Патэнцыял інвестыцыйных магчымасцяў Еўрасаюза ў Беларусі пакуль што выкарыстоўваецца не ў поўнай меры, у тым ліку ў транспартна-лагістычнай сферы. Пра гэта заявіў Андрэй КАБЯКОЎ, прэм'ер-міністр Беларусі, падчас міністэрскай канферэнцыі па тэматыцы ўзаемасувязяў і сумяшчальнасці ў рэгіёне Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы «Наводзячы масты паміж Еўропай і Азіяй».
«Мы спадзяёмся, што ўзаемадзеянне Беларусі з сумежнымі еўрапейскімі краінамі і міжнароднымі фінансавымі структурамі ў галіне транспарту дазволіць правесці мадэрнізацыю прыгранічнай транспартнай інфраструктуры і ліквідаваць вузкія месцы на гэтых участках шляху, якія стрымліваюць транспартныя патокі. Цеснае ўзаемадзеянне таксама паспрыяе рэканструкцыі аўтамабільных магістраляў міжнародных транспартных калідораў і павысіць хуткасць перамяшчэння па іх», — паведаміў Андрэй Кабякоў.
Кіраўнік Саўміна таксама адзначыў, што патэнцыял інвестыцыйных магчымасцяў Еўрасаюза ў Беларусі пакуль што выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. Пэўныя магчымасці ў плане прыцягнення еўрапейскіх фінансавых рэсурсаў у Беларусь для рэалізацыі праектаў у транспартна-лагістычнай сферы могуць адкрыцца ў выпадку прыняцця прапанаванага Еўракамісіяй плана знешніх інвестыцый, а таксама ўдзелу ў ініцыятыве «Злучаючы Еўропу».
У сваю чаргу намеснік генеральнага сакратара ЦЕІ Маргот Клесціль-Лефлёр зазначыла, што арганізацыя гатова і далей развіваць супрацоўніцтва, паляпшаць інвестыцыйны клімат у рэгіёне. «Я хацела б выказаць сваю ўдзячнасць беларускаму старшынству ў ЦЕІ за выдатную работу, якая праводзіцца», — дадала яна.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/transpart
[4] mailto:pustavіt@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/andrey-kabyakou