Не так даўно зачапіў за жывое тэлесюжэт пра сабаку, які на трасе каля Іўя чакае свайго гаспадара. Зачапіў таму, што на Іўеўшчыне нарадзіўся мой муж, што сабака быў некалі першай жывёлай, якую прыдбалі, калі пажаніліся.
Шчанюка — малога, пацешнага — муж, помню, «купіў» за бутэльку гарэлкі. Мы разам шукалі яму імя і ўрэшце назвалі Бімам. «Глядзіце, каб не Бімкай аказаўся», — выказаў сумненні калега, і як у ваду паглядзеў. Гаспадар шчанят падмануў нас: Бім аказаўся «дзяўчынкай», затое якой — словамі не перадаць!
Хутка мы купілі матацыкл і сталі часцей некуды з'язджаць: то нам трэба ў госці, то па нейкай патрэбе ў горад...
Бімка заўсёды чакала нас у варотах і сустракала потым, ледзь не шалеючы ад радасці, што мы з'явіліся, што яе не кінулі...
Яна была нібы той званочак: моўчкі не прапускала нікога...
А побач праходзіла дарога да калгасных буртоў: нехта хадзіў, мусіць, красці, і Бімка яму перашкаджала. Карацей — атруцілі бедную, і потым дня не было, каб мы пра яе не ўспомнілі...
Дагэтуль у памяці і наш Том. Ён з'явіўся пазней, у нас ужо былі дзеці, мы атрымалі кватэру. А насупраць было бойкае месца: будынак, у якім размяшчаліся пошта, ФАП, камбінат бытавога абслугоўвання...
Вось там і кінуў нехта сабаку, прычым, відаць, з пародзістых, падобных на коллі! Знаёмы сказаў нам, што з такіх выходзяць добрыя пастухі. І сапраўды: мы не маглі нацешыцца, што ўзялі гэтага сабаку. Наш Том выдатна пасвіў кароў! Нават тады, калі... аслеп.
А неяк зімой ён уваліўся ў ваду. Муж, нягледзячы на адгаворы мужчын, папоўз яго ратаваць. І такі ж выцягнуў!
Пасля гэтага ўдзячны Том хадзіў за ім, як нітка за іголкай, адпускаў толькі нанач...
Вось я і думаю, як бы людзям навучыцца падобнай вернасці?!
Г. ПЯТРОЎСКАЯ, в. Ардашы, Смаргонскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/listy-u-redakcyyu
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyvely