Журналіст і збіральнік фальклору Вульф Сосенскі вядомы ў гісторыі літаратуры найперш як сябар і «першаадкрывальнік» Змітрака Бядулі. Яго ўласны культурны ўнёсак мог бы падацца сціплым, калі б не яшчэ адна цікавая акалічнасць: Вульф Сосенскі, па сутнасці, быў першым этнічным яўрэем, які вырашыў свядома працаваць на ніве беларускай нацыянальнай культуры.
Нарадзіўся Вульф Сосенскі ў 1883 г. у мястэчку Даўгінава Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер аграгарадок у Вілейскім раёне Мінскай вобласці). Ён быў старэйшым сынам у шматдзетнай сям’і вядомага ў ваколіцах краўца Абеля (Габеля) Сосенскага. Як і многія яўрэйскія хлопчыкі, Вульф вучыўся ў хедары (пачатковай яўрэйскай школе), але ў дзевяць гадоў пакінуў яго, каб дапамагаць бацьку ў працы: трэба было аднаўляць знішчаную пажарам гаспадарку. У адбудаваным нанова доме часта бывалі госці, якія па вечарах займалі гаспадара і яго сям’ю цікавымі расповедамі. Некаторыя з іх яшчэ памяталі падзеі паўстання 1863 — 1864 гг. Знаёмствы з гэтымі людзьмі ўплывалі на светапогляд Вульфа Сосенскага, паспрыялі таму, што яшчэ ў канцы 1890-х гг., будучы падлеткам, ён блізка ўспрыняў ідэі беларускага адраджэння, далучыўся да нацыянальна-вызваленчага руху, пачаў займацца асветніцкай дзейнасцю: распаўсюджваў па вёсках нелегальную літаратуру, вучыў на памяць і чытаў сялянам вершы Ф. Багушэвіча. Акрамя таго, Вульф Сосенскі меў прыемны голас і прыгожа спяваў народныя песні. Ён быў удзельнікам аматарскага культурнага гуртка, які дзейнічаў у Даўгінаве з 1904 г. пад кіраўніцтвам Яўгена Ельцава. Местачковыя юнакі і дзяўчаты, а таксама студэнты з Мінска чыталі і абмяркоўвалі кнігі, самі рабілі літаратурныя спробы і крытыкавалі адно аднаго, пашыралі веды сярод насельніцтва, займаліся тэатральнымі пастаноўкамі, рупіліся пра тое, каб стварыць у Даўгінаве вячэрнюю школу для моладзі.
Адначасова з кравецкай працай В. Сосенскі актыўна займаўся самаадукацыяй і вывучыў некалькі моў. Пачынаючы з лета 1908 г., ён супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты «Наша Ніва», публікуючы ў ёй карэспандэнцыі і невялікія нарысы. Пераважна дзякуючы яму на старонках газеты асвятлялася жыццё мястэчка Даўгінава. Менавіта ў той час Вульф Сосенскі прапанаваў даслаць вершы ў «Нашу Ніву» свайму знаёмаму Шмуэлю Плаўніку (будучаму Змітраку Бядулю) і паведаміў рэдакцыі пра маладога песняра з мястэчка Пасадзец. Пазней В. Сосенскі вырашыў удасканаліць сваё рамесніцкае майстэрства і «скончыў курс кравецтва ў дырэктара Дрэздэнскай акадэміі», пасля чаго ў 1910 г. ужо сам «залажыў вялікую швальню і вучылішча кравецтва». Але чарговы пажар зруйнаваў дом маладога краўца, а разам з ім — і ўсе мары пра швальню.
Неўзабаве на нейкі час прыпынілася і журналісцкая актыўнасць В. Сосенскага. Гэта звязана з яго службай у Расійскай арміі (1910 — 1912). У час Першай сусветнай вайны Вульф Сосенскі і яго малодшы брат Пейсах былі мабілізаваныя на фронт, удзельнічалі ў баях. Пейсах прапаў без вестак (хутчэй за ўсё, загінуў), а Вульф трапіў у нямецкі палон. Вызваліўшыся, у 1921 г. ажаніўся і да Другой сусветнай вайны займаў высокую адміністрацыйную пасаду ў Яўрэйскім народным банку (Żydowski Bank Ludowy) — адзіным банку ў міжваенным Даўгінаве.
У 1920-х гг. В. Сосенскі публікаваў нататкі і карэспандэнцыі (у тым ліку пад псеўданімамі Даўгінавец і Тутэйшы, крыптанімам В. С.) у віленскіх газетах «Беларускі звон», «Беларускія ведамасці», «Наш сьцяг», «Наша будучына», «Рэха». Займаўся ён і грамадскай дзейнасцю, спрабаваў стварыць у Даўгінаве беларускую культурніцкую суполку і не забываўся на сваю ідэю скіроўваць яўрэяў працаваць на карысць беларускай культуры. «...Навет і жыды разумеюць ясна, на якой зямлі яны жывуць», — пісаў ён у адной з газетных нататак, выказваючы думку, што «пачуцьцё беларускасьці» ўяўляецца натуральным для ўсіх насельнікаў краю, незалежна ад іх этнічнага паходжання і веравызнання.
На пачатку 1930-х гг. Вульф Сосенскі падказаў вядомаму мовазнаўцу і гісторыку Янку Станкевічу цікавую тэму для даследавання: яўрэйскія рэлігійныя песні на беларускай мове. Адну з такіх песень, «Бацька, бацька!..», даўгінаўскі журналіст праспяваў Я. Станкевічу, а той запісаў. Публікуючы яе, навуковец заклікаў усіх «зьбіраць жыдоўскія рэлігійныя песьні ў беларускай мове», бо «яшчэ крышку часу і будзе зусім позна». Яркі прыклад у гэтай справе падаў сам жа В. Сосенскі, склаўшы ў першай палове 1930-х гг. рукапісны зборнік «Беларуска-жыдоўскі фальклор з мястэчка Даўгінава».
1 сакавіка 1935 г. у Вульфа Сосенскага памерла жонка, пакінуўшы яму шасцярых дзяцей, адзін з сыноў да таго ж быў хворы на эпілепсію. Але яшчэ страшнейшыя пакуты і выпрабаванні прынесла Другая сусветная вайна: у першыя яе месяцы акупанты знішчылі ўсіх дзяцей В. Сосенскага, а таксама чатырох братоў і сястру. Сам журналіст апынуўся ў эвакуацыі ў Тагучынскім раёне Новасібірскай вобласці Расіі, дзе працаваў у калгасе. Там ён пазнаёміўся са сваёй будучай другой жонкай Буняй Меерсон, маладзейшай за яго на 32 гады. Ад гэтага шлюбу ў 1945 г. нарадзілася дачка Раіса. Вульф Сосенскі жыў з сям’ёю ў мястэчку Ікшкіле ў Латвіі і працягваў працаваць краўцом, пакуль не пагоршыўся зрок.
У пасляваенны час ён актыўна працаваў на ніве фалькларыстыкі: перапісваў па памяці народныя казкі і легенды. Запісаныя творы ён аб’ядноўваў у цыклы «Са старога скарбу» і «Казкі старога Лявона». Па словах В. Сосенскага, апавядальнік стары Лявон — рэальная асоба, «дзед з мястэчка Даўгінава». Подпіс «Даўгінава» стаіць і пад многімі іншымі ўзгаданымі і запісанымі В. Сосенскім народнымі творамі: песнямі, жартамі, анекдотамі, прыказкамі, прымаўкамі. Пад некаторымі з тэкстаў стаяць дзве даты: год, калі В. Сосенскі ўпершыню пачуў адпаведны аповед, і год, калі ён яго запісаў на паперу. Часавая разбежка паміж гэтымі датамі можа быць надта вялікая — нават у 70 гадоў: «Даўгінава, 1895, з памяці перапісаў 1965 г.» (казка «Авар’ян і свенты Вікцэнты»). Навідавоку вялікая ступень аўтарскай перапрацоўкі народных паданняў і легенд: пачутае шмат гадоў таму ў падлеткавым узросце ён мог разгортваць у аб’ёмныя, памерам набліжаныя да аповесці, творы. Таму далёка не ўсё, запісанае В. Сосенскім, — фальклор у чыстым выглядзе.
Свае рукапісы В. Сосенскі дасылаў у Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, з супрацоўнікамі якога — дый не толькі яго — вёў актыўную перапіску. Яго карэспандэнтамі былі многія вядомыя пісьменнікі і навукоўцы: Сцяпан Александровіч, Майсей Грынблат, Іван Гутараў, Янка Журба, Уладзімір Казбярук, Арсень Ліс, Максім Танк, Анатоль Фядосік, Рыгор Шкраба, Станіслаў Шушкевіч ды іншыя. Сярод тагачасных твораў В. Сосенскага вылучаюцца «Версіі і легенды: Гутаркі пра беларускага паэта Ф. К. Багушэвіча» (1956), а таксама ўспаміны: «Першыя сустрэчы» (пра З. Бядулю), «Даўныя тэатры» і пакуль яшчэ не апублікаваныя «Лісткі з маёй кнігі» і «Цёмныя шыбы майго акна», дзе В. Сосенскі прыгадвае Даўгінава канца ХІХ — пачатку ХХ ст., сялянскі рух падчас рэвалюцыі 1905 — 1907 гг., нашаніўскія часы і іх дзеячаў. Пісаў ён таксама вершы, байкі, гумарэскі, апавяданні, сцэнічныя жарты.
Сутыкаючыся з праявамі антысемітызму, В. Сосенскі вырашыў пакінуць СССР, у 1966 г. эміграваўшы праз Польшчу ў Ізраіль. Апошнія гады жыцця правёў у Іерусаліме, у раёне Кір’ят га-Ёвэль, працягваючы, наколькі дазваляў кепскі зрок, запісваць і апрацоўваць фальклор, пра што сведчыць, напрыклад, арабская казка «Трэба слухаць бацьку», пачутая ад іракскага яўрэя. Даследчыцы Дайне Бэгар ён распавёў каля 40 народных казак беларускіх яўрэяў. Некаторыя з гэтых казак трывала ўвайшлі ў фальклорную скарбонку: іх перыядычна змяшчаюць у зборніках і анталогіях, у тым ліку і ў перакладах на замежныя мовы. Памёр Вульф Сосенскі ў 1969 г. (дакладную дату ўстанавіць пакуль не ўдалося).
Вульф Сосенскі меў бясспрэчны талент апавядальніка; даволі каларытная ў яго і мова. Аднак бракавала яму філалагічнай адукаванасці, таму творы поўныя стылістычных, граматычных і арфаграфічных хібаў. Яшчэ ў 1940 г. Змітрок Бядуля раіў яму ў вольны час вучыцца, «каб стаць добраграматным чалавекам», «…а то ты пішаш так, як пісаў 30 год таму назад». На жаль, гэтая заўвага засталася справядлівай і для тэкстаў В. Сосенскага 1950-х гг. — іх мова далёкая ад дасканаласці: у ёй пераблытаны паміж сабой дарэформавы і рэфармаваны правапісы, многія словы маюць вельмі не адпаведнае літаратурным нормам напісанне: чалаўек (чалавек), ёсцэка (ёсцека), усо (усё), стойцэ (стойце), цякае (чакае), лёх (лёг), запрох (запрог), саслуч (сашлюць), лі чага (для чаго), лі тага (для таго) і г. д. Акрамя таго, словы часта ўжываюцца у няправільных склонах, шмат і пунктуацыйных парушэнняў. Прычым усе гэтыя лексічна-стылістычныя хібы не з’яўляюцца моўнай характарыстыкай персанажаў (такой мовай аўтар піша і ад свайго імя) і таму з’яўляюцца неапраўданымі. Таму сёння пры публікацыі ягоных твораў, напэўна, варта арыентавацца найперш на прынятыя сучасныя правапісныя нормы, з адпаведнымі граматычнымі і арфаграфічнымі праўкамі. Прынамсі, так было зроблена ў гісторыка-краязнаўчым гадавіку «Вілейскі павет», дзе ў выпусках 2 і 3 выйшлі ўспаміны В. Сосенскага «Версіі і легенды» і «Даўныя тэатры». З крытычнай асцярожнасцю трэба ўспрымаць і гістарычныя факты, якія аўтар часам падае ў міфалагізаванай, прапушчанай праз народную свядомасць інтэрпрэтацыі.
Сёння творчая спадчына Вульфа Сосенскага захоўваецца ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх (ф. 21, адз. зах. 568 — 571), архіве Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, а таксама ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 136) — былым Цэнтральным дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва БССР, куды легендарны нашанівец перадаў свае артыкулы і перапіску перад ад’ездам у эміграцыю. Архіў В. Сосенскага хавае ў сабе яшчэ шмат матэрыялу для магчымых публікацый, якія, безумоўна, зацікавяць літаратуразнаўцаў, фалькларыстаў, краязнаўцаў і гісторыкаў.
Віктар ЖЫБУЛЬ, кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ
Фота з фондаў ІМЭФ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/vulf-sosenski
[2] https://zviazda.by/be/tags/litaratura