Раней, каб пачаць займацца спортам, дастаткова было знайсці ў шафе старыя красоўкі, забытыя там з часоў урокаў фізкультуры, і адправіцца на найбліжэйшы стадыён. Цяпер для першай трэніроўкі набываюць фітнес-гадзіннік, адмысловую бутэльку для вады, пальчаткі... Нічога не забыла?
Толькі парадокс у тым, што ўсе гэтыя аксесуары і гаджэты не зробяць вас больш спартыўнымі. Растлумачу чаму.
Бадай, самая папулярная пакупка — фітнес-гадзіннік. Ён лічыць, колькі крокаў за дзень вы прайшлі, колькі калорый «спалілі», сочыць за вашым пульсам. Карысныя функцыі. Для тых, хто даўно займаецца спортам і хоча дадаць інфарматыўнасці працэсу, палепшыць якасць трэніровак. На іх колькасці — асабліва калі стартавым пунктам быў нуль — гэта не адбіваецца. Калега вось паўгода таму набыў бранзалет, спадзеючыся, што актыўнасці ў яго жыцці цяпер стане больш. Нядаўна спытала пра вынікі. Аказалася, што спорту не прыбавілася. Максімум — гадзіннік часам стымулюе больш праходзіць пешшу, калі хлопец бачыць, што за дзень і кіламетра не адолеў. Але зразумець, што за сёння ты нават да крамы не прагуляўся, можна і без гаджэта.
У сваіх водгуках карыстальнікі чамусьці адзначаюць функцыі, з фітнесам не звязаныя. «Кожны раз, калі вам хтосьці звоніць, піша, бранзалет паведамляе пра гэта. Я купіў бы яго, нават калі б крокамера і датчыка сэрцабіцця не было», «Набыў і выкарыстоўваю як гадзіннік», «Зручны вібрабудзільнік», «Хацелася б большы экран, каб чытаць SMS»... Гэй, а што наконт спорту?
Аксесуары — асобная тэма. Не ведаю, як мужчыны, а дзяўчаты часцей набываюць іх проста для прыгажосці. Хоць аксесуары маюць пэўнае прызначэнне. Пальчаткі, напрыклад, неабходны, калі падымаеш штангу ці падцягваешся на турніку. Каб абараніць далоні і каб снарад не слізгаў (чытай: для бяспекі атлета). Таму дзіўна іх бачыць на дзяўчатах, якія ўсю трэніроўку не сходзяць з бегавой дарожкі ці працуюць з двухкілаграмовымі гантэлямі. Шэйкеры зручныя для тых, хто ўжывае спартыўнае харчаванне: у гэтых бутэлек шырокае рыльца, таму туды лёгка засыпаць інгрэдыенты. Проста для вады, здаецца, можна падабраць больш танны варыянт (а шэйкер каштуе 10—30 рублёў).
Усе гэтыя прадметы становяцца элементамі стылю. Так бы мовіць, знешняй атрыбутыкай, паказчыкам прыналежнасці да элітнай групы (не вядзеш актыўны лад жыцця — лічы, адстаў ад моды). Вядома, падцягнутае цела больш сведчыць аб прыхільнасці да фітнесу, але, каб «зрабіць» яго, трэба папацець. А так заходзіш у залу цалкам экіпіраваны і быццам усім сваім выглядам паказваеш: у гэтай справе я не навічок.
Ну, перад такімі ж навічкамі, як вы, парысавацца можна. А так «зрэжацеся» на першым жа практыкаванні: тэхніка выдасць. (Здавацца спартыўным — увогуле цэлая навука. Бачыла смешны ролік у тэму. Прыгожая дзяўчына прыходзіць у трэнажорку і першай справай шукае, дзе б ёй зрабіць сэлфі. На бегавых дарожках тым часам займаецца некалькі мужчын. Яна падглядае, хто з іх адолеў большую дыстанцыю, і праганяе з дарожкі, каб самой сфатаграфавацца на фоне тых лічбаў).
Фітнес-гаджэты мы ўспрымаем як хуткія рашэнні. З мінімумам высілкаў з нашага боку, вядома. Дастаткова толькі надзець той разумны гадзіннік — і ногі самі пачнуць бегаць і прысядаць. Але ж вы памятаеце, што так не бывае.
Хочаце купіць штосьці карыснае? Вазьміце скакалку. Ёсць нават мадэлі з лічыльнікам скокаў. Хаця не, лепш нічога не купляйце. Хопіць збірацца пачаць трэніравацца (нават на паперы гэты збег дзеясловаў дрэнна глядзіцца). Прыгатаванні не набліжаюць да мэты. А вось круг па стадыёне — ужо крок наперад. Нават некалькі сотняў крокаў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/profit-z-natallyay-lubneuskay