Першае пасяджэнне беларуска-французскай рабочай групы па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя адбылося ў Мінску.
Група дзейнічае ў рамках Пагаднення паміж Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам навакольнага асяроддзя, энергетыкі і мора Французскай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і ўстойлівага развіцця. Дакумент быў падпісаны ў маі мінулага года ў Парыжы.
Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута адзначыў асноўныя мэты прыродаахоўнай палітыкі нашай краіны: зніжэнне максімальна дапушчальных узроўняў антрапагеннага ўздзеяння на экасістэмы, стварэнне ўмоў для стабільнасці навакольнага асяроддзя і захавання здароўя чалавека, распрацоўку і ажыццяўленне экалагічнай палітыкі на аснове ўзгаднення экалагічных мэт з мэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Міністр падзяліўся вынікамі гэтага падыходу: індэкс экалагічнай эфектыўнасці Рэспублікі Беларусь у 2016 годзе склаў 82,3% (35-е месца са 180 краін), тады як у 2012 годзе мы займалі 65 месца з індэксам 53,9%. З 2005 года экалагічны след скараціўся амаль у два разы. За апошнія гады ў краіне адноўлена больш за 10% ад плошчы ўсіх парушаных балот. Тры асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі ўключаны ў Сусветную сетку біясферных рэзерватаў, створаную ў рамках праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». Частка Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» з'яўляецца аб'ектам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. 26 водна-балотных угоддзяў уключаны ў спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння, з іх чатыры — трансгранічныя.
Андрэй Каўхута адзначыў, што пасяджэнне — выдатны старт для развіцця беларуска-французскіх экалагічных адносін, яно прывядзе да плённага экалагічнага супрацоўніцтва па многіх напрамках.
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі пытанні палітыкі ў сферы абыходжання з адходамі (інстытуцыянальны ўзровень, дзяржаўна-прыватныя кампаніі, прыватныя кампаніі), маніторынгу якасці атмасфернага паветра (у тым ліку выкіды парніковых газаў), зялёнай эканомікі, біяразнастайнасці і ААПТ (кіраванне ААПТ: спалучэнне эканамічнага развіцця і аховы навакольнага асяроддзя, турыстычныя інфраструктуры і экатурызм, прэзентацыя інструмента партнёрства ЕС).
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Дзідзье Канэс, які прыбыў на пасяджэнне ў складзе французскай дэлегацыі, адзначыў, што гэта новы кірунак у супрацоўніцтве нашых краін:
— Беларусь і Францыя — краіны, якія знаходзяцца на шляху ўстойлівага развіцця. У нас вялікі вопыт у перапрацоўцы і ўтылізацыі адходаў — як бытавых, так і прамысловых. У мінулым годзе быў рэалізаваны праект па вывазе і знішчэнні асабліва небяспечных адходаў з Беларусі. Сумесная праца ў напрамку аховы прыроды вельмі важная, бо прынятая канцэпцыя зялёнага развіцця мае на ўвазе эканамічны рост з мінімальнымі экалагічнымі стратамі.
Па заканчэнні пасяджэння французская дэлегацыя наведала Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Вольга ПРАЛЮК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-pralyuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[4] mailto:pralyuk@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/ekalogiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzidze-kanes-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/andrey-kauhuta
[8] https://zviazda.by/be/tags/karani-i-krony