— Да кацянят паедзем? — пытаецца сын перад выхаднымі.
— А ты думаеш, яны цябе яшчэ не забылі?
— Вядома! Яны ж памятаюць сваё дзяцінства!
Вывучаем з сынам тэму «Свойскія жывёлы».
— Якую карысць яны прыносяць? — пытаюся ў Дані.
— Кот ловіць мышэй, карова дае малако, свіння... прыносіць сама сябе.
Ляжалі ў бальніцы з алергіяй. Уначы прыйшлося зрабіць малому два ўколы.
— Два ўколы, цэлыя два ўколы! — абураўся сын. — Вось дык сюрпрыз! Ніякай павагі да мяне!
— Каго ты запросіш на дзень нараджэння? — пытаюся ў сына.
— Майго сябра Міцю.
— І ўсё?
— Так, аднаго хопіць, бо інакш мы можам ўсю кватэру «разнесці».
Даню ў бальніцы трэба было зрабіць укол.
— Пазавіце яшчэ адну медсястру, — кажу я, бо ведаю, што сын моцна вырываецца, калі робяць укол.
Даня, гледзячы на абедзвюх медсясцёр:
— Вы і ўдзвюх са мной не справіцеся!
Пасля таго як дзядуля, нагуляўшыся з малым, паехаў дадому, Даня рэзюмаваў:
— Шкада, што ў Вовы так хутка энергія заканчваецца.
— Мама, такіх сюрпрызаў, як я, ніхто з дзяцей сваім мамам не робіць, — загадкава кажа сын.
— Ты пра што?
— Я сам апрануўся!
Пасля прагляду кулінарнай перадачы Даня гуляе са сваім «пластылінавым» цестам:
— Каб цеста «дыхала», я зраблю ў ім дзіркі...
Запісала Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yana-lychkouskaya
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta