Танец трактароў, экскаватары, здольныя стаяць на аўтрыгерах (вынасных апорах) пад неймавернымі вугламі і забіваць каўшом тонкія цвікі... На прадпрыемстве «Амкадор» ведаюць, як здзівіць публіку. Менавіта так святкавалі адкрыццё холдынга «Амкадор-Семаш», што спецыялізуецца на выпуску машын і агрэгатаў для сельгасвытворцаў.
Плануецца, што ў вытворчай лінейцы холдынга будуць створаны сельскагаспадарчыя агрэгаты і машыны для апрацоўкі глебы, сяўбы, паліву і ўнясення ўгнаенняў, аховы раслін, уборкі збожжавых і зернебабовых, караня- і клубняплодаў, а таксама абсталяванне для пасляўборачнай апрацоўкі і захоўвання збожжа. У склад холдынга ўвайшлі прадпрыемствы «Амкадор-Можа» і «Амкадор-Семаш». Вядзецца таксама работа па ўключэнні ў холдынг «Амкадор-Двмз» і «Элезер». Усе ўдзельнікі арганізацыі ўяўляюць сабой адзіны тэхналагічны рад, пры гэтым кожны вырабляе сваю наменклатуру дэталяў, вузлоў і агрэгатаў машын «Амкадор».
У магутнасці па выпуску сельскагаспадарчых машын і агрэгатаў плануецца ўкласці больш за 150 млн долараў. Сума вялікая, але апраўдвае мэту — ідэя развіцця холдынга накіравана на дасягненне 100-працэнтнага імпартазамяшчэння і лакалізацыі вытворчасці на тэрыторыі краіны. Гэта азначае хуткае асваенне вытворчасці абсалютна ўсёй лінейкі сельскагаспадарчых машын, абсталявання і агрэгатаў, якія адпавядаюць сусветным стандартам.
Па словах старшыні Савета дырэктараў «Амкадор» Аляксандра Шакуціна, «Амкадор-Семаш» за тры гады павінен выйсці на аб'ём вытворчасці ў 100 млн долараў пры ўмове, што будуць хутка рэалізаваныя інвестыцыйныя праграмы, атрымаецца стварыць новыя прадпрыемствы і мадэрнізаваць заводы, якія ўваходзяць у склад холдынга. Пры гэтым ён падкрэсліў, што 50% прадукцыі будзе пастаўляцца на экспарт.
У невялікім раённым цэнтры будзе створана больш за тысячу працоўных месцаў, паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка. Акрамя таго, заводы новага холдынга сфарміруюць канкурэнтнае асяроддзе для ўсёй галіны, дзякуючы таму, што вытворчасці, якія ўваходзяць у «Амкадор-Семаш», ствараюцца на самым сучасным тэхналагічным узроўні, купляецца найноўшае абсталяванне, прымяняюцца перадавыя тэхналогіі.
«Думаю, трэба і іншым нашым прадпрыемствам разумець, што месца хопіць усім і ў Беларусі, і за яе межамі, але трэба быць канкурэнтаздольнымі. Мы ж — краіна з адкрытай эканомікай, нам трэба 70% прадукцыі і паслуг прадаць на экспарт, каб жыць і развівацца», — падкрэсліў Уладзімір Сямашка.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:krуzhеvісh@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/amkador
[5] https://zviazda.by/be/tags/amkador-semash