Песні мінскага дуэта «Thе Vіоlеnt Yоuth» можна знайсці ў многіх папулярных музычных суполках у сацыяльных сетках. Але паверыць у тое, што гэта запісы нашых землякоў, досыць складана. Бездакорнае англамоўнае гучанне тэкстаў у спалучэнні з простымі рамантычнымі мелодыямі сінтэзатара — галоўная рыса дуэта, якая робіць яго непадобным на астатніх беларускіх музыкантаў-пачаткоўцаў.
Артур Цымбал (вакал, сінтэзатар) — настаўнік англійскай мовы, Пётр Федзічаў (гітара) — асвятляльнік на кінастудыі. Па іх словах, яны вядуць жыццё звычайных мінскіх хлопцаў узростам крыху за дваццаць: ходзяць штодня на працу, у выхадныя любяць адпачыць дзе-небудзь у горадзе. А музыка для іх — сур'ёзнае хобі, на якое яны трацяць не толькі вольны час, але і немалыя грошы. Прынамсі, два паўнавартасныя альбомы і некалькі сінглаў былі запісаныя выключна на ўласныя зберажэнні ўдзельнікаў дуэта.
— У любой справе галоўнае — жаданне і шчырая адданасць таму, што робіш. У нас нават няма музычнай адукацыі, мы вучыліся іграць на інструментах самастойна, але хіба сёння гэта мае значэнне? — разважае 23-гадовы Артур.
— Я заўважаю, што ў многіх маіх равеснікаў шаблоннае мысленне наконт уласнага жыцця: школа — універсітэт — праца. Яны баяцца рызыкаваць дзеля сваіх інтарэсаў, — падхоплівае думку 21-гадовы Пеця. — Мне здаецца, што, калі ўзнікае нейкае жаданне, трэба кідаць усе сілы на яго ажыццяўленне. Ці ёсць у нас гарантыя, што аднойчы мы станем «суперзоркамі»? Няма, але мы робім усё магчымае для гэтага.
Так, хлопцы адкладвалі грошы з кожнай зарплаты на запіс другога альбома «Dіsсоthеquе» (ён выйшаў у лістападзе 2016 года). «А як інакш, калі няма спонсараў, але ёсць мара?» — разважаюць яны. Затое цяпер іх можна паслухаць не толькі на выступленнях, але і ў любы час, бо ўсе запісы ёсць у інтэрнэце.
Дарэчы, менавіта сеціва дапамагло маладым музыкантам знайсці сваіх слухачоў. З-за таго, што іх песні нельга аднесці ні да аднаго з класічных музычных кірункаў, адразу выступаць перад публікай яны б не змаглі.
— Складана дакладна вызначыць стыль нашай музыкі — гэта і сінці-поп, і індзі-поп, і так званая новая хваля, папулярная ў 1980-х. Карацей, у нашых кампазіцыях сканцэнтравалася ўсё тое, за што мы любім творчасць іншых гуртоў, — расказвае вакаліст. — Прыемна, што знайшліся тыя, каму творчасць дуэта прыйшлася даспадобы. І хоць фанаты нас пакуль што не пераследуюць, ёсць пэўная колькасць хлопцаў і дзяўчат, якія прыходзяць на ўсе нашы выступленні.
Што цікава, песні на англійскай мове Артур (ён аўтар усіх тэкстаў) піша не спецыяльна: «Можа, з-за таго, што на рабоце па сем гадзін у дзень даводзіцца размаўляць па-англійску, падчас напісання чарговага тэксту ў галаву лезуць радкі толькі на замежнай мове». У любым выпадку сучасная беларуская моладзь — а дуэт арыентуецца ў першую чаргу на маладых слухачоў — разумее тэксты песень. Таксама музыканты адзначаюць, што англійская мова — гэта шанц быць пачутымі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Напрыклад, зусім нядаўна іх кампазіцыя гучала ў ратацыі перуанскага радыё.
— Нашы песні пра тое, што хвалюе моладзь, — каханне і пошукі сябе ў гэтым свеце. Што да назвы (перакладаецца з англійскай як «жорсткая моладзь»), то яна зусім не сімвалічная, выбралі мы яе выпадкова. Гэта была першая фраза, якая трапіла мне на вочы ў момант, калі трэба было даць назву дуэту. Мы з Пецем зусім не жорсткія, хутчэй, наадварот, светлыя і пушыстыя! — дзеліцца Артур.
За плячыма ў хлопцаў ужо нямала выступленняў, але кожны раз перад выхадам на сцэну яны ўсё адно хвалююцца і таму трапляюць у смешныя сітуацыі падчас канцэртаў. Артур, напрыклад, часта забывае пра мікрафон, які стаіць каля сінтэзатара, і б'ецца аб яго галавой.
— А я ўвогуле на першым канцэрце адыграў адну песню на выключанай гітары, — успамінае са смехам Пеця. — Так баяўся памыліцца, што нават нічога не чуў! Затое цяпер мне навука на ўсё жыццё: правяраць кожны раз, ці падключаны інструмент.
Ганна Курак, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-kurak
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[7] https://zviazda.by/be/tags/muzykant
[8] https://zviazda.by/be/tags/violent-youth