Беларуска-французскі канцэрт да 111-годдзя з дня нараджэння знакамітага кампазітара пройдзе заўтра ў вёсцы Нарач, у касцёле Святога Апостала Андрэя. Пачатак — а 15-й гадзіне.
Мядзельшчына не выпадкова стала месцам музычных сустрэч, прысвечаных ушанаванню памяці і таленту вядомага творцы. Менавіта тут, у вёсцы Шэметава, некалі жыў прадзед Дзмітрыя Шастаковіча Пётр. Таму ў Шэметаве летась адбыўся першы канцэрт у межах праекта.
Ініцыятарам правядзення памятных музычных выступленняў стаў Аркадзь Валадось, вядомы оперны свявак, прэзідэнт французскай асацыяцыі "Абмен: Францыя—Беларусь", за сваю актыўную дзейнасць па распаўсюджанні беларускай культуры за мяжой ён удастоены медаля Францыска Скарыны.
Так, у Нарач заўтра завітаюць прафесійныя выканаўцы з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, да іх далучыцца і вядомы габаіст з Францыі Жэром Гішар, лаўрэат Міжнароднага конкурсу ў Токіа, прафесар Ліёнскай кансерваторыі.
Ідэю правядзення канцэртаў у памяць пра выдатнага кампазітара падтрымалі старшыня Мядзельскага райвыканкама, а таксама пробашч касцёла Святога Андрэя ў Нарачы. Спадзяёмся, што праект атрымае працяг у будучыні, стане выдатным пацвярджэннем таму, што нават самы маленькі горад і вёсачка нашай краіны маюць багаты патэнцыял духоўнага, культурнага развіцця, які варта развіваць і падтрымліваць з дапамогай міжнародных праектаў і мясцовых ініцыятыў.
Юзэфа ВОЎК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/kampazitar
[4] https://zviazda.by/be/tags/shastakovich