Ушацкі раён знаходзіцца ў цэнтры Віцебшчыны. На 45% тэрыторыі — лес. А Ушацкая група азёр — другая па велічыні ў краіне пасля Браслаўскай. Гэтыя фактары, як і іншыя акалічнасці краю, прыцягваюць сюды інвестараў. Многія праекты ўжо рэалізуюцца. Якія ўмовы стварае мясцовая ўлада для ўкладання капіталу ў рэгіён? «Звязда» спытала пра гэта намесніка старшыні Ушацкага райвыканкама Валянціну Хамёнак.
— На віцебскім інвестыцыйным форуме, у павільёне, дзе быў прадстаўлены раён, дэманстравалася і прадукцыя на экспарт. З якімі краінамі вядзецца супрацоўніцтва?
— Знешнегандлёвыя аперацыі прадпрыемствамі Ушаччыны ажыццяўляюцца з 10 краінамі свету, экспарт накіроўваецца ў восем краін. Асноўныя продажы — у Расійскую Федэрацыю — 63%. У Літву — 21%, Аўстрыю — амаль 9%. Нашу прадукцыю таксама купляюць у Казахстане, Эстоніі, Польшчы...
Рэалізуем рубленыя драўляныя канструкцыі, піламатэрыялы і іншае з дрэваапрацоўкі, тубы кардонна-папяровыя, кошыкі плеценыя, спажывецкія тавары і г. д.
Галоўны кірунак экспарту — турыстычныя паслугі. На іх прыпадае 74,5%. Асноўны экспарцёр — санаторый «Лясныя азёры». Ён пабудаваны ва ўнікальным месцы, каля Баркоўшчынскай крыніцы. У яе жалезістыя і серныя воды не саступаюць па сваіх якасцях мінеральным водам Каўказа. Яны эфектыўна выкарыстоўваюцца для лячэння хворых рэўматызмам і паралічам нервовай сістэмы. У 2003 годзе, пасля ўвядзення ў строй новага лячэбнага корпуса, у пансіянаце праходзяць курс лячэння з захворваннем органаў дыхання, нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм, апорна-рухальнага апарату.
Брэндам раёна стала мінеральная вада «Вячэлле» Ушацкага агароднінасушыльнага завода. Здабываецца яна на глыбіні да 300 метраў.
У нас таксама наладжаны экспарт медыцынскіх паслуг: згаданым вышэй санаторыем і цэнтральнай раённай бальніцай.
— Як сябе адчувае на Ушаччыне малы бізнес?
— У раёне зарэгістравана каля 90 суб'ектаў малога бізнесу. А гэта 45% ад усіх формаў уласнасці. Дзейнічаюць і каля 170 індывідуальных прадпрымальнікаў. Найбольшая колькасць прыватных унітарных прадпрыемстваў — каля 53% — працуюць у сферы гандлю і грамадскага харчавання. У прамысловасці — 14%, будаўніцтве — 13,5%, транспарце — 13%.
Адна з прыватных структур — акцыянернае таварыства «Лес», акрамя таго, што займаецца вытворчасцю піламатэрыялаў, спецыялізуецца на перапрацоўцы ягад. Яго дражэ «Журавіны ў цукры» карыстаецца добрым попытам. А прыватнае вытворчае прадпрыемства «Кват» робіць зборку спецыяльнага абсталявання, якое можа забяспечваць электрычнасцю невялікі пасёлак. Прадпрыемства «ПрамБудЛід» праектуе і вырабляе, а таксама манціруе драўляныя дамы...
— Ці ёсць інтарэс у інвестараў да турыстычнай галіны?
— Так. У нас каля 10 турыстычных сядзіб. Распрацавана прыблізна 30 маршрутаў для розных відаў транспарту, а таксама пешых.
Мы прапануем укладваць грошы ў гэты кірунак бізнесу. Даём магчымасць набыць аб'екты, якія не выкарыстоўваюцца. Сярод іх і будынак сядзібнага дома XІX стагоддзя ў аграгарадку Арэхаўна. Базы адпачынку можна стварыць у будынках былых школ, камбінатаў бытавога абслугоўвання. Рыхтуем спіс зямельных участкаў для стварэння турыстычнай інфраструктуры. Адпаведнае даручэнне было дадзена кіраўніком дзяржавы.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:pukshanskі@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekspart
[5] https://zviazda.by/be/tags/kapital
[6] https://zviazda.by/be/tags/ushachy
[7] https://zviazda.by/be/tags/biznes
[8] https://zviazda.by/be/tags/investar