Адзіны ў Еўропе трансгранічны марафон «Гродна—Друскінінкай» сёмы раз сабраў бегуноў з 15-ці краін свету.
Сёлета рамкі значна пашырыліся. У спаборніцтве прынялі ўдзел прадстаўнікі Польшчы, Літвы, Латвіі, ЗША, Германіі, Украіны, Англіі, Чэхіі, Нарвегіі, Расіі і іншых краін. Многія спартсмены не першы раз удзельнічаюць у марафоне. Дарэчы, гэты прабег не толькі для прафесійных бегуноў, але і для ўсіх аматараў актыўнага ладу жыцця. Сёлета набралася больш за 140 «марафонцаў», што на траціну больш, чым раней. Начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык, сам актыўны удзельнік прабегу, тлумачыць узросшы інтарэс дзеяннем бязвізавага рэжыму на тэрыторыі парка «Аўгустоўскі канал», у зону якога ўваходзіць і траса маршруту.
Ідэя прабегу ўзнікла невыпадкова. Неяк у спартыўным асяроддзі заўважылі, што адлегласць паміж беларускім Гродна і літоўскім горадам-пабрацімам Друскінінкай складае тую самую марафонскую дыстанцыю ў 42 км 195 м. Вось і вырашылі гэту асабліваць замацаваць сяброўскім забегам. З тае пары мінула сем гадоў, а марафон «Гродна—Друскінінкай» толькі набірае абароты.
Самым хуткім на трасе быў Юрый Капцяроў з Магілёва (2 гадзіны 28 хвілін), а сярод жанчын перамагла Алена Шумік (3 гадзіны 7 хвілін) з Брэста.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/zabeg