У спорце ён ужо каля 30 гадоў, сёння Сяргей без сумненняў самы вядомы лыжнік нашай краіны. У яго кар'еры было шэсць Алімпійскіх гульняў, але не было алімпійскіх медалёў. Усе гады, якія ён правёў у зборнай, Далідовіч быў у статусе лідара, а пасля Гульняў-2014 у Сочы стаў для сваіх калег трэнерам, але неўзабаве ўсё ж сам вярнуўся на лыжню. У гэтым сезоне пасля чэмпіянату свету спартсмен прыняў канчатковае рашэнне паставіць лыжы ў кут, але спорт пакідаць не спяшаецца. Пасля завяршэння кар'еры прайшоў усяго месяц, мы сустрэліся з Сяргеем, каб даведацца, як ён правёў гэты час, і пагаварыць пра далейшыя перспектывы лепшага лыжніка краіны.
— Сяргей, развітвацца са спортам балюча для любога спартсмена?
— Так. Можа, мне троху лягчэй, таму што я плаўна да гэтага ішоў, хацеў заканчваць кар'еру яшчэ два гады таму, пасля Алімпіяды ў Сочы. Потым памяняліся некаторыя абставіны, і на год я яшчэ вырашыў застацца, але цяпер маё рашэнне канчатковае. Можна сказаць, два сезоны працаваў гуляючым трэнерам у мужчынскай камандзе, гэта быў бясцэнны вопыт, у якім мне штосьці спадабалася, штосьці не. Але калі б зараз прапанавалі такую ж ролю, я адмовіўся б, бо зразумеў: на двух крэслах уседзець немагчыма.
Цяпер прайшоў усяго месяц з таго моманту, як я перастаў трэніравацца, 1 красавіка яшчэ бег марафон. Але гэта, дарэчы, калі не лічыць маіх трохгадзінных шпацыраў з дзіцячай каляскай, калі малодшая дачка спіць. Мае трэніроўкі зараз, напэўна, выглядаюць менавіта так.
— Назад не цягне?
— Вясной, пасля цяжкага сезона мала ў каго ўзнікае жаданне вярнуцца да трэніровак, нават у дзеючых спартсменаў. Зараз у лыжнікаў яшчэ ідзе асэнсаванне вынікаў сезона. Але хутка, думаю, мяне пачне ламаць, арганізм за столькі гадоў прывык да сур'ёзных фізічных нагрузак.
— Нават на інтэрв'ю вы прыйшлі з сям'ёй, цяпер больш часу ўдзяляеце родным?
— Ды я наогул вельмі сямейны чалавек і заўсёды ім быў. У мяне тры дачкі, малодшая яшчэ зусім маленькая, мне цікава назіраць за яе сталеннем, як яна спазнае гэты свет, колькі адкрыццяў для яе на кожным кроку. З іншымі дзецьмі ў мяне такой магчымасці не было, спорт адбіраў вельмі шмат эмоцый, таму што ў паўсілы я ніколі не працаваў.
Біяграфічная даведка
Сяргей Далідовіч нарадзіўся 18 мая 1973 года ў Оршы. У Кубку свету дэбютаваў у 1993 годзе, у сакавіку 2001-га атрымаў сваю першую і адзіную перамогу на этапе Кубка свету. Лепшым дасягненнем у агульным выніковым заліку з'яўляецца 31-е месца ў сезоне 2000/01.
За сваю кар'еру прымаў удзел у 6 Алімпіядах (1994—2014) і 12 запар чэмпіянатах свету (1995—2017). Лепшы вынік на Гульнях паказаў у 2014 годзе ў Сочы — 5-е месца ў мас-старце на 50 км. На чэмпіянатах свету выходзіў на старт у 34 дысцыплінах. Лепшы вынік — 4-е месца ў скіятлоне на 30 км на чэмпіянаце свету 2011 года.
— Які перыяд вашай кар'еры запомніўся больш за ўсё?
— Напэўна, першыя перамогі. Вядома, асобна стаіць вікторыя этапу Кубка свету ў 2001 годзе, з ёй не параўнаецца ні 5-е месца на Алімпіядзе ў Сочы, ні іншыя добрыя выступленні. Наогул за кар'еру ў мяне было 3 подыумы (подыум у лыжным спорце — гэта першыя 6 месцаў) чэмпіянату свету, гэта сур'ёзны ўзровень, але калі ты менавіта першы — гэта заўсёды іншае. Няважна — на чэмпіянаце рэспублікі ці свету.
— Гады лічылі, колькі вы ўжо ў спорце?
— У прафесійным, можна лічыць, што з 7-га класа, калі я пайшоў у спартыўны інтэрнат і пачаў рабіць свае першыя сур'ёзныя крокі, стаў трэніравацца разумна. Прыйшлі першыя поспехі, і тады я зразумеў, што магу паказваць годныя вынікі. У мой час не было меркантыльных інтарэсаў у спорце, як у цяперашняга пакалення. Калі заканчвалі 10-ы клас, настаўніца папрасіла напісаць у запісках, чаго хацеў бы дамагчыся кожны з нас. Я напісаў, што хачу трапіць у зборную СССР і выканаць майстра спорту. У зборную Саюза трапіць не паспеў па часавых рамках, але калі б СССР пратрымаўся яшчэ хоць бы год, то ў юніёрскай камандзе быў бы дакладна.
— Што напісалі б у такой запісцы цяпер?
— Быў бы ўжо менш сціплы, пажадаў бы быць як мінімум прызёрам чэмпіянатаў свету і Алімпійскіх гульняў. Цяпер тыя нашы жаданні выглядаюць смешна, мне здаецца, сучасныя дзеці мараць мець усё і адразу. І гэта, дарэчы, на мой погляд, вялікая праблема сёння. У нас былі зусім іншыя арыенціры, а цяпер па сваіх дзецях бачу, што ім нашмат цяжэй пераварваць інфармацыю і дамагацца чагосьці, вакол шмат спакус — гаджэты, інтэрнэт.
— Але і ў ваш час былі спакусы, можа, крыху іншыя...
— Так, усе парушалі рэжым, тут няма чаго хаваць. І зараз, і тады. Але калі б я моцна захапляўся гэтымі парушэннямі, то столькі гадоў не бегаў бы. Спакусы, кампаніі існавалі заўсёды, але мяне гэта неяк абмінула. У 7-м класе я, дзякуй Богу, з'ехаў з роднага горада — Оршы, тады там была вельмі напружаная крымінагенная абстаноўка. Многія мае сябры адтуль ужо скончылі сваё зямное жыццё.
— За вашымі плячыма шэсць Алімпіяд, якая з іх стала асаблівай?
— Асабняком, напэўна, стаяць першая і апошняя. У Нагана ў 1998-м мне было 25, а ў Сочы ў 2014-м — 40, таму гэта дзве розныя рэчы, немагчыма нават параўноўваць. Першыя Гульні — гэта адкрыццё, а ўсе астатнія — толькі параўнанне. Усё маё жыццё мералася алімпійскімі цыкламі, нягледзячы на гэта, яно было вельмі яркім, усе моманты памятаю, яны непаўторныя. Напэўна, буду настальгаваць.
— На Алімпіядзе ў Сочы, дзе вы сталі пятым, наперадзе аказаліся расіяне Лягкоў і Выглежанін, якія цяпер падазраюцца ва ўжыванні допінгу. Гэта значыць, магчыма, яны скралі ў вас алімпійскі медаль?
— У мяне наогул няма ніякіх думак з гэтай нагоды. За хлопцаў крыўдна. Пакуль па іх пытанні не вынеслі ніякіх рашэнняў, да канца 2017 года, можа, паўстане яснасць. Штосьці зменіцца ў маім жыцці, калі я атрымаю алімпійскі медаль? Вядома, не. Адна справа, калі ты атрымліваеш узнагароду адразу пасля гонкі і разумееш, што на алімпійскім п'едэстале, а іншая, калі прайшло ўжо 4 гады. Я заўсёды імкнуўся быць першым, перамагчы, аказацца на п'едэстале і лічу, што годна прадстаўляў сваю краіну шмат гадоў. Сказаць, што вось гэты медаль можа змяніць гісторыю маёй кар'еры ў такім узросце, пры такой колькасці гонак — не.
— Спартсмен можа хутка стаць любімчыкам публікі і адным правалам так жа хутка трапіць у няласку, з вамі такое было?
— Шмат хто праходзіць праз выпрабаванне славай, але ў мяне яе, як такой, і не было. Нават пасля перамогі на Кубку свету 16 гадоў таму. Тады гэта ўспрынялі неяк спакойна, можа, гэта было настолькі нечакана, што прайшло міма прэсы і балельшчыкаў. Цяпер, напэўна, было б зусім па-іншаму.
Практычна пасля кожнай гонкі ў сеціве з'яўляліся каментарыі, і я зараз схлусіў бы, калі б сказаў, што не чытаю форумы. Але ўспрымаць усё, што там пішуць, за чыстую манету таксама нельга. Выдатна разумею, што немагчыма добра бегаць заўсёды, выступаць зусім дрэнна — сорамна. Прыязджаць і займаць апошнія месцы — дрэнна. Але, напрыклад, бегаць на чэмпіянаце свету ці Кубку свету і трапляць у 30-ку, лічу, гэта нармальны сярэдні вынік.
— Вы ўжо атрымалі невялікі вопыт трэнерскай работы. Цяпер можаце параўнаць, што складаней — быць спартсменам ці трэнерам?
— Уся справа ў меры адказнасці. Трэнеру нашмат складаней, я вельмі моцна перажываў, калі працаваў настаўнікам, без перабольшання, кожную раніцу ўставаў і думаў, што неабходна зрабіць, каб палепшыць вынікі хлопцаў. Кожную трэніроўку, кожны дзень прапускаецца праз сябе, і, калі бачыш, што нешта не атрымліваецца, вельмі цяжка. Калі ў гэтым сезоне аднавіў кар'еру спартсмена, у мяне застаўся толькі адзін выхаванец, стала нашмат прасцей. Куды больш прыемна быць спартсменам, чым трэнерам.
— На ваш погляд, якой галоўнай якасцю павінен валодаць настаўнік?
— Самае важнае — гэта быць на адной хвалі са сваім выхаванцам, не трэба сябраваць, не трэба панібрацкіх адносін, павінны быць агульная мэта і адна хваля.
— Дочкі пайшлі па вашых слядах...
— І я не працівіўся гэтаму. Старэйшая ў нас спачатку займалася канькамі, сярэдняя — бадмінтонам, але абедзве ўсё роўна прыйшлі да лыжнага спорту. Раней яны наогул не ўспрымалі мяне як трэнера, а зараз старэйшая стала прасіць аб дапамозе, ужо прымаюць нейкія парады, прыслухоўваюцца да падказак.
— Вернемся да пачатку нашай размовы, вы скончылі спартыўную кар'еру, што далей?
— У мяне толькі адзін варыянт — спорт. Што я магу рабіць яшчэ, дзе быць карысны? Мне здаецца, толькі трэніраваць, а ці запросяць мяне на гэтую работу, пакуль невядома, усё вырашыцца літаральна на днях. Калі трэнерам не паклічуць, буду трэніраваць дачок, ды і пенсію я сабе ўжо зарабіў — 27 гадоў стажу. Яна, напэўна, невялікая, як і ва ўсіх людзей, але пенсіянеры ж неяк жывуць, чаму я не змагу?
— Праз тыдзень вам 44, не страшна ў гэтым узросце ўжо адчуваць сябе пенсіянерам?
— Мяне ўжо даўно ім завуць, але на апошнім чэмпіянаце свету пенсіянер абыграў усіх сваіх маладых таварышаў па камандзе і многіх замежных спартсменаў. Я ўжо спакойна да гэтага стаўлюся. Раней, калі называлі ветэранам, мяне гэта крыху закранала, таму што першая асацыяцыя была з ветэранамі вайны. Мы ж выраслі на вялікай перамозе, два мае дзяды прайшлі вайну, вось яны ветэраны, а я проста доўгажыхар у спорце.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lobazhevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/alimpiec
[5] https://zviazda.by/be/tags/sport
[6] https://zviazda.by/be/tags/syargey-dalidovich
[7] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni
[8] https://zviazda.by/be/tags/lyzhniki