Падчас сустрэчы старшыня Савета Рэспублікі Беларусі Міхаіл Мясніковіч і старшыня Камісіі па еўрапейскіх пытаннях Палаты дэпутатаў парламента Румыніі, кіраўнік дэлегацыі парламента Румыніі ў ПА АБСЕ Віктар-Віярэл Понта абмеркавалі пытанні міжпарламенцкага супрацоўніцтва і закранулі перспектывы двухбаковых адносін.
— Міжпарламенцкае супрацоўніцтва летась ужо пачало набіраць абароты. Мяркую, што наша цяперашняя сустрэча дасць ім дадатковы імпульс, — сказаў Міхаіл Мясніковіч.
На 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, адзначыў Міхаіл Мясніковіч, агучваецца шмат цікавых ідэй. На яго думку, поспех сесіі ўжо бачны, таму што прысутнічае давер, сумленнасць адносін і ўзаемапавага адзін да аднаго падчас абмеркавання пытанняў парадку дня, новых ідэй і прапаноў. Парламентарый звярнуў увагу на тыя ініцыятывы, якія згадаў Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, ключавую прапанову пра тое, што Мінск гатовы ўзяць на сябе пэўную ролю ў арганізацыі дыскусіі па новым Хельсінкскім працэсе.
— Праблем у Еўропе назапасілася шмат, як новых, так і застарэлых, і іх не трэба замоўчваць, — падтрымаў выказванне Прэзідэнта старшыня Савета Рэспублікі. — Я прачытаў інтэрв'ю спадарыні Меркель, яна таксама гэтым занепакоена, але вельмі слушна заўважыла, што не трэба хаваць праблемы пад стол. І мне падаецца, што мінская пляцоўка магла б быць дастаткова камфортнай для абмеркавання гэтых і іншых пытанняў. Мы не заангажаваны па нейкіх блокавых абавязках і таму маглі б імкнуцца да забеспячэння парытэтнасці, уважліва адносіцца да тых праблем, якія будуць сфармуляваныя ўдзельнікамі дыскусій.
Са свайго боку кіраўнік дэлегацыі парламента Румыніі ў ПА АБСЕ адзначыў, што яго зацікавіла, як Беларусь дастаткова паспяхова развівае адносіны з многімі еўрапейскімі краінамі. Віктар-Віярэл Понта таксама выказаў меркаванне, што нашы краіны павінны працаваць разам для развіцця двухбаковых эканамічных адносін.
Рагнеда ЮРГЕЛЬ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ragneda-yurgel
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:yurgel@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/mihail-myasnikovich-2
[5] https://zviazda.by/be/tags/rumyniya