Нашы краіны звязваюць не толькі гады ўсталяваных дыпламатычных адносін, але і агульнае савецкае мінулае, эканамічнае супрацоўніцтва, чалавечыя кантакты. Пра тое, што яднае Беларусь і Малдову, кіраўнікі дзвюх дзяржаў гаварылі падчас сустрэчы ў Віцебску.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з савецкіх часоў з павагай ставіцца да малдаўскай зямлі і людзей, якія на ёй жывуць. Малдаване — вялікі народ, у якога шмат агульнага з беларускім, бо ён такі ж працалюбівы, як і наш.
«Асаблівасць вашага візіту ў тым, што вы самі паглядзелі Беларусь. Вы яе, можна сказаць, памацалі: у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, пабывалі на культурных аб'ектах, пабачылі, як мы ставімся да памяці. Мы не проста піярымся і расказваем, якія мы няшчасныя, і як у вайне нам было цяжка. Мы захоўваем гэтую памяць, — сказаў беларускі лідар. — Я магу з вамі размаўляць як з чалавекам, які пазнаў Беларусь».
Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў аб гатоўнасці развіваць супрацоўніцтва паміж краінамі ў любой сферы — ад прамысловасці да сельскай гаспадаркі. «Мы ад вас нічога не хаваем. Вы блізкі для нас чалавек. Мы з вамі прытрымліваемся практычна аднолькавых поглядаў. Вы памятайце, што мы ў любы момант гатовы дапамагчы, падставіць сваё плячо», — выказаў гатоўнасць Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон сказаў, што ў яго засталіся выключна станоўчыя ўражанні ад візіту ў Беларусь. «Нам ёсць чаму ў вас павучыцца. Я кажу гэта шчыра, адкрыта. Я бачыў прадпрыемствы і ў Еўрапейскім саюзе, але той узровень, на які паднялася прамысловасць у Беларусі, для нас толькі мара на гэтым этапе. Мы маем намер па некаторых кірунках больш паглыблена запусціць сумесныя праекты», — сказаў ён.
Вераніка ПУСТАВІТ,
г. Віцебск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] mailto:рustаvіt@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[6] https://zviazda.by/be/tags/igar-dadon