Невычэрпнай тэмай для літаратара любых часоў і жанраў па-ранейшаму застаецца чалавечая адзінота — адзінота ў неабсяжным свеце незлічоных магчымасцяў. Знайсці сапраўднага сябра, водгук на любоў і пяшчоту нават у асяродку блізкіх і родных не заўсёды проста. Мабыць, таму, што ўсе мы так ці іначай блукаем лабірынтамі ўласнай самоты і так занятыя пошукамі выйсця, што не заўважаем тых, хто крочыць поплеч…
Дзіўна гучаць такія разважанні ў дачыненні да дзіцячай казкі. Аднак кніга Надзеі Ясмінскай «Васковы чараўнік, альбо Казка грукаецца ў дзверы» («Чатыры чвэрці», 2017 год, мастак Эльвіра Авечкіна) — сапраўды гісторыя пра адзіноту маленькага чалавека ў вялікім свеце дарослых стасункаў. У сучасных артыкулах па дзіцячай псіхалогіі ўсё часцей вядзецца гаворка пра тое, што сістэма абагуленых правілаў і абмежаванняў, якой мусіць падпарадкоўвацца дзіця, як толькі пачынае хадзіць у садок і школу, нівелюе індывідуальнасць і ў пэўным сэнсе забірае права на дзяцінства. Бяда ў тым, што бацькі часам таксама пазбаўляюць сваіх дзяцей гэтага права, патрабуючы, каб яны «не паводзілі сябе як маленькія» і «не засмучаліся з-за ўсялякай драбязы».
Гэткія штодзённыя псіхалагічныя здрады — вынік адсутнасці ўмення прыслухоўвацца, прыглядацца, выходзіць са сваіх лабірынтаў самоты насустрач любові і паразуменню. Як часта многіх з нас, цяперашніх мамаў і татаў, заклікалі ў дзяцінстве быць дарослымі! І мы стараліся як маглі, таму што «быць маленькім» — нібыта крыху сорамна... Урэшце выгадавалася некалькі пакаленняў, якія «праехалі сваё дзяцінства транзітам» і цяпер ані псіхалагічна, ані маральна не ў стане падараваць сваім дзецям магчымасць быць маленькімі, гарэзлівымі, непаслухмянымі, шумнымі, неабачлівымі — творчымі і непасрэднымі. Надзея Ясмінская ў сваёй новай кнізе спрабуе навучыць чытачоў (і дарослых, і маленькіх) не гарадзіць вакол чароўнага свету дзяцінства непралазны плот з усялякіх забаронаў і патрабаванняў, а паспрабаваць прыслухацца адно да аднаго і пачуць галоўнае — голас любові.
Гераіня казачнай аповесці «Васковы чараўнік, альбо Казка грукаецца ў дзверы», адзінаццацігадовая школьніца Лаўра Буранкова, жыве марамі, фантазіямі і неспатоленай прагай любові. Мама — бухгалтар, вечна спазняецца на працу і жыве ў бясконцым прадчуванні бяды. Тата — праграміст, таму «яго спіну дачка бачыць часцей, чым вочы». Яны, безумоўна, любяць адно аднаго, проста ў штодзённай мітусні часам страчваюць адчуванне, што важна, а што — не. Каб дапамагчы ім, у доме з’яўляецца той самы васковы чараўнік — дзядуля Чэй, убачаны Лаўрай у пляме воску з няроўнымі абрысамі падчас жартоўнай варажбы.
У Лаўры няма ані брата ці сястры, ані хатняй жывёлінкі, ані добразычлівай суседкі, і нават яе адзіная сяброўка саромеецца кантактаваць з ёй адкрыта, каб не засмяялі ў школе. Бо Лаўра лічыцца цяжкім дзіцёнкам, дзіўнаватым і занадта паглыбленым у сябе. Васковы чараўнік бярэцца вывесці дзяўчынку і яе блізкае атачэнне з замкнёнага кола самоты, і акурат тады пачынаюць здзяйсняцца мары і адбывацца цуды: звычайная шафа ў вітальні становіцца праходам у гасцёўню са шпалерамі, якія штодня мянялі колер; плюшавыя цацкі-жывёлінкі на заплечніку Лаўры пераўтвараюцца ў сапраўдных, жывых істот (сабака Бісквіт, котка Юта), лялька Барбі — у маладую настаўніцу-практыкантку Варвару, фігурка Лучніка ўвасабляецца ў новым абліччы аднакласніка Вадзіма Лучкіна. Гераіня трапляе ў свет здзейсненых мараў, але, як водзіцца, за гэта трэба плаціць: выйсці на змаганне са змрочнікамі (мрачниками) і злобаратнямі, каб адшукаць тры чароўныя маткі нітак, з якіх дзядуля Чэй звяжа заплаткі для ўратавання гармоніі свету (заплаткамі можна зацыраваць дзірку, праз якую ў горад трапляюць страхі, што жывуць у падсвядомасці мінакоў). Калі дзіця будзе ўспрымаць найперш цікавы прыгодніцка-фантастычны сюжэт, то бацькі ўбачаць і больш глыбокія тэмы.
Лаўра атрымлівае магчымасць не толькі займець сапраўдных сяброў-жывёлінак і атрымаць ад іх той кавалачак цяпла і пяшчоты, якога ёй не ставала (бо ў сабак і катоў, на шчасце, няма тэрміновых справаздач, як у мамы), але і сустрэцца з іншымі «варыянтамі» дарослых, зрабіць адкрыццё, што яны «могуць быць не толькі сваякамі, але і сябрамі». Гэткай уяўляецца настаўніца Варвара, якая замяняе Раісу Конаўну на час хваробы. Яна прапаноўвае пісаць не «изложение», а «воображение», замест адзнак раздае пірожныя (чым вышэйшая адзнака, тым большая пірожка), на ўроках батанікі вучыць правільна карміць з рукі вавёрак, але самае галоўнае — распавядае пра важнасць узаемадзеяння: «Як толькі вы зразумееце, што патрэбна іншаму, вы навучыцеся ўзаемадзейнічаць, і тады станеце на крок бліжэйшыя адно да аднаго». Гэта не толькі пра тое, чым карміць у парку вавёрак.
Аднак і тут гераіню чакае расчараванне: чарадзейныя змены ў наваколлі бачыць толькі яна, і таму сяброўка, з якой яна дзеліцца радасцю новых уражанняў, робіць выснову, нібыта Лаўра захварэла і трызніць ад высокай тэмпературы. З замкнёнага кола самоты ў рэальным жыцці Лаўра трапляе ў замкнёнае кола сваіх фантазій, няісных для астаніх. Вядома, дзіцячая кніга не павінна несці адчування безвыходнасці. Надзея Ясмінска прапаноўвае трэці варыянт: ствараць уласнае чарадзейства — не заклінаннямі і сувязямі з містычнымі асобамі, а верай у свае здольнасці, веды, талент, смеласць. Магчыма, адной з самых вялікіх цяжкасцяў таго часу, калі дзіця ўступае ў створаную дарослымі сістэму кіравання / падпарадкавання, акурат і ёсць паступовая страта веры ў сваю непаўторнасць. Разам з няўпэўненасцю гадуюць дзеці ў сваіх галовах маленькіх пачварак, якія мацнеюць з году ў год і выпраўляюцца з чалавекам у дарослае жыццё. Каб гэтага не адбывалася, важна ведаць, дзе шукаць чароўныя ніткі і як правільна рабіць латкі. Казачная метафара вельмі лёгка пераносіцца на рэальнае жыццё, бо «цуды не знікаюць, нават калі сыходзяць чараўнікі».
Жана КАПУСТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zhanna-kapusta
[2] https://zviazda.by/be/tags/krytyka