У аграгарадку Ракаў Валожынскага раёна ў ноч з 24 на 25 чэрвеня шырока адзначалася фальклорнае свята з нагоды летняга сонцастаяння, якое ў народзе называюць Купаллем.
Менавіта ў гэтыя дні сонца дасягае свайго апагея і паварочвае на восень. У адпаведнасці з земляробчым календаром славян — нашых продкаў, — ракаўцы ўжо не першы год наладжваюць купальскі абход паселішча, заклікаючы жыхароў на свята.
Само святочнае дзейства адбываецца на старажытным гарадзішчы каля ракі Іслач. Дзяўчаты і хлопцы, упрыгожаныя вянкамі з палявых кветак, апранутыя ў народныя строі, водзяць карагоды вакол вогнішча і спяваюць аўтэнтычныя абрадавыя песні, услаўляючы росквіт прыроды і аддаючы пашану нашым далёкім продкам. Гэтым разам гаспадаром купальскай ночы быў вядомы гурт «Гасцінец» — захавальнік і папулярызатар песеннай і абрадавай спадчыны, да яго далучыліся маладзёжныя фальклорныя гурты са сталіцы і школьнікі з вёскі Путчына Дзяржынскага раёна, студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Усю ноч гучалі мелодыі і найгрышы на народных інструментах у выкананні самабытных музыкаў.
Анатоль Кляшчук,
фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/kupalle