Адной з найбольш сур'ёзных глабальных праблем у наш час з'яўляецца тэрарызм. На сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая завяршылася ў нядзелю ў Мінску, гэтаму пытанню была ўдзелена пільная ўвага, а на апошнім пасяджэнні Агульнага камітэта па палітычных пытаннях і бяспецы быў прыняты праект рэзалюцыі «Аб узмацненні ролі АБСЕ ў супрацьдзеянні тэрарызму». Рэспубліка Беларусь цалкам падтрымала дакумент.
— Сучасны тэрарызм, лідары яго транснацыянальных груповак жылі ў нагу з часам і асвоілі найноўшыя тэхналогіі ўздзеяння на насельніцтва. І іх галоўная мэта — моладзь, падлеткі, дзеці, — падкрэсліў дэпутат Дзяржаўнай думы Расіі Мікалай КАВАЛЁЎ, які прадстаўляў рэзалюцыю.
На думку Кавалёва, распрацоўшчыкі дзеючых антытэрарыстычных канвенцый не маглі прадбачыць, як будзе развівацца тэрарызм, таму сёння неабходна неадкладна запоўніць прабелы ў праграмах процідзеяння баевікам.
Згаданая рэзалюцыя дапаможа прадухіліць вярбоўку баевікамі маладых людзей у сацыяльных сетках, таксама яна накіравана на прадухіленне прадастаўлення лабістам тэрору розных каналаў масмедыя. Акрамя таго, дакумент дапаможа краінам — удзельніцам АБСЕ ліквідаваць іншыя ўмовы, якія дазваляюць тэрарыстам усталёўваць кантроль над тэрыторыямі, куды яны праніклі і дзе маюць намер дыктаваць свае правілы паводзін.
У дакуменце, прынятым камітэтам, гаворыцца пра неабходнасць узмацнення крымінальнай адказнасці, прадугледжанай нацыянальным заканадаўствам краін — удзельніц АБСЕ, у дачыненні да тых людзей, якія непасрэдна займаюцца планаваннем, фінансаваннем, падрыхтоўкай або здзяйсненнем тэрарыстычных актаў. Акрамя таго, асобна закранаецца фактар трансгранічнага перамяшчэння такіх людзей, а таксама зброі і грашовых сродкаў, якія могуць мець дачыненне да дзейнасці тэрарыстычных груповак. Неабходна пільна сачыць за вышэйназванымі момантамі, пагадзіліся з аўтарам рэзалюцыі парламентарыі іншых краін.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:lukashevich@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/sesiya-pa-abse
[5] https://zviazda.by/be/tags/teraryzm