Музычны дом “Класіка” і салісты Вялікага тэатра Беларусі чарговы раз разбурылі стэрэатып пра тое, што опера — гэта сумна, гэта толькі для падрыхтаванай публікі. Сумесна з музычным тэатрам “Галерэя” яны запрасілі публіку на камедыю “Опера ў піжаме”.
Сюжэт камедыі быццам бы немудрагелісты: музычны крытык Сідар Кабыздох упершыню ў жыцці напісаў станоўчую рэцэнзію і вырашыў падарыць часопіс артыстам. І вось, наблізіўшыся да іх па—за сцэнай, ён даведаўся, што “аказваецца, оперныя спевакі не такія ўжо святыя людзі”. Героі трапляюць у камічныя сітуацыі. Як тут не паспачуваць маладой спявачцы Святлане Пігаліцы, якая марыла пра “прынца на белым кані, а ёй дастаўся былы ва ўжыванні спячы конь”?
Па ходзе дзеяння папулярныя арыі з опер “Кармэн”, “Дон Жуан”, “Вяселле Фігара”, “Пікавая дама”, “Яўген Анегін”, “Кандзід”, “Князь Ігар”, “Лакмэ”, “Травіята” і “Трубадур” перамяжоўваюцца з дасціпнымі дыялогамі герояў.
Аўтар сцэнарыя “Оперы ў піжамах” — саліст Вялікага тэатра Беларусі Эдуард Мартынюк. Ён расказаў, што ідэя спектакля ў жанры опера-пастічыа з удзелам оперных артыстаў належыць дырэктару Музычнага дома “Класіка” Аляксандру Чахоўскаму. “Калі складаў лібрэта, я дакладна ведаў, для каго пішу кожную ролю, — расказаў Эдуард Мартынюк. — У спектаклі занятыя таленавітыя людзі, аднадумцы па духу, якія любяць пажартаваць. Нам гэтая праца дастаўляе каласальнае задавальненне”. Спектакль папулярны і ў публікі, таму прыйшлося задумацца аб другім складзе артыстаў. Да таго ж нашы оперныя артысты запатрабаваныя не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Той жа Эдуард Мартынюк з'яўляецца запрошаным салістам Вялікага тэатра Расіі, эстонскага тэатра “Ванемуйнэ”, Нацыянальнага тэатра Чэхіі, Нацыянальнага тэатра Венгрыі, Цюрыхскага опернага тэатра і тэатра ў Эрфурце.
Эдуард Мартынюк зазначыў, што для ўдзелу ў гэтым спектаклі мала быць таленавітым артыстам, патрэбна яшчэ і каласальная працаздольнасць, таму што спяваць даводзіцца шмат і не самыя простыя і лёгкія партыі. У першым складзе спектакля задзейнічаны цудоўны ансамбль маладыx артыстаў на чале з народным артыстам Беларусі Уладзімірам Пятровым — Віктар Мендзелеў, Маргарыта Ляўчук і Кацярына Міxнавец. У спектаклі 21 чэрвеня ў Мінску гледачы таксама пазнаёміліся з яшчэ адной Святланай Пігаліцай, ролю якой выконвала Вікторыя Красінская — стажор опернай трупы Вялікага тэатра. Эдуард Мартынюк як саліст менш за іншых калег заняты ў гэтым спектаклі, але які ён яркі і артыстычны!
Народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў — сапраўдны рыцар сцэны. Багаты оперны рэпертуар, арыі з аперэт, рамансы і песні савецкіх кампазітараў — яму падуладна ўсё. Тым не менш Уладзімір Пятроў на сцэне ў піжаме — гэта было нечакана! А ўражанні – самыя лепшыя!
“Для мяне гэта вельмі цікавы эксперымент. Нельга ўвесь час бегчы па адной каляіне, — сказаў Уладзімір Пятроў. — Гэты спектакль для артыстаў — свайго роду капуснік, мы атрымліваем задавальненне ад таго, што адбываецца на сцэне, дзесьці пасмейваемся над сабой і самае галоўнае — адчуваем, што публіка атрымлівае пазітыўныя эмоцыі. Вельмі прыемна бачыць усмешлівыя твары. Мы быццам бы дурэем на сцэне, але гэта не здымае адказнасці перад публікай — спевы павінны быць выдатнымі. Упэўнены, што спектакль працуе на папулярызацыю оперы. Зараз такі час, што статычныя канцэрты людзям не цікавыя, а гумар — гэта найлепшы сродак растапіць сэрцы нават тых, хто ніколі не быў у оперы”.
Мэтр не сумняваецца, што, убачыўшы яркую і эмацыйныу акцерскую ігру, падмацаваную добрым вакалам Кацярыны Міхнавец, Вікторыі Красінскай і Маргарыты Ляўчук хоць бы некалькі чалавек захочуць убачыць салістак на опернай сцэне.
“І напішыце хоць раз што—небудзь добрае пра дырыжора”, — пранікнёна звярнуўся дырыжор Ной Загонны да Сідара. А дырыжыраваў сімфанічным аркестрам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі Вячаслаў Чарнуха—Воліч. “Люблю гэты спектакль, — сказаў маэстра. – Падчас школьных гадоў удзельнічаў у капусніках і цяпер не адмаўляюся пажартаваць і падурэць на сустрэчах выпускнікоў. “Опера ў піжаме” — дасціпны, лёгкі, хупавы спектакль, без пошласці, нягледзячы на намёкі на некаторыя акалічнасці. У спектаклі выконваюцца папулярныя арыі, якія на слыху нават у тых, хто ніколі не быў у оперным тэатры. Думаю, што пасля гэтай пастаноўкі хтосьці ды захоча прыйсці ў тэатр на вялікі сур'ёзны спектакль”.
Безумоўна, аркестр на сцэне — гэта жывая душа спектакля. “У Мінску мы закрываем сезон і адпраўляемся на гастролі: 27 чэрвеня будзем у Брэсце, 4 ліпеня — у Гродне. У гэтых гарадах мы будзем працаваць з мясцовымі аркестрамі, мы не прызнаем ніякіх палегчаных гастрольных варыянтаў. У любым горадзе спектакль павінен ісці на высокім узроўні, зрэшты, па—іншаму ў нашых артыстаў і не можа быць, — падзяліўсянай бліжэйшымі планамі дырэктар Музычнага дома “Класіка” Аляксандр Чахоўскі. — Мы з задавальненнем прыедзем на гастролі ў любы пункт Беларусі, і не трэба баяцца слова “Класіка”, таму што паверце: класічную музыку любяць усе, але не ўсё яшчэ пра гэта ведаюць”.
Нагадаем, што Музычны дом “Класіка” з'явіўся ў 2012 годзе. Першы ў Беларусі оперны флэшмоб, “ажыўленне” музейнай экспазіцыі ў Нясвіжскім палацы, праект “Класіка каля Ратушы”, гастролі па нашай краіне маладых і даўно знакамітых за яе межамі Кірыла Кедука, Івана Карызны і Арцёма Шышкова — гэта малы пералік таго, што зрабіла кампанія Аляксандра Чахоўскага.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Фота Алексея Казнадзея
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/teatr
[4] https://zviazda.by/be/tags/opera