Мы ядзім і дзеля задавальнення таксама, аднак у харчавання ўсё ж такі ёсць сапраўды важныя функцыі. У першую чаргу, гэта забеспячэнне арганізма энергіяй, па-другое — бялкамі, мінеральнымі рэчывамі, тлушчамі і вугляводамі — будаўнічым матэрыялам для стварэння клетак. Ежа таксама забяспечвае арганізм біялагічна актыўнымі рэчывамі, без якіх не адбудзецца сінтэзу тых жа гармонаў. Нарэшце, ежа дапамагае выпрацоўцы імунітэту: было ўстаноўлена, што імунны адказ на інфекцыю залежыць ад якасці харчавання, ад колькасці калорый, паўнацэнных бялкоў і вітамінаў, нагадвае загадчыца аддзялення ўльтрагукавой дыягностыкі 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Зоя ВЫСОЦКАЯ.
Пераядаць нельга. Колькасць ежы, якая паступае ў арганізм і ператвараецца ў энергію, павінна быць роўная энергетычным затратам.
Штодня мы павінны атрымліваць каля 70 розных інгрэдыентаў. Ідэальныя суадносіны бялкоў, тлушчаў і вугляводаў 1:1:4. Для людзей з сярэдняй фізічнай нагрузкай гэта будзе 100 г бялку, столькі ж тлушчу і 400 г вугляводаў.
Не існуе ніводнага прадукту, здольнага забяспечыць нас усімі спажыўнымі рэчывамі. Так што меню павінна быць разнастайным. Трэба, каб у рацыёне было шмат агародніны, фруктаў і ягад, багатых на антыаксіданты. Неабходна таксама ўжываць кісламалочныя прадукты, а вось цукру і дэсертаў павінна быць менш. Сачыце і за колькасцю солі.
Прымаць ежу варта ў адзін і той жа час. На сняданак — 30% ад сутачнай каларыйнасці, на абед — 40%, вячэру — 20%. Яшчэ 10% — перакус. Харчаванне радзей за 4 разы на дзень прыводзіць да назапашвання тлушчу, змяншэння актыўнасці шчытападобнай залозы. Частая ежа ў адзін і той жа час спрыяе лепшаму адтоку жоўці, добрай выпрацоўцы стрававальных сокаў, прафілактыцы захворванняў страўніка і кішэчніка.
Святлана БАРЫСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] mailto:protas@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/pravilnae-harchavanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[7] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya