мяжы было камфортным. Прыхільнікаў веларуху становіцца усе больш, і ў аматараў здаровага ладу жыцця з’яўляюцца новыя магчымасці.
Уладзімір Краўцоў адзначыў, што змяненне статуса спрошчанага пункта пропуска – гэта яшчэ адна магчымасць павялічыць колькасць турыстаў, якія прыбудуць на тэрыторыю Гродзенскага края, у прыватнасці Гродна і Аўгустоўскага канала, дзе дзейнічае безвізавы рэжым.
— Раней праз гэты пункт пропуска можна было толькі па вадзе праплыць, — падкрэсліў Уладзімір Краўцоў, — зараз праз шлюз змогуць прайсці пешыя і велатурысты. За апошні год уздоўж канала пракладзена нямала турыстычных маршрутаў для веласіпедыстаў. Мы накіраваны на тое, каб надалей гэта развіваць, бо велатурызм вельмі папулярны ў Еўропе. А літаральна ў кіламетры адсюль праходзіць два еўрапейскіх веламаршрута са Скандынавіі ў Паўднёвую Еўропу. Зараз ў падарожнікаў з’явілася магчымасць завярнуць і да нас.
На думку Краўцова, госці змогуць адкрыць для сябе беларускую частку канала з яго цудоўнай прыродай, убачыць культурную і гістарычную спадчыну края. На канале нядаўна пачаў дзенічаць музей, ідзе рэканструкцыя былога палаца Валовічаў у Свяцку, адкрываюцца новыя аграсядзібы. Пакуль іх недастаткова, але попыт падштурхне інвестараў, упэўнены Ўладзімір Краўцоў.
Гэты накірунак падтрымаў і польскі калега. Маршалак Падляскага ваяводства Ежы Ляшчынскі заўважыў, што зроблены яшчэ адзін важны крок у супрацоўніцтве ў сферы турызму, якім будуць актыўна карыстацца не толькі палякі, але і жыхары іншых краін Еўрасаюза.
Новыя магчымасці перасячэння беларуска-польскай мяжы павінны актывізіраваць зносіны ў розных напрамках агульнай дзейнасці, зазначылі прадстаўнікі абодвух бакоў. У гэты ж дзень упершыню падпісана пагадненне па супрацоўніцтву паміж рэгіёнамі. Сумесных планаў нямала, у першую чаргу, у тырыстычнай сферы. Так, наступным крокам, стануць намаганні па адкрыццю аўтамабільнага пункта пропуска ў зоне Аўгустоўскага канала “Сафіёва-Ліпчаны”, які дазволіць ў два разы скараціць рух ад Гродна да Аўгустова.
Адным з тых, хто прыбыў на новы пункт пропуска на канале, з’явіўся польскі турыст з Беластока. Яраслаў Міхайлоўскі даведаўся аб адкрыцці новога руху з мясцовых СМІ, і выкарыстаў такую магчымасць, каб пабываць на беларускай частцы канала і ў Гродне, аб якіх многа чуў ад сваяка.
— Прыезду паспряла і тое, што не трэба афармляць візу, — расказаў Яраслаў Міхайлоўскі, — я даўно марыў убачыць усе шлюзы на канале, як з польскага, так і беларускага боку. Мой старэйшы сваяк расказваў некалі, як яшчэ перад вайной ездзіў да Нёмана па веласцежкам, я даўно марыў паўтарыць яго вандроўку”.
Даведка. Пункт пропуска “Лясная-Рудаўка” на пагранічным шлюзе Кужынец Аўгустоўскага канала будзе працаваць з 28 красавіка да 1 кастрычніка, з 8.00 да 20.00. Сёлета упершыню перасячы мяжу змогуць як турысты-воднікі (на байдарках альбо маламерных судах), так і пешахады і велатурысты.
Перасячы мяжу турысты змогуць без папярэдняга заяўчага прынцыпу. Пагранічны кантроль будзе займаць 2 хвіліны, а прапускная здольнасць пункта пропуска практычна не абмежавана.
Пункт пропуска размешчаны на тэрыторыі пагранічнай заставы. Прыбыць сюды можна як па вадзе, так і па веламаршруту ўздоўж канала. Непадалеку ад пункта пропуска, на шлюзе Валкушак, будзе працаваць пагранічны нарад, які справадзіць турыстаў да пераходу.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота Віталя Дзярнейка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/turyzm
[4] https://zviazda.by/be/tags/turysty
[5] https://zviazda.by/be/tags/grodna
[6] https://zviazda.by/be/tags/augustouski-kanal