У якой форме павінны праходзіць уступныя іспыты ў ВНУ і ці можа тэст аб'ектыўна ацаніць, наколькі прэтэндэнт на студэнцкі білет добра арыентуецца ў дакладных або гуманітарных навуках? Дэбаты на гэтую тэму ў нашым грамадстве працягваюцца. І калі адны лічаць, што тэсты, асабліва па дакладных навуках, сталі празмерна лёгкімі, то іншыя працягваюць шукаць у іх пытанні і задачы, што выходзяць за рамкі школьнай праграмы. І першыя, і другія ўпэўнены, што яны маюць рацыю. А тым часам прыёмная кампанія перасягнула экватар. Праз некалькі дзён абітурыенты атрымаюць у пунктах правядзення ЦТ свае сертыфікаты: кагосьці яны парадавалі, кагосьці — засмуцілі. А 12 ліпеня прыёмныя камісіі распачнуць прыём дакументаў.
Графік прыёмных камісій
У бягучым годзе беларускія ВНУ плануюць набраць на «бюджэт» 27,2 тысячы студэнтаў. З іх 22,2 тысячы — на дзённую форуму навучання, астатнія 5 тысяч — на завочную. На платную форму навучання мяркуецца прыняць 31 тысячу чалавек (16,2 тысячы чалавек будуць атрымліваць вышэйшую адукацыю завочна). Такім чынам, агульны набор на бюджэтную і платную форму навучання складае 58,2 тысячы чалавек (летась агульны план набору перавышаў 63 тысячы першакурснікаў).
Варта нагадаць, што ў сувязі з увядзеннем чацвёртай дысцыпліны на ЦТ і трох рэзервовых дзён для здачы тэсціравання, тэрміны пачатку прыёму дакументаў на бюджэтную форму навучання пасунуліся на чатыры дні (летась прыём дакументаў на «бюджэт» распачынаўся 8 ліпеня). Прыёмныя камісіі будуць прымаць у абітурыентаў дакументы да 17 ліпеня.
А з 18 ліпеня распачынаюцца ўступныя выпрабаванні, якія праводзяцца непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Маюцца на ўвазе экзамены па творчасці, фізічнай культуры, а таксама экзамены для абітурыентаў, якія паступаюць на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі на скарочаныя тэрміны навучання.
Уступныя іспыты арганізаваныя толькі ў адну сесію: як для асоб, што паступаюць за кошт сродкаў бюджэту, так і на платнай аснове.
Ад абітурыентаў, якія паступаюць на платнай аснове, але не здаюць уступныя экзамены ў ВНУ, дакументы будуць прымацца:
- з 12 па 31 ліпеня — у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС;
- з 12 ліпеня па 2 жніўня — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў;
- з 12 ліпеня па 4 жніўня — ва ўсіх іншых установах вышэйшай адукацыі.
Гутарка для будучых педагогаў
Вельмі важнае змяненне ў новай рэдакцыі правілаў датычыцца выпускнікоў педагагічных класаў. Яны могуць паступаць на педагагічныя спецыяльнасці без здачы ЦТ — толькі па выніках гутаркі. Праўда, не ўсе з іх, а толькі тыя, хто мае ацэнкі па профільных прадметах не ніжэйшыя за 8 балаў і не ніжэйшыя за 7 балаў — па ўсіх астатніх прадметах. Да таго ж, кожны прэтэндэнт на льготу павінен будзе прад'явіць у прыёмную камісію разгорнутую характарыстыку-рэкамендацыю, зацверджаную педсаветам установы адукацыі. А яна выдаецца па выніках створанага адзінаццацікласнікам уласнага партфоліа.
У пералік педагагічных спецыяльнасцяў, на якія без экзаменаў (пасля праходжання гутаркі) могуць залічвацца выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці, увайшлі 38 спецыяльнасцяў не толькі педагагічнага, але і навукова-педагагічнага профілю: «біялогія і геаграфія», «біялогія і хімія», «матэматыка і інфарматыка», «фізіка», «фізіка і інфарматыка», «сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога», «практычная псіхалогія», «дашкольная адукацыя» і іншыя.
Рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Аляксандр Жук канстатуе: «Мы разумеем, што частка нашых абітурыентаў можа пайсці на навукова-педагагічныя спецыяльнасці, у першую чаргу звязаныя з матэматыкай і фізікай. Яшчэ пэўная частка зробіць выбар на карысць рэгіянальных універсітэтаў, дзе таксама рыхтуюць кадры для сістэмы адукацыі. Але тым і цікавей... Менавіта ў канкурэнтнай барацьбе праяўляюцца вынікі паспяховай дзейнасці».
Летась, дарэчы, вынікамі прыёмнай кампаніі ў БДПУ засталіся задаволеныя. Першакурснікамі сталі 170 медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў з адзнакай. Конкурс сфарміраваўся на ўсіх спецыяльнасцях бюджэтнай формы навучання (дзённай і завочнай) у сярэднім два чалавекі на месца. У выніку БДПУ на 100% выканаў план прыёму на бюджэтныя месцы, прычым зроблена гэта было без абвяшчэння дадатковага набору.
Выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці, якія збіраюцца паступаць на педагагічныя спецыяльнасці па выніках гутаркі, падаюць дакументы з 12 па 14 ліпеня (і на «бюджэт», і на навучанне на платнай аснове).
Няўдача падчас прафесійнага адбору
Гутарка праводзіцца ў вуснай форме. Заданні (пытанні) для яе правядзення камісія складае ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай факультатыўнага курса «Уводзіны ў педагагічную прафесію. Х—ХІ класы». Рашэнне аб праходжанні або непраходжанні прымаецца большасцю галасоў членаў камісіі. Калі абітурыент не згодны з вынікам, ён можа падаць апеляцыю на імя старшыні камісіі ў дзень правядзення гутаркі. Апеляцыя падлягае разгляду ў дзень яе падачы.
І ўсё ж такі сітуацыя, калі на нейкай спецыяльнасці колькасць абітурыентаў, якія паступаюць без здачы ЦТ, можа аказацца большай за колькасць бюджэтных месцаў, не выключаецца. Бо не варта забываць, што без экзаменаў маюць права паступаць на педагагічныя спецыяльнасці таксама і школьныя медалісты, і пераможцы алімпіяд. Плюс пэўная колькасць месцаў забраніравана пад мэтавы набор. У гэтым выпадку ў Парадку прыёму агаворана, якім чынам адбываецца залічэнне. Ёсць пэўны пералік, хто залічваецца ў першую чаргу, хто — у другую і гэтак далей. Логіка ўступнай кампаніі выбудаваная наступным чынам: выпускнікі педагагічных класаў, якія маюць права паступаць без экзаменаў, праходзяць гутарку ў тэрміны падачы дакументаў. І калі іх спроба раптам акажацца няўдалай, яны яшчэ паспеюць падаць свае сертыфікаты ЦТ і паступіць на агульных падставах. Правядзенне гутаркі завяршаецца не пазней чым за два дні да завяршэння тэрміну падачы дакументаў у прыёмныя камісіі для ўдзелу ў конкурсе на бюджэтныя месцы.
Зона асаблівага кантролю
У ВНУ, дзе прадугледжаны свае ўступныя выпрабаванні, экзамены пройдуць:
- з 18 па 21 ліпеня — у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС;
- з 18 па 26 ліпеня — у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў;
- з 18 па 24 ліпеня — у іншых ВНУ.
Усе разумеюць, што экзамены, якія праводзяцца непасрэдна ў ВНУ, напрыклад па той жа творчасці, не пазбаўлены суб'ектывізму і з гэтай прычыны патрабуюць асаблівай увагі. Таму дзяржаўная камісія па кантролі за ходам прыёмнай кампаніі можа прапанаваць у апошні момант не толькі свае варыянты экзаменацыйных заданняў, але і рэзервовы склад экзаменацыйнай камісіі. Такое права ў дзяржкамісіі ёсць.
Тэрміны залічэння на бюджэтную форму навучання наступныя: па 24 ліпеня — у ВНУ сілавых ведамстваў, па 28 ліпеня — у творчых, сельскагаспадарчых і іншых ВНУ.
Калі інтарэсы не супадаюць
Прыём дакументаў на вакантныя бюджэтныя месцы ў рамках дадатковага набору будзе весціся ў ВНУ сілавых ведамстваў —
з 26 па 28 ліпеня (залічэнне па 30 ліпеня), у творчых ВНУ — з 29 па 30 ліпеня (залічэнне па 1 жніўня ), у сельскагаспадарчых і іншых ВНУ —
з 30 ліпеня па 1 жніўня (залічэнне па 3 жніўня).
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што летась вакантных месцаў засталося зусім мала. Вопыт папярэдніх гадоў паказаў, што падчас дадатковага набору прахадныя балы заўсёды вышэйшыя, чым у асноўны набор. Таму абітурыенты вырашаюць не рызыкаваць і спрабуюць «угадаць» з выбарам спецыяльнасці з першага разу. А ў гэтым годзе прыкладна 40 працэнтаў абітурыентаў падстрахаваліся і здалі на ЦТ не тры, а чатыры дысцыпліны.
Дарэчы, летась невялікая колькасць бюджэтных месцаў на звышпрэстыжных у моладзі спецыяльнасцях не дазволіла стаць студэнтамі бюджэтнай формы навучання нават некаторым з уладальнікаў стабальных сертыфікатаў. Кіраўніцтва Міністэрства адукацыі растлумачыла: мы не збіраемся павялічваць на такіх спецыяльнасцях колькасць бюджэтных месцаў, хоць там і выстройваюцца чэргі з уладальнікаў самых высокіх балаў. За дзяржаўны кошт трэба рыхтаваць у першую чаргу тых спецыялістаў, якія патрабуюцца нашай эканоміцы цяпер. А калі абітурыенты не жадаюць пераарыентавацца на іншую спецыяльнасць, у іх ёсць магчымасць атрымаць упадабаную спецыяльнасць на платнай форме навучання.
Куды запрашаюць без экзаменаў?
Адно з важных новаўвядзенняў сёлетняй прыёмнай кампаніі — з'яўленне пераліку найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцяў, пры паступленні на якія асобныя катэгорыі абітурыентаў залічваюцца ва ўстановы вышэйшай адукацыі без іспытаў. У яго ўвайшлі 29 спецыяльнасцяў: «хімічная тэхналогія перапрацоўкі драўніны», «вытворчасць тэкстыльных вырабаў», «абсталяванне і тэхналогіі высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкі матэрыялаў», «машыны і абсталяванне ляснога комплексу», «металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка», «агранамія», «заатэхнія», «ветэрынарная медыцына», «лясная гаспадарка», «лесаінжынерная справа», «прамысловае рыбаводства», «меліярацыя і водная гаспадарка», «тэхналогія электрахімічных вытворчасцяў», «канструяванне і тэхналогіі швейных вырабаў» і некаторыя іншыя.
На гэтыя спецыяльнасці без экзаменаў маюць права паступаць залатыя і сярэбраныя медалісты, а таксама абітурыенты, у якіх ёсць дыплом аб заканчэнні прафесійна-тэхнічнай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай.
Без уступных іспытаў на найбольш запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці залічваюцца таксама пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд па вучэбных прадметах (там, дзе гэты прадмет вызначаны другім прадметам профільных выпрабаванняў) і пераможцы (уладальнікі дыпломаў І, ІІ, ІІІ ступеняў) трэцяга этапу рэспубліканскіх алімпіяд (абласных і мінскага гарадскога) па вучэбных прадметах.
Як сёлета ўкамплектуюцца вышэйшыя навучальныя ўстановы, як укамплектуюцца педагагічныя і інжынерна-тэхнічныя спецыяльнасці, як будуць запаўняцца платныя месцы, даволі цяжка спрагназаваць. Колькасць абітурыентаў, якія зарэгістраваліся на ЦТ, аказалася меншай, чым летась. Але менш месцаў выдзелена і пад бюджэтны набор. Інфармацыя аб ходзе прыёму дакументаў будзе абнаўляцца прыёмнымі камісіямі штодня кожныя тры гадзіны: у 9.00, 12.00, 15.00 і 18.00 гадзін. Але ў апошні дзень прыёму дакументаў інфармаванне абітурыентаў спыніцца а 15 гадзіне!
На платную форму навучання ў ВНУ сілавых ведамстваў залічэнне павінна завяршыцца да 2 жніўня, у творчых ВНУ — да 3 жніўня, у сельскагаспадарчых і іншых ВНУ — да 6 жніўня.
Абітурыенты, якім не пашчасціць стаць студэнтамі, пры жаданні змогуць паспрабаваць паступіць са сваімі сертыфікатамі і ў наступным годзе. Прыёмныя камісіі будуць прымаць у 2018 годзе сертыфікаты як узору 2018 года, так і вынікі здачы ЦТ у 2017 годзе...
Тэлефон гарачай лініі Міністэрства адукацыі «Абітурыент — 2017»:
222 43 12.Штаб Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў:
327 66 80.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nikalaeva@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/ustupnaya-kampaniya