Гісторыю кахання свайго сябра расказаў двухразовы чэмпіён свету па арыгамі Дзмітрый Лысюк.
«Матэрыяльныя рэчы ніколі не павінны стаяць на першым месцы»
— Вы думаеце, гэта звычайныя паперкі? А вось і не (усміхаецца). Дзякуючы ім у майго сябра Івана Барбука сям'я стварылася.
Пяць гадоў таму Дзмітрый Лысюк задумаў зрабіць невялічкую выстаўку ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. Але зусім нечакана яму выдзелілі вялізную залу.
— Аднаму такую маштабную выстаўку было зрабіць складана. Таму я напісаў лісты ўсім сваім сябрам-арыгамістам у Расію, Турцыю, Украіну... Кожны з іх даслаў па пасылцы: хто 10, хто 20 работ. У выніку атрымалася шыкоўная экспазіцыя. Усяго было каля 400 папяровых скульптур.
Дапамагчы з афармленнем залы я папрасіў свайго сябра Івана, які папяровай пластыкай займаецца з дзяцінства. Там ён і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Насця працавала ў аддзеле, які займаўся арганізацыяй нашай выстаўкі.
У той час да мяне ў госці завітаў таварыш з Кемераўскай вобласці. Прыйшлі мы разам з ім на адкрыццё. Жэня і кажа: «Ваня, ты жанаты? Глядзі, па-мойму гэтая курчавая дзяўчына да цябе неабыякавая. Не тармазі». І недзе праз год пасля той выстаўкі мы ўжо гулялі на іх вяселлі. Цяпер Ваня і Насця выхоўваюць цудоўнага сына. А мяне жартам называюць вясельным генералам ды хросным бацькам сваёй сям'і.
...Вось так жывеш сабе, займаешся арыгамі. А калі такія выпадкі здараюцца, адразу ў цуды пачынаеш верыць. На першы погляд, звычайныя паперкі, але яны такую добрую справу зрабілі.
— Дзмітрый, што вы лічыце большым дасягненнем: перамогу ў чэмпіянатах па арыгамі альбо тое, што дзякуючы вам Ваня стварыў сям'ю?
— Вядома, тое, што Ваня стварыў сям'ю. Дасягненні ды матэрыяльныя рэчы ніколі не павінны стаяць на першым месцы. Галоўнае — людзі, адносіны. Дарэчы, мы з Іванам у гэтым падобныя. Ён на наступны год пасля таго, як ажаніўся, рыхтаваўся да ўдзелу ў чэмпіянаце па арыгамі. Усё склаў прыгожанька. Заставалася толькі сфатаграфаваць работы і даслаць. Але за паўгадзіны да фіналу ён пасварыўся з Насцяй. Я ў той год быў у ліку суддзяў. І вельмі здзівіўся, калі не ўбачыў фотаздымкаў Барбука. Назаўтра пытаюся: «Чаму не даслаў?» Аказалася, што ён проста не паспеў дафатаграфаваць, бо для яго было важней памірыцца з жонкай. «Малайчына, — кажу, — правільна зрабіў. Наступны раз пагуляеш». Дарэчы, чарговая, сёмая, алімпіяда будзе ў лістападзе. Яна праходзіць у інтэрнэце. Прыняць удзел у ёй можа кожны.
«Важна, каб у мужчыны быў занятак па душы»
Цяпер Дзмітрый з Іванам не толькі ладзяць сумесныя выстаўкі ды майстар-класы, але і сябруюць сем'ямі.
— Лічу, мне і Ваню вельмі пашанцавала, бо нашы жонкі паважаюць і падтрымліваюць наша захапленне. Важна, каб у мужчыны быў занятак па душы, які акрыляе. У адваротным выпадку, ведаю шмат такіх гісторый, ён пачынае зазіраць у бутэльку.
Што датычыцца выхавання дзяцей, то я не разумею бацькоў, якія штосьці навязваюць сваім сыночкам-дочкам ледзь не з пялюшак. Напрыклад, мы — музы́кі, значыць, малы павінен іграць на скрыпцы. А можа, ён геніяльны повар, а скрыпку проста з радасцю паслухае?.. Нічога добрага з прымусу, як правіла, не атрымліваецца. Трэба заўсёды даваць выбар, паказваць вялікую колькасць магчымасцяў. А калі абмяжоўваць ды самарэалізоўвацца за кошт дзіцяці, дык потым будзе чалавек мучыцца ўсё жыццё.
Кожны з нас нараджаецца са сваім унікальным прызначэннем, місіяй. Калі вы яшчэ не знайшлі справу свайго жыцця, ад якой вырастаюць крылы, шукайце. І няважна, колькі вам гадоў. Мне, напрыклад, было амаль сорак, калі я адкрыў для сябе свет арыгамі. Лепш знайсці позна, чым не знайсці наогул.
Бліжэй да сарака гадоў у большасці мужчын пачынаецца крызіс сярэдняга ўзросту, калі адбываецца пераацэнка зробленага.
— У мяне у той час яшчэ былі праблемы са здароўем, ляжаў у бальніцы. Трэба было нечым сябе заняць. Хтосьці красворды разгадваў, хтосьці газеты чытаў... Мяне гэта ўсё не захапляла. І вось зусім выпадкова ў рукі трапіў кавалак паперы. І мне прыйшла думка скласці арыгамі. Паспрабаваў. Спадабалася. Адразу ж адчуў, што гэта маё.
Сёння без арыгамі Дзмітрый не ўяўляе свайго жыцця. Яму падабаецца рабіць складаныя рэчы.
— Калі толькі вучыўся, карыстаўся гатовымі схемамі. Апошнім жа часам вельмі хочацца самому штосьці прыдумваць, мадэляваць. У мяне ёсць каля 15 аўтарскіх работ. Сярод іх і галактыка. Менавіта яна мне прынесла першае месца на чэмпіянаце ў 2015 годзе. Я не шукаю лёгкіх шляхоў, выкарыстоўваю незвычайную паперу альбо сам танірую звычайную акрылавымі фарбамі. Гэта вельмі цікавы і творчы працэс.
«Дырэктар падтрымлівае маё хобі»
Дзмітрый скончыў фізічны факультэт БДУ. Цяпер працуе інжынерам-даследчыкам. Займаецца наладкай спектральнага абсталявання ў адной са сталічных арганізацый.
— Мне вельмі пашанцавала з кіраўніцтвам, дырэктар падтрымлівае маё хобі. Нядаўна наша фірма была на выстаўцы ў Маскве, дык я ўпрыгожыў стэнд сваімі арыгамі і зрабіў 3D-візітоўкі з багіняй перамогі Нікай у падарунак для партнёраў. Гэта вельмі выгадна вылучыла нашу фірму сярод астатніх. І, як паказвае практыка, творчая атмасфера толькі спрыяе наладжванню дзелавых кантактаў.
Да 8 сакавіка каляжанкам зрабіў па матыльку. Іх было 25, і ўсе непадобныя адзін на аднаго, як і самі жанчыны. Вось радасці было! Мне падабаецца дарыць прыемныя эмоцыі людзям. Часта, пакуль еду ў аўтобусе, складаю якую-небудзь фігурку. А пасля дару. І дзецям, і дарослым. Нядаўна выклікаў сваім падарункам шчырую ўсмешку ў заклапочанай чымсьці жанчыны, якая ехала з працы. Мне падалося, што яна на секундачку пачала жыць «тут і цяпер», забылася пра свае праблемы.
Адна з работ арыгаміста знаходзіцца ў Лі «Скрэч» Пэры, ямайскага музыкі, аднаго з заснавальнікаў стылю рэгі.
— Адмыслова для яго я зрабіў цмока Руй-зіна, вельмі складаная і прыгожая мадэль. Складваў яе каля 4 месяцаў. І калі мой кумір прыехаў у Мінск з канцэртам, я яму яе падарыў. Так споўнілася мая даўняя мара асабіста пазнаёміцца з музыкам.
Яшчэ адна мара Дзмітрыя неўзабаве, спадзяюся, таксама споўніцца. Ён хоча адкрыць уласную студыю, дзе зможа перадаваць сваё майстэрства іншым.
— Арыгамі — цудоўны спосаб баўлення часу як для дзяцей, так і для дарослых. Сёння і адны і другія не вылазяць з тэлефона. Гэта вельмі небяспечна. Я, напрыклад, у дзяцінстве любіў клеіць пластмасавыя самалёцікі, складваў мазаікі, канструктары, ды шмат чаго. Цяпер жа хлопчыкам і дзяўчаткам змалку навязваецца ўсё гатовае. Ім нічога самім не трэба рабіць. І гэта вельмі сумна... Чым менш дзеці будуць развіваць дробную маторыку, тым у іх менш будзе развітая фантазія, кемлівасць, логіка і мэтанакіраванасць.
— Дзмітрый, за 8 гадоў вы зрабілі вельмі шмат незвычайных папяровых скульптур [3]. А не думалі знайсці ім практычнае прымяненне?
— Думаю. Вось гэтую мазаіку з паперы я, напрыклад, аформіў як лавец сноў. І цяпер яго можна падвесіць над ложкам дзіцяці. А вось гэты чырвоны самалёцік ужо паспеў зняцца ў рэкламе сотавага аператара. Мае папяровыя батоны выкарыстоўваліся ў афармленні музычнага альбома. Ёсць яшчэ задумкі працаваць у дызайне інтэр'ера. Вось гэтае белае сэрца, напрыклад, служыць у мяне дома абажурам. Яно зроблена з будаўнічай паперы — даўгавечнага матэрыялу. Каб надаць трываласць сваім вырабам, дадаткова прапітваю іх экалагічнымі лакамі. Была думка заняцца і ювелірнымі ўпрыгажэннямі. Кулон зрабіў, бранзалет на руку. Іх вельмі цяжка складаць. Але пакуль людзі не гатовыя аддаваць вялікія грошы за папяровую біжутэрыю (усміхаецца).
Сёлета на папяровыя скульптуры Дзмітрыя Лысюка і Івана Барбука можна было падзівіцца ў Наваполацку, Крычаве ды ў Гомелі. У Мінску ж выстаўка адбудзецца з 14 па 28 жніўня ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры», якая знаходзіцца ў Палацы Рэспублікі. Прыходзьце. Уваход бясплатны.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-dryndrozhyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://www.flickr.com/photos/dimon_c1/
[4] mailto:nadzieja@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/arygami-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta