Падведзены вынікі конкурсу творчых работ «Бежанцы: твой дом — мая крэпасць». Спаборніцтвы праходзілі ў дзвюх намінацыях: «Найлепшы плакат/фотаработа» і «Найлепшы відэаролік».
Самым лепшым стаў відэаролік, зняты курсантам Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Віктарам Стэлькіным. Работа пяцікурсніцы факультэта міжнародных адносін (ФМА) БДУ Антаніны Марозавай заняла ў гэтай намінацыі другое месца. А трэцюю пазіцыю падзялілі трэцякурснік ФМА Павел Лашук і творчая група ў саставе курсантаў Універсітэта грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі Арцёма Мельнікава і Аляксандры Саўчук.
У намінацыі «Найлепшы плакат/фотаработа» пераможцам быў прызнаны плакат «Наш дом — Зямля» студэнткі факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ганны Шчарбітавай. Прадстаўніца гэтай жа ўстановы студэнтка Анастасія Сцяпанчанка за серыю плакатаў «Свет. Адзінства. Роўнасць» і «Разам пад аховай» заняла другое месца. Замыкае тройку прызёраў студэнтка фармацэўтычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аліна Тычына са сваім плакатам «Працягні руку дапамогі».
Усяго ў гэтым годзе на конкурс было даслана 17 відэаролікаў і 36 плакатаў і фотаработ ад 39 студэнтаў і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў Беларусі.
Арганізатарамі конкурсу выступілі Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў і Міжнароднае грамадскае аб'яднанне па навукова-даследчых і інфармацыйна-адукацыйных праграмах «Развіццё». Мерапрыемства накіравана на прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем бежанцаў, садзейнічанне фарміраванню талерантнасці і паважлівага стаўлення да гэтай катэгорыі грамадзян.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] mailto:nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/bezhancy
[7] https://zviazda.by/be/tags/konkurs