Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Уладзімір МАКЕЙ на міжнароднай канферэнцыі экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог». Яе падставай стала 25-годдзе знешняй палітыкі Беларусі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел усе былыя міністры замежных спраў краіны, навукоўцы і дыпламаты.
— Дваццаць пяць гадоў устанаўлення дыпламатычных адносін Беларусі з іншымі дзяржавамі — гэта добрая магчымасць ацаніць, дзе мы зараз знаходзімся, дакладна адзначыць свае каардынаты на шкале вектараў знешняй палітыкі і зверыць планы на будучыню, — падкрэсліў ва ўступным слове кіраўнік знешнепалітычнага ведамства краіны.
Па словах Уладзіміра Макея, Беларусь нацэлена на ўмацаванне ўзаемадзеяння з усімі суседзямі і партнёрамі не на шкоду каму-небудзь і не за кошт каго-небудзь. Больш за тое, уся сутнасць нашай знешняй палітыкі заключаецца ў планамернай выпрацоўцы ўнутраных і знешніх умоў для пабудовы множных геапалітычных апор.
Кіраўнік МЗС таксама адзначыў, што знешняя палітыка Беларусі грунтуецца на наступных прынцыпах: непрымяненне сілы або пагрозы сілай, мірнае ўрэгуляванне спрэчак, непарушнасць меж і неўмяшанне ва ўнутраныя справы. «У тым ліку, менавіта ў сілу паслядоўнага выканання гэтых прынцыпаў беларусы, і гэта таксама адносіцца да нашых бясспрэчных дасягненняў, у найскладанейшым геапалітычным кантэксце здолелі не дапусціць пранікнення хаосу і гвалту, збераглі мір, бяспеку, стабільнасць у грамадстве і дзяржаве», — дадаў Уладзімір Макей.
Сёння Беларусь сапраўды з'яўляецца пляцоўкай для перамоў, пацвярджае старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАХМАНАЎ. «Наша дзяржава сістэмна і ўвесь час, займаючы шматбаковую пазіцыю, адыгрывае вельмі важную ролю, — сказаў сенатар. — Не заўсёды гэта мела ацэнку, аднак апошнім часам гэта адбываецца. Што датычыцца далейшых крокаў, то Беларусь нікому не навязвае сваю пазіцыю, але яна кажа пра гатоўнасць дапамагчы, калі гэта будзе неабходна. А гэта сапраўды трэба, паколькі, на жаль, палітыкі розных краін не могуць дамовіцца ў тым фармаце, у якім хацелася б ім самім. Таму мы спадзяёмся, што палітыка, якую праводзіць Беларусь, будзе ўспрымацца чым далей, тым лепш». Сяргей Рахманаў таксама дадаў, што Беларусь і надалей будзе ўдзельнічаць ва ўрэгуляванні шматлікіх праблем, якія існуюць у свеце, але — не навязваючы сваю волю і рашэнні.
— Галоўны выклік для знешняй палітыкі Беларусі сёння заключаецца ў тым, што свет увайшоў у сітуацыю, калі старая сістэма і старыя правілы гульні ўжо не даюць вынік стабільнасці і развіцця, які быў раней, — адзначыў кіраўнік экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог» Яўген ПРЭЙГЕРМАН. — І свет знаходзіцца ў пошуку гэтых новых правілаў. У такіх сітуацыях малыя краіны, заціснутыя паміж геапалітычнымі цэнтрамі прыцягнення — а гэта менавіта сітуацыя Беларусі — аказваюцца перад выклікам сваёй выжывальнасці.
На яго думку, сёння перад Беларуссю стаіць задача выбудаваць сваю знешнюю палітыку такім чынам, каб усе тыя рэсурсы, якія ў нас ёсць, максімальна накіраваць на забеспячэнне ўласнага суверэнітэту і развіцця.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:lukashevich@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/minski-dyyalog
[5] https://zviazda.by/be/tags/zneshnyaya-palityka
[6] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-makey