Што патрэбна абітурыенту, каб авалодаць неабходнымі кампетэнцыямі і стаць сапраўдным філолагам? Любоў да чытання, паўнавартасна развітае маўленне і шырокі кругагляд — вось «тры кіты», на якія па-ранейшаму абапіраецца адукацыйны працэс. Будучы філолаг павінен быць адкрыты шырокаму спектру гуманітарных ведаў, гатовы да ўсебаковага развіцця індывідуальнасці, раскрыцця інтэлектуальнага, творчага і грамадзянскага патэнцыялу. Усё гэта і забяспечыць гуманітарны склад розуму студэнтаў, якія аб’ектам свайго прафесійнага навучання абіраюць філалогію.
Маякі, відаць, сталі самымі прыцягальнымі і рамантычнымі з усіх тэхнічных збудаванняў, вядомых чалавецтву. Выпраменьваючы святло ў любое надвор’е і ў любых умовах, стаўшы гарантам бяспекі безлічы мараплаўцаў і ўзорам архітэктурнай элегантнасці, яны ажыўлялі мноства паданняў, легендаў і кніг. Знакаміты Александрыйскі маяк па праву ўключаны ў лік сямі класічных цудаў свету.
Так і філалагічны факультэт БДУ для многіх студэнтаў і выкладчыкаў стаў сапраўднай крыніцай і пасыльным святла Слова і Духоўнасці, пуцяводнай зоркай і надзейным навігатарам на хвалях жыцця і дарогах лёсу, гарантам творчай рэалізацыі асобы ў грамадстве, прывітальным сігналам ад знакамітых заснавальнікаў і плеяды таленавітых кіраўнікоў факультэта. Вынесеныя ў загаловак радкі з гімна філалагічнага факультэта БДУ на словы К. Цыбульскага як нельга лепш вызначаюць велічную ролю навучальнай установы ў жыцці некалькіх пакаленняў беларусаў.
Калі перайсці ад лірыкі да фактаў, то філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта даўно ўжо мае статус нацыянальнага культурнага цэнтра. Тут вучаць і выхоўваюць тых, хто шануе роднае слова, якое не толькі аб’ект лінгвістычнага даследавання, але і сімвал грамадскага і культурнага жыцця, сімвал нацыянальнай культурнай прасторы. Менавіта адсюль выйшлі найвыдатнейшыя майстры слова — такія беларускія паэты, пісьменнікі і дзеячы культуры, як І. Мележ, Р. Барадулін, Н. Гілевіч, В. Адамчык, І. Пташнікаў, І. Чыгрынаў, А. Вярцінскі ды многія іншыя, а таксама прызнаныя вучоныя, якія зрабілі ўнёсак у развіццё беларускага і сусветнага мовазнаўства, літаратуразнаўства і культуры: М. Бірыла, М. Булахаў, А. Булыка, А. Ліс, У. Мархель, М. Мушынскі (пералік можна доўжыць і доўжыць)...
Трывалае, з апірышчам на найбагацейшыя традыцыі і метадычную базу, прафесійнае і творчае навучанне роднаму слову на філалагічным факультэце і сёння абуджае жывую цікавасць таленавітай моладзі да гісторыі, каранёў і вытокаў духоўнасці свайго народа, да глыбокіх нацыянальных традыцый і звычаяў, веданне якіх — абавязак кожнага з нас.
Унікальнасць сённяшняга філфака БДУ — у яго шматмоўнасці і полікультурнасці. Тут вывучаюцца не толькі дзве дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь — беларуская і руская, але і шмат іншых моў і літаратур свету, што пашырае межы нашай свядомасці і дазваляе зірнуць на з’явы і рэчы з розных бакоў. Не толькі як славяне з шырокай душой, але і як педантычныя немцы, экспрэсіўныя італьянцы або кітайцы, якія абапіраюцца на шматвекавыя культурныя традыцыі.
Ведаць сваё, паважаць іншае, каб падрыхтавацца да жыцця ў полікультурным асяроддзі — такі дэвіз студэнтаў факультэта, дзе працуе шэсць спецыяльнасцяў і прафесійна вывучаюцца 15 моў і літаратур свету, сярод якіх украінская, польская, чэшская, французская, лацінская, старажытнагрэчаская... Каб глыбока спасцігнуць словарух і гармонію замежных моў, узняць прафесійны ўзровень, студэнты праходзяць стажыроўкі ў замежных універсітэтах, удзельнічаюць у разнастайных міжнародных праграмах і праектах. Ва ўмовах глабалізаванага свету такі адукацыйны падыход — дзейсны сродак забеспячэння міжкультурнага дыялогу, узаемаразумення, абмену інфармацыяй, захавання культурных набыткаў.
Філалагічны факультэт БДУ — гэта яшчэ і ўнікальны цэнтр падрыхтоўкі спецыялістаў для папулярызацыі беларускай і рускай моў у сусветнай культурнай прасторы. Наша родная мова вывучаецца сёння ў розных універсітэтах Расіі, Украіны, Літвы, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Германіі, Фінляндыі, Кітая, Японіі ды інш. У многіх з іх працуюць нашы выпускнікі або замежныя спецыялісты, якія прайшлі навучанне і стажыроўкі па беларускай мове як замежнай на філфаку БДУ. Разам з тым і наш факультэт сёння таксама шматнацыянальны: тут вучацца, стажыруюцца і працуюць грамадзяне розных замежных краін. Заняткі арганізаваны з улікам патрэб сучаснага адукацыйнага працэсу.
Класічная адукацыйная праграма дапаўняецца культурна-выхаваўчай і культурна-спартыўнай. Студэнтаў, выкладчыкаў і гасцей факультэта чакаюць турзлёт «Мінскае мора», «Візітоўкі першакурснікаў», «Дабрачынны калядны баль», патрыятычна-асветніцкая акцыя «Вязынка», «Фестываль моў», «Тыдзень роднай мовы», «Беларуская вечарына», «Славянскі вечар», інтэлектуальна-пазнавальная гульня «Філалогія і я», «Лінгвістычны брэйн-рынг», «Кошыкбол» ды многія іншыя.
Да чаго павінен быць гатовы наш абітурыент? Акрамя засваення комплексу тэарэтычных ведаў па вызначаных дысцыплінах, яго чакае скрупулёзная, паслядоўная, сістэмная праца над вусным і пісьмовым маўленнем, выпрацоўка культуры маўлення і культуры мыслення, здольнасці да ўспрымання, аналізу і абагульнення інфармацыі, умення ствараць і рэдагаваць тэксты; выпрацоўка навыкаў практычнага выкарыстання функцыянальных стыляў і авалодання нормамі літаратурных моў — усё гэта скіравана найперш на эфектыўную камунікацыю, паколькі наш сённяшні выпускнік — гэта ўжо не толькі выкладчык, педагог, але і мабільны перакладчык, рэдактар часопіса, спартыўны аглядальнік, крэатыўны спецыяліст у сферы дзелавой камунікацыі або камп’ютарнай філалогіі. Веданне некалькіх замежных моў, разуменне працэсаў іх развіцця і ўзаемадзеяння ў гісторыі, мастацтва інтэрпрэтацыі і ацэнкі тэкстаў і асэнсаванне сучасных літаратурных працэсаў — усё гэта абавязковыя элементы нашай адукацыі.
«Калі ёсць на свеце штосьці надзейнае — то гэта святло маяка», — сцвярджала вядомая фінская пісьменніца Тувэ Марыка Янсан. Кажуць, эквівалентам магутнага святла маяка з’яўляюцца дваццаць мільёнаў запаленых свечак. Такім жа надзейным гарантам сучасных ведаў у сферы гуманітарнай адукацыі па-ранейшаму застаецца філфак БДУ, асветлены агеньчыкамі мноства неабыякавых сэрцаў яго студэнтаў, выкладчыкаў і выпускнікоў.
Анжаліка САДОЎСКАЯ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/filfak-bdu