Ён — лідар, адзін з самых знакамітых прадстаўнікоў школы сучаснай графікі Беларусі. Яго творчасць, інтэлектуальная і захапляльная, не можа пакінуць абыякавым ні дзяцей, ні дарослых. Яго фантазія невычэрпная, героі запамінальныя і абаяльныя. На творчым шляху мастак неаднаразова сутыкаўся з крытыкай сваіх твораў, але курс не змяніў — працягнуў адлюстроўваць фальклорных персанажаў такімі, як іх адчувае. Сёлета майстру споўнілася семдзесят гадоў, і мы аглядаем яго шлях да мастацтва.
— Вашы кніжныя ілюстрацыі захапляюць. Здаецца, што яны перанесеныя з дзяцінства…
— Калі вучыўся ў школе на радзіме, у вёсцы Коханава Віцебскай вобласці, сябраваў з дачкой мясцовага дырэктара школы. У гэтым мне і пашанцавала. Кніжак у той час я асабліва купіць не мог, бо жылі бедна, а на зарплату прыбіральшчыцы мама не магла дазволіць сабе набываць кнігі. А ў дырэктара школы было шмат добрых кніг, якімі часам дзялілася са мной яго дачка. Ды мама мая са школьнай бібліятэкі прыносіла розныя кнігі, якія я да гэтага часу памятаю. Напрыклад, казкі Братоў Грым з ілюстрацыямі Гюстава Дарэ. Гэта ўнікальнае выданне, пасля тых часоў больш і не бачыў такіх кніг нідзе. Мне спадабаліся ў ёй гравюры. Ужо тады, разглядаючы іх, думаў, якім чынам яны ствараюцца. Гэта быў узрост, калі я нават чытаць не ўмеў. Але ўсё роўна імкнуўся ўявіць аповед па малюначку.
— Як напаткалі думкі стаць мастаком?
— Першы клас я скончыў у Беларусі. Майго старэйшага брата размеркавалі на Урал, ён там ажаніўся і пасля забраў маму і мяне да сябе. У горадзе Златавуст я і пайшоў у школу, вучыўся да сёмага класа. Дарэчы, у гэты горад былі эвакуіраваны прадстаўнікі сталеліцейнай прамысловасці падчас вайны. Ён быў вялікі і вельмі дзіўны. У нашым класе вучылася палова татараў, палова рускіх. Цікавы час быў... Калі б застаўся там, адчуваю, жыццё павярнулася б па-іншаму. Але там быў дрэнны клімат, і маме стала складана. Мы вярнуліся на радзіму, купілі невялікую ўтульную хатку. І з таго часу не люблю вялікія памяшканні. Я паступіў у тэхнікум (трэба ж было пасля сёмага класа неяк уладкоўваць жыццё). Калі паступаў, не задумваўся: падабаецца прафесія ці не. Неяк давучыўся. Пасля заканчэння нават папрацаваць паспеў паўгода ў калгасе — механікам. Але ў гэтым не разбіраўся. Рабочыя хутка зразумелі, што я не валодаю патрэбнай інфармацыяй, нават спецыяльна ламалі запчасткі, каб я шукаў прычыну. А я не разумеў. І быў рады, калі прыйшла позва ў армію, хоць і думаў, што служыць не возьмуць: у той час у мяне ўжо не было ўказальнага пальца. Але бралі ўсіх. Да арміі таксама папрацаваў на Коханаўскім ільнозаводзе. Там, дарэчы, працаваў адзін са сваякоў Міхаіла Савіцкага, малады хлопец. Калі прывозілі лён, складалі яго ў скірды, і хлопец распавядаў, што яго сваяк — вельмі вядомы мастак у Мінску. Было цікава, я з захапленнем слухаў. Але ў той момант нават не падумваў звязаць сваё жыццё з мастацтвам. Не было мары стаць мастаком, хоць маляваў заўсёды.
Наогул, папрацаваць у такой нятворчай сферы было цікава. Я даведаўся гісторыі і лёсы многіх людзей. Яны надоўга засталіся ў памяці. З аднаго боку, досвед быў негатыўны, а з іншага — карысны. Цяпер мяне практычна немагчыма чымсьці здзівіць. Тым больш з часам дрэнныя ўспаміны знікаюць, застаюцца толькі добрыя.
— Што ж стала штуршком да павароту ў бок мастацтва?
— Пасля арміі па спецыяльнасці тэхніка-механіка працаваць я больш не пайшоў. А старэйшы брат мне дапамог уладкавацца кантралёрам на БелАЗ у Жодзіна. Ён мне быў як бацька, толькі яго слухаў. Мама са мной не заўсёды спраўлялася, а я быў вельмі шкодлівы. Калі б не брат, не ведаю, як склаўся б мой жыццёвы шлях. Кантралёрам мне таксама не вельмі падабалася працаваць, бо я павінен быў быць строгім, а ў мяне не заўсёды атрымлівалася. Працуючы, я часта маляваў і дзеля цікавасці паслаў у «Вожык» некалькі карыкатур, а іх узялі і надрукавалі. Тады на заводзе мяне сталі называць мастаком. Гэта натхніла. Вырашыў паспрабаваць паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут.
Мне вельмі пашанцавала, што ў прыёмнай камісіі быў прафесар Павел Канстанцінавіч Любамудраў. Я набраў з сабой малюнкаў, якія рабіў у войску: партрэты па фотаздымках. Любіў фантастыку, у мяне было шмат фантастычных пейзажаў. Паўлу Канстанцінавічу вельмі спадабалася, але ён спытаў: «Ты хоць “абнажонку” маляваць умееш?». Вядома ж, я не ўмеў. Прафесар адправіў мяне ў клас, паглядзець, як малююць аголеную натуру. І я злёгку зразумеў, як можна ўлавіць момант. Потым ён мяне накіроўваў у іспытах. Перад іспытам жывапісу сказаў: «Толькі чырвоны колер чырвонай фарбай не пішы. Трэба рознымі фарбамі чырвонага дамагчыся». А я паняцця не меў, як рознымі фарбамі можна прыйсці да аднаго колеру. Ён даў мне пэндзаль і паказаў, як змешваць палітру. Партрэт атрымаўся не вельмі якасны, а вось нацюрморт выйшаў добра. Справа дайшла да кампазіцыі, нам трэба было паказаць чалавека падчас працы. Я адразу ж успомніў свой досвед механіка ў калгасе, намаляваў карыкатурныя сюжэты, дзе адлюстраваў, як людзі капаюць бульбу, коней гоняць з поля. Экзамен прымаў Васіль Пятровіч Шаранговіч. Ён хадзіў па класе, глядзеў, як мы малюем, потым падышоў да мяне, паклаў руку на плячо і сказаў: «Ты ж не з’едзь нікуды». Я зразумеў: шанец ёсць. Па балах я быў другім залічаным у групу. І лічу, што мне вельмі пашанцавала. Калі б не паступіў, другі раз бы нават і не спрабаваў. Характар такі: не палезу больш у справу, якая не пайшла спачатку.
— Падчас вучобы ўпэўніліся, што зрабілі правільны выбар?
— Вучыцца было вельмі цікава. Адкрываліся новыя гарызонты. З фантазіяй у мяне заўсёды ўсё было добра, таму працаваць з кнігай было цікава. Маім дыпломным праектам стала ілюстраванне беларускай казкі «Удовін сын». А наогул нас схілялі звяртацца да сур’ёзных твораў — Янкі Купалы, Якуба Коласа. Але ў мяне такія творы не атрымлівалася рабіць пераканаўча. Нават да гэтага часу я стараюся не брацца за драматычныя кнігі. Па складзе розуму, тэмпераменце мне бліжэй ілюстраваць казкі або фантастычныя кнігі. Я люблю прыдумляць. Кніга «Удовін сын» атрымалася, потым яна была перакладзеная на мноства моў.
Цяпер я і сам выкладаю. Выкладаць мяне запрасілі ў 1997 годзе. Захопліваў працэс абмеркавання са студэнтамі працэсаў творчасці, вельмі падабалася ім дапамагаць. З часам у сістэме адукацыі шмат што змянілася. І сёння прад’яўляць студэнтам патрабаванні, якія былі ў нас, проста немагчыма. Гэта зусім іншыя людзі, яны па-іншаму думаюць. Але заўсёды ёсць студэнты, у якіх адразу бачыш добрага мастака. Вось, напрыклад, Кацярына Дубовік, мая дыпломніца. Часта кажа мне: «Валерый Пятровіч, а я калі толькі прыйшла вучыцца, ведала, што ў вас буду пісаць дыплом. Яшчэ ў дзяцінстве вашы ілюстрацыі да кніжак алоўкамі размалёўвала».
— А як прыйшлі да тэмы беларускай міфалогіі?
— Пасля дыплома трапляліся розныя кніжкі. Першая кніга была пра тое, як піянеры метал збіраюць. Прытым нельга было зрабіць палосных да яе ілюстрацый, патрэбныя былі аборачныя, а яны самыя нелюбімыя для мяне. Праз гэты этап трэба было прайсці, каб у далейшым зразумець, як хочаш працаваць. А вось другая кніжка «Піліпка-сынок», якая да гэтага часу для мяне з’яўляецца прыкладам, як можна кніжкі рабіць, была па душы. Пасля ж адно выдавецтва прапанавала зрабіць беларускую энцыклапедыю пра фальклор у двух тамах. І мне было так цікава! Кніга атрымалася вельмі прыгожай, але каб яе прынялі, давялося паслухаць нямала негатыўных каментароў. Хтосьці задаваўся пытаннем, што за чэрці на вокладцы, акцэнтуючы ўвагу на тым, што фальклор павінен быць добрым. Я ж стаяў на сваім меркаванні: маляваць на вокладцы толькі сонца — няма сэнсу, гэта не захапляе. А вось такія персанажы, як дамавікі, лесавікі, — жывыя, сапраўдныя. Дык гэтае ж выдавецтва, калі энцыклапедыя атрымала прызнанне ў Маскве, прапанавала мне зрабіць асобную кнігу пра маіх персанажаў. Я шмат чытаў замежнай літаратуры. Мне заўсёды падабалася чытаць пра эльфаў. Беларускі фальклор вельмі адрозніваецца ад замежнага. Ён менш рамантычны, аднак і ў нас ёсць прастор для фантазіі. Толькі ўспомніце пра русалак — палявых, паветраных, нават пра тых, якія на зіму абрастаюць белым мехам…
Кнігі, з якімі я працаваў, досыць часта падвяргаліся крытыцы. Казалі, што толькі чарцей магу маляваць. Але тое, што прыдумаў народ, нельга выкрасліць з гісторыі. Поспех да кніг з маімі ілюстрацыямі прыйшоў, дарэчы, не адразу. Цікава, што многія з кніжак, якія я рабіў гадоў дваццаць, трыццаць таму, сталі актуальнымі для чытача толькі цяпер.
— Ведаю, што перавагу ў творчасці вы аддаяце афорту...
— Афорт у нас выкладаў Уладзімір Пашчасцьеў. Ён здолеў мяне ім зацікавіць, таму што сам вельмі любіў. Афорт, як ён казаў, — гэта самая арыстакратычная графічная тэхніка, хоць і даволі працаёмкая і брудная. Працаваць з бензінам, керасінам, ацэтонам зможа далёка не кожны. Але мне з афортам так спадабалася вазіцца, што не перастаю захапляцца працэсам да гэтага часу. На Захадзе многія мастакі працуюць з фотапалімернай тэхнікай. Гэта калі афорты можна рабіць не на метале і не апускаць у кіслату, а на фотапалімерных пласцінах: маляваць практычна нічога не трэба, з дапамогай камп’ютара можна выбраць малюнак. Але мне такая тэхніка не падабаецца. Яна штучная. У маім жа выпадку я кірую працай ад пачатку да канца: любая памылка — гэта мая памылка, гэтак жа, як і поспех. Рамесная тэхніка прымянення рук для мяне важная. Афорт, на мой погляд, яшчэ доўга не страціць значэння нават пры новых тэхналогіях.
— Вам патрэбна натхненне, калі вы ствараеце мастацкія творы, ці ўсё ж такі галоўнае — прафесіяналізм?
— Мне нават не натхненне трэба, а ўмовы. Натхнення можна не дачакацца... Мне трэба пачаць працаваць, і тады прачынаецца цікавасць. Як толькі ідэя зачэпіць, пачынаеш паглыбляцца ў працэс. Абстрагуешся ад логікі і розуму, пачынаеш думаць сэрцам. Але з узростам нават парыў таксама можа прайсці. Робіш па інерцыі. А многія пачынаюць паўтарацца. Нягледзячы на тое, што досвед мой у працы быў розны, сёння нават не магу ўявіць сябе ў іншай прафесіі.
Вікторыя АСКЕРА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-askera
[2] https://zviazda.by/be/tags/mastactva