13 ліпеня 2017 г. споўнілася сто дваццаць год з дня нараджэння Міхася Міцкевіча (Антося Галіны), беларускага пісьменніка, настаўніка і грамадскага дзеяча, малодшага брата Якуба Коласа.
Нарадзіўся Міхась Міцкевіч у тым куточку беларускай зямлі, які так хораша апеты на старонках «Новай зямлі» яго старэйшым братам Кастусём. У Альбуці і Мікалаеўшчыне прайшлі яго дзіцячыя гады. Дзядзька Антось вучыў яго першай грамаце і працы на гаспадарцы. Пасля дзядзькавых навук было лёгка вучыцца ў пачатковай школе. Міхася захаплялі кніжкі, і ён прысвячаў ім увесь вольны час. Вельмі рана пазнаёміўся ён з творчасцю старэйшага брата. «Рукапісы ляжалі ў беспарадку ў карзіне, плеценай з аголеных ракітных дубцоў на манер чамадана, толькі вышэйшай, блізу падкалена вышыні, — успамінаў Міхась. — Чытаць іх давялося яшчэ з маленства, толькі ўрыўкамі, тайком улазячы ў тую карзіну» (М. Міцкевіч «Якуб Колас»). Наглядаў Міхась і за настаўніцтвам старэйшага брата, які падчас працы ў Пінкавіцкай школе ўзяў малодшых братоў да сябе пасля смерці бацькі. У далейшыя часы знаёміцца з творамі брата дапамагала Міхасю газета «Наша ніва», якую Кастусь для яго выпісваў. Пра гэта сведчыць наступны цікавы запіс Якуба Коласа, які пісьменнік збіраўся паслаць у газету: «P. S. Чаму не пасылаеце майму брату газеты. Два апошнія №№ не прышлі. А я грошы паслаў на ўвесь год. Хіба мае грошы трэскі? Адрас брата: ст. Столпцы. М. губ. М. М. Міцкевічу. Спраўцеся. Якуб Колас». Міхась, адзіны з чатырох братоў Якуба Коласа, паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, спрабаваў сябе ў літаратурнай творчасці. Першая публікацыя з’явілася ў 1917 годзе ў газеце «Вольная Беларусь», рэдактарам якой быў Язэп Лёсік, родны брат маці Міхася. У той час Якуб Колас знаходзіўся ў Пярмі і на Румынскім фронце і апеку над Міхасём узяў дзядзька Язэп. На старонках «Вольнай Беларусі» пабачылі свет творы Міхася Міцкевіча: «Не хапіла сілы», «Зводы», «Дзве волі», «Блудлівыя дарогі» ды інш. Кароткі фельетон «Мікіта абстаівае сваіх» (Вольная Беларусь, № 3) быў перапрацаваны і выдадзены асобнай кніжкай у суаўтарстве з Язэпам Лёсікам пад назвай «Як Мікіта бараніў сваіх» (Мн., 1917). Тады Міхасю было 20 гадоў.
Міхась Міцкевіч, Міхась Мяцёлка, М. М-ч — так звычайна падпісваў малодшы брат Якуба Коласа свае публіцыстычныя творы, якія вызначалі ролю настаўнікаў і інтэлігенцыі ў нацыянальным адраджэнні, абаранялі беларускую мову і культуру, спрыялі абуджэнню самасвядомасці. Аповесці і апавяданні Міхась найчасцей падпісваў псеўданімам Антось Галіна. Улічваючы гэтыя два напрамкі творчасці Міхася Міцкевіча, Максім Гарэцкі ў кнізе «Гісторыя беларускай літаратуры» адзначыў, што ён «вельмі спадзейны малады бэлетрыст і паважаны публіцыст». Творы Міхася Міцкевіча друкаваліся таксама ў выданнях «Звон» і «Беларусь».
Літаратурную дзейнасць Міхась Міцкевіч спалучаў з працай на полі ў родных мясцінах, а потым з працай настаўніка. Беларуская школьная рада Меншчыны 15 кастрычніка 1919 года прызначыла Міхася настаўнікам беларускай мовы ў Мінскай Беларускай Гімназіі. Да працы настаўніка Міхась ставіўся вельмі адказна. Ён лічыў, што «галоўная моц у справе нацыянальнага адраджэння, глаўная рухомая сіла культурнага поступу і духоўных здольнасцяў нацыі, гэта яе родная школа...» (М. Міцкевіч «Якая ў нас інтэлігенцыя»). Як сведчаць дакументы, Міхась клапаціўся пра забеспячэнне гімназіі кніжкамі, неабходнымі для выкладання роднай мовы, рыхтаваў матэрыялы для дзіцячай чытанкі. Так, жывучы ў Амерыцы, у лісце да спадарыні Савёнак ён пісаў: «Памятаецца, як хадзілі з Лёсікам у Аддзел Асьветы ў справе выданьня “Нашай Крыніцы” — чытанкі для дзяцей школьнікаў. Я досыць шмат і матэрыялаў у яе даў. Нейкі досыць грубіла глядзеў на нас ваўкавата. Хутка пасьля гэтага я, паехаўшы дадому, атрымаў ад Лёсіка пісьмо. Ён напісаў — гэта дакладна: “Сядзі дома і ня рыпайся”. Гэтыя словы я зразумеў добра».
Міхась застаўся ў родных мясцінах у Смольні, працуючы на гаспадарцы разам з братам Юзікам. Яшчэ ў настаўніцкай семінарыі Міхась актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці краіны. Ён разам з Язэпам Лёсікам браў удзел у падрыхтоўцы Усебеларускага з’езда, які адбыўся ў Мінску ў снежні 1917 года, і быў абраны яго дэлегатам. У родных мясцінах Міхась працягваў грамадскую дзейнасць. Па яго праекце былі закладзены гурткі «Таварыства прасветы», быў арганізаваны драматычны гурток, які ставіў п’есы «Паўлінка», «Пінская шляхта», п’есы Ф. Аляхновіча ды іншыя ў рэжысуры Міхася. Ды і ён сам любіў іграць галоўныя ролі, таксама даводзілася дамаўляцца з уладамі, вызначаць месца для спектакля.
Падзел Беларусі на многія гады прыпыніў былыя сувязі з сябрамі, сваякамі. Ад 1915 да 1939 года Якуб Колас ні разу не наведаў родныя мясціны. Перапісваліся браты таксама вельмі рэдка. У лісце да Уладзіміра Міцкевіча Міхась успамінае: «Праз доўгі час, памятаю, было яшчэ ад яго пісьмо, у якім ён пісаў: “Чаго ты там сядзіш? Што цябе дзяржыць? Тут дзьверы шырока адчынены ўва ўсе вучэлыні, а ты там у гразі корпаешся”. На тое пісьмо я адпісаў: “Мяне тут нічога не дзяржыць, але ці даеш гарантыю што я застануся працаваць на якой-колечы рабоце на Беларусі?” На гэта адказаў: “Трэба зрабіць па прыказы: сем раз адмераць, пакуль раз адрэзаць”. І стаў мераць. А я стаў чакаць. I гэтак чакаў некалькі гадоў, пакуль Чырвоная Армія заняла Заходнюю Беларусь».
Увосень 1939 года Якуб Колас наведаў сваю родную вёску. Але прыехаў не адзін. Міхась пра гэтую сустрэчу пісаў: «Разам зь ім увайшоў у хату незнаёмы чалавек, які ня пытаўся, ці можна ўвайсьці, ня лічыў патрэбным сказаць, хто ён і чаго ён прыехаў. Але Коласа так сьцярог, што нават спаць клаўся так блізка, каб галовы амаль стыкаліся. Тады яно неяк ня зразіла прыкрасьцю, бо лічылася за добрае, калі яшчэ не чапаюць у хаце, як прыкра падумаць цяпер, у адлеглым часе... Разумеецца, пры такіх абставінах не магло быць шчырых гутарак. I Колас, хоць звонку выглядаў тым самым братам, а з размовы — хтось іншы. Нейкая скрытнасыдь, як бы заслона зьіначвала гутарку».
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Міхась зноў пайшоў працаваць у народную асвету, быў настаўнікам, дырэктарам школы, школьным інспектарам, клапаціўся пра забеспячэнне школы кніжкамі. Якуб Колас прыязджаў у Мікалаеўшчыну ўлетку 1940 года разам з малодшым сынам. Але спаткацца не давялося, бо Міхась быў у Навагрудку на перападрыхтоўчых курсах. Потым вайна перапыніла ўсякую сувязь паміж братамі — і ўжо назаўсёды. Міхась застаўся на пасадзе школьнага інспектара і ў часы нямецкай акупацыі. Клапаціўся, каб і ў гэтыя цяжкія часы дзеці вучыліся, каб захаваліся ад разбурэння родныя вёскі. У 1944 годзе Міхась прымае рашэнне пакінуць родныя мясціны. Пра неабходнасць гэтага сведчыць яго ліст ад 1 ліпеня 1944 года да дырэктара Мікалаеўскай школы Ігната Міцкевіча: «Абставіны склаліся так, што я пастараюся выехаць. Сякія-такія палітычныя ўчынкі зрабілі тое, што я, як і многія мае супрацоўнікі, шмат кім уважаюцца як “ворагі народу”. Тое, што многія вёскі, у тым ліку і Мікалаеўшчына, абаронены ад спалення, нікім у рахубу ня возьмецца. Праўда, ня ўся работа падабалася і мне і ня ўсё было роблена з ахвотаю. У кожным разе, масы нашых людзей, асабліва моладзі, якія выехалі на Захад, у большасьці гэтак сама не з ахвотаю, як бы прамаўляюць за тое, што і мне там месца. Быў бы шчасьлівым тагды, калі-б на бацькаўшчыну вярнуўся астатнім. Вельмі б жадаў, каб фізычны габінэт і ўсе матэрыялы ў Інспектарыяце засталіся цэлымі. Аб гэтым прасіў суседзяў. Калі будзеце мець магчымасьць, дык парупіцеся, можа, і Вы. Гэта разумеецца, мне хочацца зусім не дзеля таго, што мне хочацца вярнуцца на старое становішча. Жадаю Вам усяго найлепшага. Як з выдачаю пасьведчаньняў вучням? Калі-б жадалі, можна-б выдаць».
Пакінуўшы родныя мясціны, Міхась працаваў на машынабудаўнічым заводзе ў Судэтах, потым — на будоўлі каля горада Звітаў. У 1945 г. пераехаў у Рэгенсбург, дзе разам з іншымі беларусамі браў удзел у заснаванні беларускага лагера і гімназіі імя Янкі Купалы. Міхась Міцкевіч уваходзіў у ініцыятыўную групу настаўнікаў па стварэнні Беларускага настаўніцкага згуртавання на эміграцыі і па правядзенні арганізацыйнага з’езду беларускіх настаўнікаў амерыканскай зоны акупацыі Германіі. Ён працаваў школьным інспектарам Беларускага нацыянальнага камітэта, уваходзіў ва ўрад Беларускага настаўніцкага згуртавання. Пры гімназіі імя Янкі Купалы Міхась Міцкевіч працаваў дырэктарам пачатковай школы. У 1946/47 годзе пачатковую школу наведвалі 36 дзяцей, у 1948/49 — 37, у 1949/50 — 56. Ім падрыхтаваны і выдадзены ў скаўцкім выдавецтве «Крыніца» (Міхельсдорф, Розенгайм) чытанкі для дзяцей 1, 2 і 3 класаў пачатковай школы, «Роднае слова», геаграфічная чытанка ды іншыя дапаможныя матэрыялы, неабходныя для навучання. Вучоба ў гімназіі дазваляла атрымаць сярэднюю адукацыю тым, хто не паспеў скончыць школу. Але самае галоўнае, як адзначыў Ян Максімюк у кнізе «Беларуская Гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне», — «вучні тае школы на ўсё сваё жыцьцё засталіся беларусамі незалежна ад таго, куды пасьля кінуў іх лёс, і засталіся таксама патрыётамі Бацькаўшчыны». Сярод іх — Янка Запруднік, Зора і Вітаўт Кіпелі, Янка Жучка.
Міхась Міцкевіч браў актыўны ўдзел і ў арганізацыі рэлігійнага жыцця ў лагерах ДП. Ён уваходзіў у склад Вышэйшага царкоўнага праўлення Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (БАПЦ) на Чужыне, ініцыятарам стварэння Брацтва Жыровіцкае Божае Маці.
У 1950 гады большасць беларусаў пакінула Германію ў сувязі з ліквідацыяй лагераў для перамешчаных асобаў. Значная колькасць беларускай эміграцыі падалася за акіян — у Злучаныя Штаты Амерыкі. У 1950 годзе пераехаў у ЗША і Міхась Міцкевіч.
Вольны ад працы час ён аддаваў грамадскай дзейнасці — быў намеснікам Галоўнай управы беларуска-амерыканскага задзіночання, старшынёй выдавецкага фонду «Беларус», некаторы час — рэдактарам газеты «Беларус» і часопіса «Голас Царквы». Пасля выхаду на пенсію Міхась доўгія гады працаваў задарма на карысць праваслаўнай парафіі ў Брукліне. У лісце да сястры Марыі ён пісаў: «Ёсьць тут грамадка сваіх людзей, набылі агульны дом і ўладзілі царкву ў ім. Дык вось у доме і пры царкве, як догляд, так і розныя папраўкі ці ўладжаньні вымагаюць досыць шмат і клопату, і працы. Фізычна я яшчэ не аслаб зусім, а маладзейшыя заняты зарабковай працай, дык мне тут працы хапае». Не толькі фізічна працаваў Міхась на карысць царквы. Ён падрыхтаваў Беларускі царкоўны каляндар і пераклаў на беларускую мову Напрастольнае і Паспалітае Евангелле. Міхась Міцкевіч прысвяціў Якубу Коласу некалькі артыкулаў, якія з’яўляліся ў эміграцыйных выданнях, найбольш грунтоўны — «Кароткі ўспамін» — быў надрукаваны ў часопісе «Беларускі Сьвет».
Апошнія гады Міхась жыў разам са сваім пляменнікам Алесем Міцкевічам і яго сям’ёй. Алесь Міцкевіч вядомы на эміграцыі як выдавец і рэдактар «Вестак й Паведамленьняў Аддзелу БеларускаАмэрыканскага Задзіночаньня». Дзякуючы Алесю сталася магчымым атрымаць некаторыя матэрыялы, якія прысвечаны жыццю малодшага брата Якуба Коласа, ды і ўбачыць яго. Было гэта ў верасні 1990 года, калі я прыляцела ў Амерыку на 19-ты Кангрэс беларусаў Паўночнай Амерыкі. Па дарозе ў Кліўленд я на кароткі час заехала ў Царкву Святога Кірылы Тураўскага, дзе на працягу многіх гадоў працаваў Міхась Міцкевіч, і ў маленькі прыгожы дом у Нью-Ёрку, дзе жылі сваякі. Дзядзька Міхась (так яго ў тым часе ўсе прывыклі называць) чуўся не вельмі добра. Памятаю яго словы: «Пэўна, у Коласа былі дзеці, пэўна, павінны быць і ўнукі». Гэта была наша першая і апошняя сустрэча. 25 кастрычніка 1991 года Міхась Міцкевіч адышоў у вечнасць і быў пахаваны ў Іст-Брансвіку (ЗША).
«Хаця ён ніколі ня выпучваўся ў жыцьці й грамадскай дзейнасьці, амаль усе яго ведалі й паважалі, — пісаў адзін з яго сяброў па эміграцыі, Міхась Тулейка, — бо бачылі нясупынна дзейным чалавекам, які заўсёды імкнуўся штось рабіць для сваіх людзей і для беларускай нацыянальнай справы. На паказ ён ніколі нічога не рабіў. Усё рабіў на дабро, каб усё тое, да чаго ён меў дачыненьне, было добрым, чыстым, справядлівым і разумным».
Марыя МІЦКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mihas-mickevich
[2] https://zviazda.by/be/tags/pismennik