Знайсці таннейшую запраўку — гэта, паверце, далёка не адзіны спосаб сэканоміць на паліве. Прытрымлівайцеся парад, прыведзеных ніжэй, і вы не толькі прыкметна зменшыце выдаткі на бензін, але і прадоўжыце жыццё свайго жалезнага сябра.
Парады па выкарыстанні аўтамабіля
Выконвайце графік тэхабслугоўвання
Акрамя дыягностыкі, у планавае ТА ўваходзіць замена паветранага фільтра і алівы. Абедзве працэдуры зніжаюць расход бензіну, а ў якасці бонусу паляпшаюць хадавыя характарыстыкі аўто і прадаўжаюць жыццё рухавіка.
Паменшыце масу машыны
Гаворка ідзе не пра цюнінг, а пра звычайнае навядзенне парадку ў салоне і багажніку. Зімовая гума і незамярзайка не патрэбныя ўлетку. Дзіцячае крэсла трэба толькі тады, калі вы збіраецеся кудысьці ехаць з дзіцем. Для перамяшчэння кожнага лішняга кілаграма хламу, які захоўваецца ў багажным аддзяленні, аўтамабілю патрабуецца дадатковае паліва.
Не дзівачце з коламі
Завадскія характарыстыкі дыскаў і шын падбіраюцца не выпадкова, а іх змена, і асабліва ўстаноўка больш шырокіх колаў, павялічвае расход паліва. Аптымальны ціск у шынах — гэта верхняя мяжа нормы, усталяванай вытворцам.
Мінімізуйце супраціўленне паветра
Адкрытыя вокны і люк, багажнік на даху, які не выкарыстоўваецца, — усё гэта павышае расход паліва.
Парады па кіраванні
Вось спіс фундаментальных ісцін, з якімі згодныя абсалютна ўсе дасведчаныя кіроўцы:
1. Каціцеся на перадачы, а не на «нейтралцы».
2. Не пускайце стрэлку тахометра вышэй за 2500 абаротаў.
3. Як мага радзей выкарыстоўвайце педалі.
Для выканання другога і трэцяга правілаў неабходна пазбягаць сітуацый, у якіх кіроўца лішні раз змушаны тармазіць і паскарацца. Гэта значыць не прыціскацца да транспартнага сродку, які едзе наперадзе, і кіраваць менш агрэсіўна.
Правільныя звычкі кіроўцы
1. Спыніўся больш чым на хвіліну — выключыў рухавік.
2. Заправіўся — перавярнуў пісталет — прыўзняў шланг. Дадатковыя кроплі паліва за год ператвараюцца ў літры.
3. Не варта ўключаць кандыцыянер без асаблівай патрэбы.
4. Усе паездкі плануюцца і аптымізуюцца, каб скараціць маршрут.
5. Падчас паездкі выкарыстоўваецца навігатар, які прапануе маршрут з улікам затораў.
Парады па аплаце
Атрымайце зніжку на АЗС
Калі запраўка прапануе дысконтныя карты, не саромейцеся скарыстацца гэтым бонусам. Нават мізэрная зніжка з часам ператвараецца ў тысячы сэканомленых рублёў.
Перайдзіце на нармальную банкаўскую карту
Хутчэй за ўсё, вы разлічваецеся звычайным пластыкам, які не дае ніякіх бонусаў, а толькі цягне грошы за абслугоўванне. Цяпер банкі выпускаюць карты, якія вяртаюць частку кошту кожнай пакупкі, налічваюць працэнт на рэшту на рахунку і абслугоўваюцца бясплатна.
Падрыхтаваў Дзмітрый БАРОНАЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/auto
[3] https://zviazda.by/be/tags/paliva
[4] https://zviazda.by/be/tags/yak-sekanomic