Перад адкрыццём 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам ПА АБСЕ.
Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў думку, што АБСЕ павінна рэагаваць на вострыя моманты ў еўрапейскім рэгіёне на самым высокім узроўні — кіраўнікоў дзяржаў. Негатыўнага ў Еўропе адбылося нямала, але іх рэакцыі не паступіла. «Вайна ідзе ў Еўропе — ніякай рэакцыі. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас у арганізацыі ёсць праблемы», — заявіў беларускі лідар.
«Праблемы трэба вырашаць у пачатку, як і хваробу варта лячыць у самым пачатку. Калі мы запускаем гэты працэс, вы ведаеце, да чаго гэта прыводзіць. На падобныя канфлікты трэба рэагаваць, і рэагаваць сур'ёзна. Сёння ўсё больш і больш паўстае пытанне аб рэфармаванні АБСЕ, каб зрабіць яе больш дзейснай, рашучай», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што на Беларусь арганізацыя заўжды можа разлічваць, асабліва што датычыцца пытанняў бяспекі ў Еўропе. Прэзідэнт адзначыў, што цяпер існуюць канфлікты ў такіх рэгіёнах, як Украіна, Нагорны Карабах, Прыднястроўе. «Гэта вельмі важныя рэгіёны, дзе нам трэба па-еўрапейску, цывілізавана наводзіць парадак», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прытым актуальнасць гэтых пытанняў не толькі захоўваецца, але і ўзмацняецца. Зараз нарастаюць і атрымліваюць усё большую небяспеку працэсы нелегальнай міграцыі, транзіту наркотыкаў, гандлю людзьмі, нелегальнага перамяшчэння радыеактыўных элементаў і многія іншыя, якія не так на слыху. «Але калі мы не будзем бачыць гэтыя праблемы, гэта будзе страшны выбух у найбліжэйшы час», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу старшыня ПА АБСЕ Крысцін Мутанен заявіла аб сваёй згодзе з пазіцыяй Прэзідэнта Беларусі ў частцы ролі арганізацыі ў пытанні забеспячэння міру і бяспекі. Па яе словах, парламентарыі актыўна займаюцца пытаннямі, якія паўстаюць перад рэгіёнам. І адной з важных для іх задач з'яўляецца стварэнне платформаў для таго, каб урады дзяржаў маглі працягнуць дыялог па пытаннях парадку дня. «Сёння мы ўсё часцей адзначаем блакаду дыялогу з боку ўрадаў некаторых дзяржаў-членаў. Таму мы вельмі рады магчымасці правесці чарговую сесію нашай арганізацыі ў Мінску, бо парламенцкая дэлегацыя Беларусі ў АБСЕ заўсёды была вельмі актыўнай», — адзначыла Крысцін Мутанен.
Вераніка ПУСТАВІТ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] mailto:pustavіt@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/sesiya-pa-abse