Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт увайшоў у пяцёрку найлепшых сярод ВНУ краін Усходняй, Цэнтральнай Еўропы і СНД у рэйтынгу QS World University Rankings 2017/2018.
Вядомае брытанскае рэйтынгавае агенцтва Quacquarelli Symonds на аснове нядаўна апублікаванага рэйтынгу QS World University Rankings 2017/2018 падрыхтавала зводны спіс лепшых універсітэтаў для розных рэгіёнаў. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт заняў высокае пятае месца ў рэгіёне, які ахоплівае Усходнюю, Цэнтральную Еўропу і краіны СНД. На першай пазіцыі размясціўся Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.Ламаносава, за ім ідуць Казахскі нацыянальны ўніверсітэт Аль-Фарабі, Карлаў універсітэт (Чэхія) і Тартускі ўніверсітэт (Эстонія).
У дадзены спіс уключаны па адной лепшай ВНУ ад кожнай з больш як 80 краін, універсітэты якіх былі прадстаўлены ў рэйтынгу. Поўная версія [1] дадзенага спісу.
Нагадаем, што 8 чэрвеня 2017 года вядомае брытанскае рэйтынгавае агенцтва Quacquarelli Symonds апублікавала чарговы рэйтынг лепшых універсітэтаў свету QS World University Rankings 2017/2018. Белдзяржуніверсітэт значна палепшыў свае пазіцыі ў сусветнай навукова-адукацыйнай прасторы, падняўшыся на 20 пазіцый, і заняўшы 334 агульнае месца.
Варта таксама адзначыць, што БДУ паказвае высокія пазіцыі і ў іншых вядомых сусветных рэйтынгах (THE, Webometrics, SIR, U-Multirank і інш.), стабільна трапляючы ў 2 працэнта лепшых універсітэтаў з улікам таго, што ўсяго ў свеце налічваецца больш як 30 000 ВНУ.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://www.topuniversities.com/
[2] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[3] https://zviazda.by/be/tags/universitet
[4] https://zviazda.by/be/tags/student