Па словах начальніка ўпраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандра Горваля, праект пастановы аб прадастаўленні адрасных субсідый на будаўніцтва жылля ўжо вынесены на грамадскае абмеркаванне. Аб гэтым ён сказаў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА. Дакумент будзе дэталізаваць дзеянне Указа №240 «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў».
Нагадаем, што Указ №240 уводзіць у Беларусі адраснае субсідаванне ў жыллёвым будаўніцтве. Яно прадугледжвае выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам на будаўніцтва жылля, атрыманым грамадзянамі ў любым камерцыйным банку, а шматдзетным і маладым сем'ям і дзецям-сіротам — таксама пагашэнне часткі асноўнага доўгу па такіх крэдытах. Пры гэтым атрымаць субсідыі могуць усе грамадзяне, якія маюць права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі ў адпаведнасці з Указам №13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў» ад 6 студзеня 2012 года.
Тэкст праекта пастановы ўжо цяпер размешчаны на сайце Мінбудархітэктуры ў раздзеле «Абмеркаванне нарматыўна-прававых актаў». У ім прапісана, якія неабходны дакументы, пазначаны тэрміны іх падачы, а таксама ўказаны ведамствы, якія іх прымаюць. Мяркуецца, што грамадскае абмеркаванне пройдзе да 20 ліпеня. Да 6 жніўня пастанова павінна быць прынята, каб запрацаваў указ. Таксама цяпер удакладняецца пералік аб'ектаў з прыцягненнем адрасных субсідый на суму ў 135 мільёнаў рублёў пад Указ №240. Чакаецца, што будуць дадавацца грошы камерцыйных банкаў, а значыць стануць з'яўляцца і новыя аб'екты. Аляксандр Горваль растлумачыў, што канчатковы спіс таксама сфарміруецца да 6 жніўня.
Указ №240 уяўляе сабой новую сістэму дзяржаўнай падтрымкі. Дзеянні ранейшых сумежных указаў захоўваюцца. Па словах эксперта, дакумент увабраў у сябе тыя субсідыі дзяржавы, якія былі прадастаўлены пад Указ №585 «Аб прадастаўленні маладым і шматдзетным сем'ям фінансавай падтрымкі дзяржавы», таму ён і быў адменены. Разам з гэтым Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ініцыюе падаўжэнне дзеяння Указа №585. І тут няма парадоксу. «Па гэтым Указе дапамога на пагашэнне камерцыйных крэдытаў не была прывязаная да чарговасці. Атрымлівалася так, што, калі вычэрпваўся ліміт крэдыту за год, першыя, хто стаіць у чарзе, ужо не атрымлівалі сродкаў. А ў гэты час чаргавікі, якія стаяць значна далей, мелі магчымасць атрымаць дзяржаўную падтрымку. У той жа час было разуменне, што некаторыя людзі апынуцца ў складанай сітуацыі. Трэба было гэта дадаткова ацаніць, і гэтая работа працягваецца», — падкрэсліў Алясандр Горваль.
Паводле яго слоў, міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны, паглядзеўшы на сітуацыю, якая склалася, выказаў пазіцыю міністэрства аб працягу дзеяння Указа №585. «Хацелася б нагадаць, што цяпер разглядаецца варыянт захавання дзеяння гэтага ўказа на тыя аб'екты жыллёвага будаўніцтва, якія пачаты да ўступлення ў дзеянне Указу №240», — дадаў спецыяліст.
Ён удакладніў, што разглядаецца варыянт з унясеннем прапановы ў Адміністрацыю Прэзідэнта аб тым, каб даць магчымасць да 6 жніўня заключаць дамовы па Указе №585. «Трэба паглядзець, наколькі гэта будзе падтрымана, які перыяд зойме рэалізацыя такіх прапаноў у выпадку падтрымкі. Гэта будзе бачна, калі мы дакладна вызначымся і па колькасці сем'яў, і па аб'ёме сродкаў, бо сродкі трэба яшчэ дадаткова адшукаць. Цяпер у выканкамах удакладняюць гэтую інфармацыю, якая ў далейшым будзе акумулявацца ў нас. Нават у рамках дзеючай формы Указа ўсе, хто звернуцца да 6 жніўня ў выканкам з адпаведным пакетам дакументаў на атрыманне субсідыі, — будуць разгледжаныя», — растлумачыў Аляксандр Горваль.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] mailto:Kr%D1%83zh%D0%B5v%D1%96%D1%81h@zv%D1%96%D0%B0zd%D0%B0.b%D1%83
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo