Андрэя Сідарэйку нельга аднесці да аўтараў, для якіх галоўнае — як мага часцей друкавацца. Ён гатовы чакаць, пакуль новае апавяданне адляжыцца, каб пасля, калі трэба, уносіць у яго патрэбныя праўкі, сёе-тое мяняць у сюжэце. Магчыма, таму яго імя не так часта мільгае на старонках літаратурных выданняў у параўнанні з імёнамі некаторых яго равеснікаў — тых, каму крыху больш за трыццаць. Але, як правіла, такі сур'ёзны падыход да ўласнай творчасці і дае найбольшы плён. Прынамсі, Андрэй ужо двойчы станавіўся лаўрэатам звяздоўскага конкурсу на найлепшае апавяданне.
Алесь БАДАК
На дварэ быў сцюдзёны лютаўскі дзень.
Па тратуары ішоў вельмі проста адзеты хударлявы мужчына, на выгляд якому было крыху за шэсцьдзясят. Іншы сказаў бы, што мужчына жабрак, а яго адзенне з крамы «сэканд-хэнд». Людскі паток мінаў, аббягаў, абыходзіў яго. Але ён не звяртаў на гэта ўвагі і ішоў па звыклым маршруце: прагулка, якую параілі рабіць дактары.
Пяць месяцаў таму ў чалавека выявілі анкалагічнае захворванне. Бальнічныя калідоры, такія ж, як ён, хворыя, чэргі да ўрачоў, сеансы тэрапіі — няпоўны спіс таго, чым было напоўнена жыццё мужчыны апошнім часам.
На яго галаве была шапка-аблавушка. Яна не столькі засцерагала ад холаду, колькі хавала залысінку і зусім рэдкія валасы.
Усе клопаты, думкі, перажыванні чалавек трымаў у сабе, і, пэўна, з гэтай прычыны выгляд яго быў пануры. У грамадстве да людзей з анкалогіяй (як і са СНІДам) ставяцца з асцярогай, таму гаварыць аб гэтым з кім-небудзь мужчына не хацеў. Нават у аптэцы ён набываў патрэбныя лекі, калі там нікога не было.
Чалавек не звяртаў увагі на мароз. Яму хацелася надыхацца гэтым сцюдзёным паветрам. З моманту, як у яго выявілі анкалогію, мужчына прызвычаіўся да думкі: па гэтым самым тратуары будуць працягваць хадзіць людзі, а яго на гэтай зямлі больш не будзе. Ніколі.
І ў гэты зімовы дзень чалавеку проста хацелася ЖЫЦЬ.
Паволі мужчына падышоў да прыпынку каля метро. Тут жа хадзілі галубы. У прыбітым нагамі снезе яны шукалі ежу.
Чалавек дастаў з кішэні семкі, сыпануў іх долу. Ён рабіў гэтак штодня.
Птушкі кінуліся падбіраць пачастунак. Толькі адзін голуб ці то з падбітай, ці то адмарожанай лапай застаўся на месцы.
Чалавек зірнуў на кволую птушку. Раней ён тут яе не прыкмячаў. Сеўшы на кукішкі так, каб засланіць спінай астатніх птушак, мужчына зноў дастаў з кішэні семкі, сыпануў іх акурат каля голуба.
— На, падмацуйся, — прамовіў ён.
Прысеўшы на здаровую нагу, а хворую выставіўшы ўбок, голуб стаў хутка дзяўбці, каб ласунак не паспелі заўважыць іншыя. У гэты час пры самым краі дарогі на вялікай хуткасці праехала машына. Бруд з-пад яе колаў кроплямі пырснуў на чысцюткі снег.
«Чорнае на белым, — падумаў чалавек. — Усё як у жыцці».
Раптам ад перажытага на вочы навярнуліся слёзы.
«Чаму менавіта так склаўся мой лёс?» — падумаў мужчына.
Лёс, які на пачатку жыцця здаваўся бясконцай дарогай, а сёння... ён хадзіў па яе краі. З рызыкай у любое імгненне сазлізнуць у бездань.
Чалавеку прыгадалася сустрэча з будучай жонкай — Волечкай.
У той памятны зімовы вечар ён, дваццацідвухгадовы хлопец, зайшоў у камбінат бытавога абслугоўвання з намерам падрамантаваць штаны. Дзяўчына-швачка збіралася дадому, але заказ усё ж прыняла. Яна падалася хлопцу задужа сціплай. Да таго ж выраз яе твару адразу запаў у душу: блакітныя вочы, крыху паўнаватыя шчокі з невялічкімі прывабнымі ямачкамі. Таксама кінуліся ў вочы русыя валасы і танклявы стан. Невядома чаму, але ў гэты момант яму захацелася завесці размову, правесці дзяўчыну да прыпынку.
— У кіно не жадаеце схадзіць? — прапанаваў ён.
— Можна. Заўтра. А сёмай вечара, — нечакана пагадзілася яна і мімаволі зачырванелася.
Ён не памятаў, пра што была кінастужка, бо ўвесь час побач з дзяўчынай адчуваў нейкую неспазнаную дагэтуль асалоду і лёгкасць.
Праз паўгода, калі маладыя не ўяўлялі жыцця адно без аднаго, згулялі вяселле. А яшчэ праз год нарадзіўся іх адзіны сын Толік.
Здавалася, сямейнае шчасце будзе бясконцым. Аднак чалавек мяркуе, а недзе там, у нябеснай канцылярыі, хтосьці вырашае зусім інакш.
Грымнула нечакана. Праз пятнаццаць гадоў сумеснага жыцця. Неўзабаве без усялякіх дыет Волечка стала худзець, шмат адпачываць, больш спаць. Але стомленасць у яе не праходзіла.
Напачатку жанчына не звяртала ўвагі на трывожныя сімптомы. Недаацэньвала іх. Але ў адзін дзень усё ж вырашыла наведацца да ўрачоў.
— Анкалогія, — як прысуд, абвясціў доктар. — Трэба было раней, своечасова. Запусцілі вы сябе...
Грошай на лекі чалавек не шкадаваў. На іх пайшлі ўсе сродкі. Прыйшлося прадаць і лецішча. Але нічога не дапамагала. Жонка згасала. А ў адзін вясновы дзень Волечка пакінула яго назаўсёды.
«Чорнае на белым», — паўтарыў пра сябе мужчына.
Яму раптам захацелася зайсці ў краму. Набыць што-небудзь да гарбаты. Ля дзвярэй спыніла кампанія маладых людзей. Хлопцы былі без шапак, падстрыжаныя «пад нуль». У свядомасці мужчыны імгненна пранеслася думка, што гэта «прычоска» ў іх з'явілася пасля хіміятэрапій.
— Закурыць не будзе? — запытаўся адзін з «хворых».
— Не куру, — адказаў чалавек.
Хлопец нагадаў яму сына. Яго Толіка...
...У той жа год пасля смерці жонкі сын скончыў школу, паступіў у прафесійна-тэхнічнае вучылішча. Вучоба ў ПТВ прынесла хваляванні: бацька заўважыў — вечарамі сын стаў знікаць з дому. Вяртаўся нападпітку і клаўся спаць. Аднойчы пасля такога ж вечара сын з'явіўся не адзін — з дзяўчынай. Праз паўгода згулялі вяселле. Яшчэ праз паўгода сын заявіў:
— Хочам жыць адны. Трэба кватэру абмяняць на дзве аднапакаёвыя.
Бацька не хацеў замінаць, пагадзіўся.
За другую аднапакаёўку прыйшлося даплаціць.
Мужчына выйшаў на заслужаны адпачынак. Здавалася, жыццё пачыналася наноў.
Сын у госці не заходзіў, не тэлефанаваў. Хутка бацька даведаўся: сын зблытаўся з дрэннай кампаніяй. А яшчэ праз год за крадзеж трапіў у турму. Нявестка ў кватэры з'яўлялася рэдка: прападала ў такой жа кампаніі, што дагэтуль і сын.
Каб не страціць кватэру, мужчына сам аплачваў камунальныя паслугі. Некалькі разоў хадзіў да юрыста. Хацеў перааформіць кватэру на сябе.
Але тут урачы выявілі цяжкае захворванне. І тое, што раней хвалявала, падалося звычайнай драбязой.
На зваротным шляху чалавека ўзяла задышка. Ён прысеў на лаву. Яго мінаў людскі паток. То былі здаровыя людзі.
Хворыя заўсёды зайздросцяць здаровым.
«За што?!» — былі першыя думкі, калі яму абвясцілі дыягназ.
Пасля мужчына даведаўся, што такая рэакцыя ва ўсіх. Што ўсе, як і ён, напачатку не вераць пачутаму, робяць паўторныя аналізы.
Ён памятаў першую размову з доктарам. Напачатку той маляваў на паперцы нейкія кругі, па іх расказваў пра цыкл развіцця раку ў арганізме. Запэўніваў: яго пухліна з'явілася не так даўно і яе рэальна перамагчы.
— Толькі трэба змагацца. Можна яшчэ шмат што зрабіць з таго, што дазваляе медыцына і вашае становішча на дадзены момант, — гаварыў у пакоі доктар.
— Што менавіта? — пацікавіўся ён.
— Добры эфект дае хіміятэрапія. Яна ўздзейнічае на ўвесь арганізм, таму лепш за іншыя спосабы лекавання змагаецца з ракавымі клеткамі.
Далей было нешта падобнае на лекцыю аб карысці хіміятэрапіі. Напрыканцы доктар параіў азнаёміцца з невялічкай брашурай, а таксама схадзіць на прыём да псіхолага.
— Вас цікавіць што-небудзь яшчэ? — запытаўся ўрач.
Чалавек хацеў сказаць, што некалі разам з жонкай ужо быў у псіхолага і пра самыя лепшыя лекі, у тым ліку хіміятэрапію, ведае. Але вось няўдача: жонцы гэта не дапамагло, а цяпер хвароба ўзялася і за яго.
— Не, пакуль хопіць, — усё ж стрываўся ён.
...І ўсё ж ён вырашыў змагацца да апошняга. Для гэтага патрабаваліся лекі. Яны каштавалі не танна. А жыць на пенсію і выдаткоўваць грошы на патрэбныя лекі — значыць зацягнуць пояс, шмат ад чаго адмовіцца. Словам, выжываць. Часам — пазычаць у суседзяў. Дзякуй богу, яны чалавеку давяралі і заўсёды дапамагалі.
Яшчэ да хіміятэрапіі ён здаў усе патрэбныя аналізы, прайшоў біяпсію. У яго ўсё часцей стала балець галава, з'яўлялася пачуццё стомы.
Да таго ж ён памятаў пра яе. Ён думаў аб ёй заўсёды. Кожныя выхадныя ездзіў на могілкі. Пасля таго, як яму паставілі дыягназ як і ў нябожчыцы-жонкі, ён адчуў яшчэ большую сувязь з ёй. Ён разумеў, што па-сапраўднаму жыў толькі тады. Калі бачыў яе вочы, чуў яе голас, смех. А цяпер ён толькі існаваў і вёў барацьбу за гэтае існаванне.
Настаў дзень, калі яму зрабілі першую хіміятэрапію. У пакоі ён сядзеў на звычайным зэдліку, размаўляў з іншым мужчынам, а ў гэты час па сістэме, а потым і па яго венах, бег сапраўдны яд.
За гэты час былі ўжо дзве хіміятэрапіі. Паміж імі — тры тыдні адпачынку. Тры тыдні на тое, каб папярэдняя тэрапія падзейнічала: новыя клеткі раку не з'явіліся, а старыя па магчымасці знішчыліся. Патрэбна было, каб арганізм падрыхтаваўся да іншага курса тэрапіі. І, вядома, у гэты час гінулі і здаровыя клеткі. Чалавек гэта разумеў па выпадзенні валасоў.
Калі яму засталося жыць не так шмат, то як бы ён хацеў правесці гэты апошні час? Ён успомніў, што вельмі даўно не быў у кінатэатры, на рыбалцы. Яму хацелася пабываць з экскурсіяй па розных гістарычных месцах нашай краіны. Яму хацелася апошні раз пры памяці паглядзець у вочы і пагаварыць з роднымі людзьмі. А перш за ўсё з сынам.
Раптам у вачах пайшлі кругі.
— Мужчына, вам дрэнна? — пачуўся голас жанчыны.
Чалавек перавёў погляд на незнаёмку. Неўзабаве боль адпусціў, вярнулася прытомнасць.
— Зараз, зараз, — казала жанчына, дастаючы з сумкі мабільны.
— Не трэба, — папрасіў ён. — Дзякуй.
— Ну, глядзіце, — усё перажывала жанчына.
Чалавек падзякаваў яшчэ раз. Жанчына пайшла.
Пайшоў снег. Белыя вялізныя камякі падалі чалавеку на твар, лезлі ў вочы. Прагулка падыходзіла да завяршэння.
Трэба было вяртацца дадому. А не хацелася. Хацелася яшчэ патупаць па гэтым намёрзлым тратуары.
Дома чалавека чакалі чатыры сцяны і... адзінота. Тэлевізар. Гарбата. Тэлевізар. Прагноз надвор'я на заўтра.
Хацелася забыцца пра гэты дом. Пэўна, ён бы пагадзіўся жыць на вуліцы жабраком, калі б да яго вярнулася здароўе, Толік выйшаў з турмы, каб... Як шмат у жыцці гэтых «каб».
Чалавеку зноў прыгадаўся голуб, які быў такім жа, як і ён, адзінокім інвалідам-дахадзягам. «Забяру да сябе. Што яму тут, на прыпынку, рабіць? Аслабне, здохне. А так удвух будзе весялей. Схаджу да ветэрынара. Можа, чым дапаможа», — думаў мужчына.
У кіёску каля прыпынку чалавек набыў семкі для прыманкі. Убачыўшы голуба, як і ў першы раз, мужчына прысеў так, каб засланіць спінай астатніх птушак. Ён насыпаў семкі сабе ў далонь і працягнуў яе голубу, які на адной лапе даскакаў да ласунку. Улучыўшы момант, вольнай рукой мужчына злавіў птушку. Ці то голуб не зразумеў, што адбылося, ці то ў яго не было моцы, але ён нават не стараўся вызваліцца.
Мужчына збіраўся ўжо ісці дадому, як зазваніў мабільны тэлефон.
— Дзень добры, — пачуўся мужчынскі голас. — Алег Іванавіч?
— Так, — адказаў мужчына.
— Гэта вас з анкалагічнага цэнтра хвалююць.
У мужчыны зашчымела ў грудзях.
— Мы праверылі вашыя аналізы. Яны нашмат лепшыя за папярэднія. Пэўна, станоўча падзейнічала хіміятэрапія. Калі ласка, зайдзіце да нас заўтра а палове на адзінаццатую.
— Так, — не верачы пачутаму, адказаў мужчына. — Абавязкова прыйду.
— Да сустрэчы.
Голас сціх, а мужчына ўсё працягваў стаяць на адным месцы.
У гэты момант да прыпынку пачаў даносіцца гук званоў. Храм быў за дзве сотні метраў адгэтуль. Пэўна, там пачыналася чарговае служэнне.
Мужчына падумаў: «Калі лёс быў да яго суровым, то недзе там, на нябёсах, нарэшце злітаваліся. Далі другі шанц. Значыць, яго час развітвацца з жыццём яшчэ не настаў. Ён патрэбны тут».
З удзячнасцю ён зірнуў увышыню. На нейкі момант перастаў ісці снег, хмары разышліся, з'явіўся невялічкі авал блакітнага неба. Праз яго паказалася сонца і асвяціла прыпынак.
Ад нечаканага сонечнага яркага святла і расчуленасці на вачах у мужчыны з'явіліся слёзы. Ці то зразумеўшы чалавека, ці то пажадаўшы ўбачыць сонечнае святло, голуб таксама падняў галаву ўверх. Пэўна, і ён верыў, што аднойчы выздаравее і будзе лётаць пад нябёсамі.
Як ніколі чалавек і птушка ў гэтае імгненне былі падобныя адно да аднаго: абое пакрыўджаныя лёсам, абое верылі ў лепшае.
Звон званоў усё працягваў раздавацца на прыпынку. Разам з ім недзе ў вышыні лунала невялічкая надзея, што магутная боская воля пазбавіць чалавека і голуба ад усіх пакут, якія выпалі на іх долю.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/andrey-sidareyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/na-konkurs-apavyadannyau