На 174-м вучэбным палігоне ВПС і войскаў ППА днямі адбылася ўрачыстая перадача асабістаму складу 969-й базы рэзерву танкаў новай партыі мадэрнізаваных машын Т-72Б3.
Новая мадэль абсталявана больш магутным рухавіком і палепшана комплексам узбраення, які гарантуе высокую верагоднасць знішчэння цэлі з месца і ў руху на адлегласці да пяці кіламетраў. Таксама машыну абсталявалі новымі датчыкамі, бартавымі экранамі корпуса са здымнай модульнай абаронай. Змены закранулі і прыцэл, які замянілі на «Сасна-У» беларускай вытворчасці.
Падчас перадачы тэхнікі міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў адзначыў, што гэта не першы крок мадэрнізацыі ўзбраення. «Мы рухаемся ў двух напрамках: мадэрнізуем і рамантуем танкі на сваіх заводах і ідзём па шляху ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расіяй. Яны нам праводзяць рамонт і мадэрнізацыю тэхнікі па ўнутрырасійскіх цэнах — гэта адпавядае ўмовам дагавора аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве», — заявіў міністр.
На мерапрыемстве прысутнічала расійская дэлегацыя ад навукова-вытворчай карпарацыі «Уралвагонзавод», які займаўся мадэрнізацыяй. Па заканчэнні мерапрыемства быў падпісаны чарговы кантракт на мадэрнізацыю танкаў Т-72Б расійскім партнёрам.
Удзельнікам урачыстай перадачы танкаў быў прадэманстраваны элемент танкавага біятлона. Сёлета ў міжнародных штогадовых спаборніцтвах па гэтым відзе армейскага спорту возьме ўдзел і мадэрнізаваны Т-72Б3.
Сяргей НІКАНОВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-nikanovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/tanki
[5] https://zviazda.by/be/tags/vps
[6] https://zviazda.by/be/tags/paligon