Сёлета спаўняецца 25 гадоў наладжванню дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і В'етнамам. Супрацоўніцтва з гэтай азіяцкай краінай выглядае перспектыўным і для прыватнага бізнесу, і для дзяржаўных прадпрыемстваў. Мэта на найбліжэйшы час — дасягнуць тавараабарот у $500 млн. Пра тое, як развіваць супрацоўніцтва, ішла размова падчас афіцыйных перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам В'етнама Чан Дай Куангам у Палацы Незалежнасці ў Мінску.
Падчас перагавораў Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і В'етнам аб'ядноўвае гісторыя доўгіх адносін. Беларускі народ быў побач і ў цяжкі перыяд в'етнамскай гісторыі: падчас вайны. А пасля дапамагаў аднаўляць краіну. Кіраўнік беларускай дзяржавы запэўніў, што курс на працяг добрых адносін застаецца нязменным. Гэта датычыцца як палітыкі, так і гандлю.
Беларусь гатова не толькі пастаўляць айчынную прадукцыю, але і закупляць в'етнамскую. Нас цікавяць пастаўкі морапрадуктаў, рысу, чаю, кавы, садавіны, каўчуку... Для развіцця гандлёва-эканамічных сувязяў магчыма пашыраць пастаўкі беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, кандытарскіх вырабаў, машынакамплектаў. Праз В'етнам адкрываецца рынак краін-удзельніц Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі. Але зараз аснову нашага супрацоўніцтва складае прамкааперацыя.
Прэзідэнт Беларусі запэўніў, што кампаніі В'етнама могуць удзельнічаць у рэалізацыі праектаў у Беларусі, у тым ліку ў галінах сельскай гаспадаркі, прамысловасці і турызму. Зона свабоднага гандлю паміж В'етнамам і Еўразійскім эканамічным саюзам дае магчымасць для развіцця больш цеснай кааперацыі. Дарэчы, у В'етнаме да канца гэтага года плануюць стварыць сумесную вытворчасць грузавой тэхнікі МАЗ, а ў перспектыве — новую вытворчасць гарадскіх пасажырскіх аўтобусаў.
Імпульс для далейшага развіцця эканомікі дае і супрацоўніцтва кампаній, напрыклад, БелАЗа, вытворцы кар'ернай тэхнікі, і Vіnасоmіn, в'етнамскай горназдабыўнай кампаніі. Існуе пэўная зацікаўленасць для сумесных інфраструктурных праектаў. Так, у В'етнаме працуе прадстаўніцтва «Мінскметрапраекта», гатовае выканаць заказы рознай цяжкасці, таму Аляксандр Лукашэнка прапанаваў спраектаваць станцыі метро «Мінская» ў Ханоі і «Беларуская» ў Хашыміне.
Пасля перагавораў быў падпісаны шэраг дакументаў, у тым ліку сумесная заява прэзідэнтаў, накіраваная на ўмацаванне ўзаемавыгаднага партнёрства. Важна, што Брэсцкая вобласць разам з в'етнамскай правінцыяй Лаакай падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. «Гэта доказ самых сур'ёзных намераў у гэтым напрамку», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Вопыт развіцця міжрэгіянальных адносін з іншымі краінамі паказвае добры вынік як у гуманітарнай, так і ў гандлёва-эканамічнай сферы. «Яшчэ больш зблізіць нашы народы здольна супрацоўніцтва ў такіх галінах, як адукацыя, навука, спорт, культура», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт В'етнама Чан Дай Куанг дадаў, што пашыраць супрацоўніцтва з Беларуссю магчыма не толькі ў эканоміцы, але і ў сферы абароны і бяспекі. В'етнам падзяляе погляды Беларусі па многіх пытаннях на міжнародных форумах, запэўніў ён. Агульныя намаганні дадуць імпульс для развіцця абедзвюх краін, не сумняваецца в'етнамскі лідар.
Надзея АНІСОВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-anisovich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] mailto:аnіsоvісh@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/vetnam