Чым большы шлюбны стаж, тым вышэй незадаволенасць адно адным, кожны пачынае бачыць у партнёру непрыемныя рысы. Яны былі, безумоўна, і да шлюбу, але ў «мядовыя» гады проста ігнараваліся. Акрамя таго, непрыемныя асабістыя якасці могуць развіцца ў мужа або жонкі з цягам часу. Узнікаюць незадаволенасць, узаемнае раздражненне, варожасць і нават нянавісць.
— Многія пары перажываюць нейкія канфлікты і становяцца менш патрабавальнымі, не зацыкліваюцца на дробязях, — расказвае намеснік галоўнага ўрача па памежнай псіхіятрыі Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Наталля БЕРАЗОЎСКАЯ. — Мяркую, што мастацтва шлюбнага жыцця заключаецца не ў тым, каб пазбягаць нейкіх праблем, а цярпліва вырашаць адну жыццёвую задачу за другой.
Як жа бачаць сітуацыю людзі, якія жывуць у стабільным шлюбе?
Яны лічаць, што сям'я — сама па сабе каштоўнасць, і імкнуцца да сямейнага жыцця. Іх бацькі былі сямейнымі людзьмі. Сямейным жыццём жылі і іх бабулі/дзядулі. Яны мала разважаюць на тэму ўдаласці іх шлюбу. З самага пачатку адмаўляюцца ад патэнцыяльнай магчымасці разводу і настроены вырашаць любыя праблемы свайго шлюбу ў бок яго захавання.
Сямейная азбука такіх пар пачынаецца з «мы». Кожны імкнецца прыглушыць сваё «я».
У працяглых і шматгадовых шлюбах жывуць людзі, якія імкнуцца быць разам, для якіх мае значэнне сама магчымасць клапаціцца пра некага. Той, хто пражыў у шлюбе шмат гадоў, лічыць, што ні ў адным шлюбе немагчыма задаволіць усе свае жаданні і патрэбы. Любы шлюб звязаны з абмежаваннямі: свабода аднаго чалавека абмежавана свабодай другога.
У шлюбе яны сутыкаюцца з пэўнымі праблемамі і пры гэтым кажуць, што без праблем немагчыма. З іншым партнёрам — іншыя праблемы.
У любым канфлікце яны не вінавацяць партнёра, а шукаюць прычыну ў сабе. У нацягнутасці ў стасунках амаль заўсёды вінаватыя абодва, і калі нехта «праштрафіўся», то цалкам магчыма, што глеба для гэтага была падрыхтавана другім.
У працяглых шлюбах людзі ўмеюць не толькі стаць на месца іншага, але і з годнасцю быць на сваім у канкрэтнай сітуацыі. Адказнасць за свае ўчынкі, прыняцце свайго пройгрышу, памылковасці — гэта ўменне, якое само не прыходзіць, яго неабходна цярпліва і настойліва выхоўваць. Яны давяраюць адно аднаму. Неабходна выхоўваць у сабе імкненне захаваць давер, апраўдаць яго. Становяцца сябрамі яго (яе) сяброў
Святлана БАРЫСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] mailto:protas@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/psihalogiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/shlyub