Цікавасць беларусаў да ўсынаўлення павялічваецца, а таямніца ўсынаўлення за апошнія 10 гадоў трансфармуецца ў адкрыты працэс, калі створаныя такім чынам сем'і самі жадаюць сказаць, што яны ёсць. У той жа час айчынная сістэма аховы дзяцінства зацікаўлена перш за ўсё ў тым, каб дзеці заставаліся ў іх біялагічных сем'ях. Пра гэта і некаторыя асаблівасці святкавання Дня абароны дзяцей напярэдадні 1 чэрвеня расказалі спецыялісты.
Па запрашэнні Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў дэлегацыя дзяцей-сірот і малых, што засталіся без бацькоўскай апекі, Гомельскай вобласці адзначыць свята ў Маскве. У Гомельскім палацы творчасці дзяцей і моладзі арганізуюць «Адну радасць для ўсіх». А ў Магілёўскай вобласці зладзяць мерапрыемствы для выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.
— Права апякаць малых, што засталіся без бацькоўскага клопату, даецца перш за ўсё іх сваякам. Аднак не менш важна, што існуе магчымасць міжнароднай апекі дзяцей, — расказаў Міхаіл ЧАРАПЕННІКАЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Беларусі. — Летась 27 дзетак знаходзіліся пад такой апекай. Важны момант таксама — ахова маленькіх беларусаў, якія засталіся без бацькоўскай апекі на тэрыторыі замежных дзяржаў. Практычна заўжды ў такіх выпадках палітыка дзяржавы скіравана на вяртанне такіх дзяцей у краіну. За 2016 год у краіну вярнуліся 17 такіх дзетак, а за першае паўгоддзе 2017-га — чацвёра.
Прыярытэт аддаецца нацыянальнаму ўсынаўленню (559 малых беларусы ўсынавілі летась і ўжо 125 — сёлета). Тым не менш бацькоў у Італіі, з якой у Беларусі падпісана міжурадавае пагадненне аб магчымасці міжнароднага ўсынаўлення, у 2016-м знайшлі 94 дзіцяці, да мая 2017-га — 15.
— Сумесна з прадстаўніцтвам дзіцячага фонду ААН у Беларусі ажыццяўляецца ініцыятыва «Горад, дружалюбны да дзяцей», да якой далучыліся ўжо 25 гарадоў, — заўважыла Алеся БЕРАСНЁВА, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі. — А з 2016-га ў межах праграмы па стварэнні здароўезберагальнага асяроддзя ў школах дзейнічаюць праекты «Здаровая школа» і «Здаровы клас».
Сёлета выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў чакае другая частка сацыяльнага праекта «Каманда мары». Летась хлопцы-сіроты гулялі ў футбол, а сёлета яны зоймуцца гандболам.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:sіdarok@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzen-abarony-dzyacey
[5] https://zviazda.by/be/tags/usynaulenne