Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 25 мая падпісаў Указ № 184 "Аб змяненні указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", у адпаведнасці з якім заснаваны новыя дзяржаўныя ўзнагароды.
У выніку сумеснай працы ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў у Рэспубліцы Беларусь заснаваны новыя дзяржаўныя ўзнагароды, паведамляе прэс-служба Прэзідэнта. У прыватнасці, ордэн "За ўмацаванне міру і дружбы", прызначаны выключна для ўзнагароджання вышэйшых службовых асоб замежных дзяржаў (кіраўнікоў дзяржаў, урадаў і парламентаў) за значныя заслугі ва ўмацаванні міру, дружбы, супрацоўніцтва і ўзаемаразумення паміж народамі; ордэн Працоўнай Славы, які дасць магчымасць больш дыферэнцыравана ацэньваць вынікі працоўнай дзейнасці беларускіх грамадзян у розных галінах і перш за ўсё ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы; медаль "За выратаванае жыццё" - для ўзнагароджання грамадзян, якія выратавалі чалавечае жыццё, рызыкуючы ўласным, па-за службовых абавязкаў. Існуючая да гэтага часу практыка адзначаць грамадзян за смелыя і рашучыя дзеянні па выратаванні людзей у розных надзвычайных сітуацыях медалём "За адвагу" не адпавядае гістарычнаму статусу гэтай узнагароды, якая ўручалася грамадзянам за мужнасць і адвагу, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку.
З улікам асаблівай сацыяльнай значнасці прафесій настаўніка і ўрача адроджаны ганаровыя званні "Народны настаўнік" і "Народны ўрач”, якія існавалі ў савецкі час.
Адначасова, па даручэнні кіраўніка дзяржавы дапрацаваны знешні выгляд ордэна Дружбы народаў і кардынальна зменены дызайн медаля Францыска Скарыны.
Асобы, удастоеныя Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, цяпер будуць атрымліваць і спецыяльны нагрудны знак. Дадзены знак з'яўляецца знешняй адметнай прыкметай ўвагі кіраўніка дзяржавы да заслуг грамадзяніна.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/ukaz
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhaunyya-uznagarody