Згодна з умовамі [3] правядзення нашага творчага конкурсу, прыём «проб пяра» ад юных і маладых няштатных аўтараў быў завершаны ў пачатку месяца. Усяго іх паступіла некалькі дзясяткаў. На жаль, не ўсе дасланыя работы адпавядалі заяўленым патрабаванням, тым не менш, лепшыя з іх з'яўляліся на старонках «Чырвонкі. Чырвонай змены» па-за конкурсам — у якасці звычайных журналісцкіх матэрыялаў. Па традыцыі пэўная колькасць «проб пяра» паступіла ў апошні момант. Таму ў наступных нумарах маладзёжнага дадатку мы працягнем друкаваць найлепшыя з іх. Нагадваем, што вынікі конкурсу будуць падведзены да пачатку ўступнай кампаніі, каб пераможца ці пераможцы, калі яны сёлета збіраюцца паступаць на журфак, змаглі апроч памятных прызоў атрымаць ад рэдакцыі яшчэ і рэкамендацыю, а іншыя ўдзельнікі — публікацыі для свайго партфоліа. Сачыце за «Чырвонкай. Чырвонай зменай»!
...На карме карабля лунае сцяг. Выратавальныя шлюпкі, гарматы, катапульты, катары — усё гатова, і, здаецца, вось-вось італьянскі крэйсер «Пола» спусціцца на марскую роўнядзь і зноў, як у часы Другой сусветнай вайны, прыступіць да ваенных дзеянняў. Але гэтага не адбудзецца, бо перад намі ўсяго толькі дакладная копія карабля, паменшаная ў 350 разоў, якую зрабіў юны маладзечанец Арцём Шахно.
У цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» яго прывёў тата Віталь Станіслававіч, які кіруе гуртком «Тэхнічнае мадэляванне». Першую мадэль — карабель з пластыку — пяцігадоваму Арцёму дапамагалі рабіць старэйшыя і больш вопытныя навучэнцы. З часам хлопчык так захапіўся мадэляваннем, што стаў наведваць і іншыя гурткі пад кіраўніцтвам Мікалая Мікалаевіча Хрэшчыка. У дванаццаць гадоў юнак стаў кандыдатам у майстры спорту. А нядаўна выканаў нарматыў майстра спорту і пры яго пацвярджэнні атрымае гэтае званне.
За дзесяць гадоў Арцём сабраў вялікую колькасць узнагарод: 35 медалёў, 6 кубкаў, каля 100 грамат. Неаднаразова ўдзельнічаў у рэспубліканскіх спаборніцтвах, а летась стаў прызёрам чэмпіянату Еўропы па стэндавым мадэлізме.
Калі я папрасіла Арцёма падлічыць заробленыя ім мадэлі, ён на хвіліну задумаўся, уяўляючы свой «флот», але ў выніку адказаў: «Вельмі шмат, іх нерэальна падлічыць».
— Усім, хто плануе заняцца мадэляваннем, я хачу пажадаць цярплівасці, таму што без яе ў такой справе не абысціся, — кажа юнак.
Каб пабудаваць адзін карабель, патрэбны год, а то і два. Так, шмат часу неабходна, каб зрабіць поўную копію, паўтарыць кожную дэталь да дробязяў, а іх можа налічвацца да трохсот. Да таго ж, усё трэба зрабіць акуратна і якасна.
— Перш чым пачынаць работу, я вывучаю інфармацыю пра рэальны карабель: год пабудовы, у якіх бітвах удзельнічаў і г. д. Потым ідзе чытанне чарцяжа. Асаблівую ўвагу трэба надаць колерам і дробным дэталям, — расказвае Арцём.
А яшчэ юнак робіць дыярамы — аб'ёмныя выявы батальных сцэн. Адна з апошніх работ — рэканструкцыя марскога порта з прычаламі, караблямі, экіпажам і парусным партугальскім суднам «Sаgrеs» у цэнтры. З гэтай дыярамай Арцём Шахно стаў пераможцам першынства Мінска і Мінскай вобласці па суднамадэльным спорце «Абаронца Айчыны — 2017».
Зараз Арцём збірае мадэль амерыканскага карабля «Арызона» і мае намер удзельнічаць у чэмпіянаце свету.
Акрамя мадэлявання юнак займаецца пляжным валейболам, абараняе гонар школы ў раённых турнірах.
— Не куру і нікому не раю, выбірайце спорт і актыўны адпачынак! — заклікае аднагодкаў да здаровага ладу жыцця наш герой.
Пра аўтара
Гэта ўжо другая па ліку работа 17-гадовай аўтаркі на наш творчы конкурс (умовамі яго правядзення гэта дазваляецца). Нагадаем, сёлета дзяўчына збіраецца паступаць на журфак.
— Мне падабаецца шукаць новых герояў, пра якіх цікава пісаць і, спадзяюся, чытаць, — гаворыць Ангеліна. — Пра сябе магу дадаць, што люблю чытаць творы англійскіх пісьменнікаў, асабліва Марыі Карэлі. Слухаю класіку рока: «Queen», «The Beatles», «Scorpіons», «Pіnk Floyd» і г. д.
Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ, вучаніца 11 класа СШ №11 г. Маладзечна
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] http://zviazda.by/be/news/20161019/1476885274-chyrvonka-abvyashchae-ab-pachatku-chargovaga-tvorchaga-spabornictva
[4] https://zviazda.by/be/tags/ya-malady-i-mne-ne-usyo-rouna-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0