З 15 па 17 чэрвеня пройдзе турнір для ветэранаў, затым спаборніцтвы працягнуць юнакі і юніёры, а з 21-га па 25 чэрвеня на памостах выступяць прафесіяналы. Чэмпіянат прымае сталічны Палац спорту, спаборніцкая праграма штодня пачынаецца з 10 раніцы.
Удзел у турніры возьмуць амаль 900 спартсменаў з 52 краін, у Мінск прыедуць наймацнейшыя зборныя — з ЗША, Украіны, Расіі, Канады. Звычайна атлеты менавіта з гэтых краін збіраюць самы багаты ўраджай узнагарод на аналагічных турнірах.
Беларускую зборную прадставяць 15 атлетаў. Найбольшыя надзеі ў гэтым відзе спорту сёлета ў нас звязваюць з сусветным рэкардсменам сярод моладзі па жыме лежачы Уладзіславам Папельскім, чэмпіёнкай свету 2016 года ў катэгорыі да 47 кг Таццянай Дамашынай, а таксама сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы гэтага года Сняжанай Зубко. На жаль, атрымаў траўму і не зможа прыняць удзел у гэтых спаборніцтвах заслужаны майстар спорту краіны па паўэрліфтынгу Аляксандр Грынкевіч-Суднік, у яго актыве ўжо ёсць чатыры перамогі на чэмпіянатах свету. У Мінску Аляксандр выступіць у якасці трэнера.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lobazhevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/pauerliftyng