Як заўважаюць тураператары, нашы турысты «выраслі, разбіраюцца ў краінах і культурах, разумеюць, што трэба ўлічваць кошт візы». Такія напрамкі, як Турцыя, Балгарыя, адпрацаваны настолькі «ў плюс», што сёння самі падарожнікі могуць багата расказаць пра гэтыя краіны. Часам і паважны ўзрост не ўплывае на беларусаў, бабулі і дзядулі не баяцца працяглых пералётаў. Нашы пенсіянеры могуць паляцець на Шры-Ланку і ў Індыю.
Самі для сябе
І хоць асноўная маса адпачывальнікаў выбірае традыцыйны напрамак, сёння агенцтвы могуць выправіць турыстаў фактычна ў любую кропку свету. Дарэчы, попыт на экзотыку быў заўсёды. У асноўным беларусы цікавяцца Азіяй, але часам пытаюцца пра адпачынак ля акіяна, на астравах, куды складана дабрацца. Па такіх напрамках цяжка спланаваць адпачынак самастойна, бясспрэчна, спецыяліст зможа падабраць найлепшы варыянт.
Паступова прырастае колькасць і тых, хто гатовы адкрываць свет па ўласна распрацаванай праграме. Турыст стаў менш пужлівым, людзі самі складаюць маршруты, браніруюць гатэлі, часта выбудоўваюць праграму з мінімальным бюджэтам, падарожнічаюць па замежжы аўтастопам. Да паслуг жа тураператараў часцей звяртаюцца тыя, хто прагне камфорту.
Самыя даступныя па кошце сёння Балгарыя, Чарнагорыя, Егіпет. Чарнагорыя ў сярэднім пацягне 800 еўра на 10 дзён на дваіх, Балгарыя столькі ж. Турцыя на дваіх ад тысячы долараў на ўсё ўключана ў атэлях ад трох зорак, «чацвёркі» і «пяцёркі» ідуць за 1200—1500 і вышэй. Летам у Егіпце спякотна, таму выбіраемся туды ў міжсезонне (цэны ад 800 долараў).
Не морам адзіным
Насамрэч, многім турыстам, якія выбіраюць толькі такі адпачынак, як «гатэль ды пясок», усё роўна, куды ляцець. Такіх людзей шчыра шкада. У кожнай краіне ёсць што паглядзець, і аператары вам могуць гэта падказаць. Схадзіце на кірмашы той жа Турцыі, пачастуйцеся іх прысмакамі, пазнаёмцеся з рэлігіяй розных краін, не абмініце экскурсій па старажытнай Грэцыі. Адчуйце дух кожнай мясціны. Выбірайцеся ўглыб краін, гэта моцна мяняе светаўспрыманне, часам пасля такіх адкрыццяў людзі пачынаюць больш цаніць тое, што маюць на радзіме.
Паляўнічыя за эмоцыямі сёння выбіраюць экскурсійныя туры па Еўропе. Прычым сярод іх ёсць і такія, што складаюцца з чыстай «экскурсіёнкі» (калі наведваюцца сталіцы і гарады розных краін), і тыя, дзе пазнавальныя падарожжы спалучаюцца з адпачынкам на моры. Адным з такіх цікавых і запрабаваных сёння напрамкаў з'яўляецца іспанскі. У кошт уваходзіць праезд, пражыванне ў транзітных гатэлях са сняданкамі, экскурсіі па праграме. Давядзецца яшчэ раскашэліцца на візу, асобныя экскурсіі ці ўваходныя білеты ў музеі. Ёсць яшчэ экскурсійныя туры з адпачынкам у Харватыі, Чарнагорыі, Грэцыі, але іх менш.
Як заўважаюць тураператары, у апошнія гады людзі сталі пытацца пра зніжкі, надта часта пачалі гучаць словы «гарачыя туры». Як правіла, падобных тураў не бывае летам. Якім бы ні быў крызіс, запаўняльнасць гатэляў у сезон — 98—99 працэнтаў. І падобныя пуцёўкі — рэдкасць. Так, вы можаце паляцець танна, але страціце ў якасці. Затое «гарачыя туры» можна шукаць у міжсезонне.
Калі ж людзі хочуць сэканоміць, — самае простае, гэта ранняе браніраванне. Так, турысты, якія планавалі летні адпачынак з кастрычніка-лістапада, сэканомілі на пуцёўцы 40 працэнтаў (прычым зніжка ідзе і на пералёт, і на пражыванне).
Невядомая Літва
Тым, хто аддае перавагу адпачынку ў краінах па суседству, трэба ведаць, што ў гэты сезон вы зможаце адкрыць для сябе нешта новае. Напрыклад, вы ўпэўнены, што ўжо добра вывучылі Літву? Так, сёння там чакаюць турыстаў і ў менш нам вядомай заходняй частцы. Прычым тут багата прапаноў для гасцей з рознымі запытамі: гэта можа быць падарожжа на караблі па дэльце Нёмана, прагулкі па пясчаных дзюнах Куршскай касы, назіранне ў дзікай прыродзе за птушкамі. У Клайпедскім рэгіёне прапануюць наведаць выставы, музеі, начныя клубы. Можна самім скласці маршрут ці звярнуцца ў цэнтр турыстычнай інфармацыі, які ёсць у кожным самакіраванні (напрыклад, Клайпедская акруга складаецца з сямі самакіраванняў). Тут падкажуць і што паглядзець, і як падарожнічаць (на аўто, веласіпедзе ці грамадскім транспарце), дзе паесці і спыніцца на начлег. Дзень у Літве для аднаго чалавека можа абысціся ад 10 да 100 еўра. Усё залежыць ад таго, што вы выбераце: прыватны сектар (тут развіты сельскі турызм) ці гасцініцу, кавярню ці рэстаран.
Сонечнае вяселле
Усё часцей беларусы сталі выбіраць адпачынак у Грузіі. Людзі спакушаюцца не толькі на мора, горы, пляжы з «магнітным» пяском, вабяць іх і традыцыі краіны. Так, адна з прапаноў ад турагенцтваў — зладзіць у краіне вяселле па грузінскіх традыцыях. Прычым распішуць маладых там незалежна ад таго, грамадзянамі якой краіны яны з'яўляюцца. Гасцей навучаць народным танцам і пакажуць, як весці застолле. Таксама сярод прапаноў у гэтым кірунку — вінныя туры, гістарычныя, паломніцкія, аздараўленчыя. Асноўны расходны артыкул для беларусаў, якія выберуць такі адпачынак, — пералёт, само ж пражыванне і харчаванне ў Грузіі недарагое. Як запэўніваюць тураператары, калі ў нас два чалавекі сходзяць у рэстаран і выйдуць адтуль паўгалодныя, то ў Грузіі за такую ж суму чатыры турысты добра «пагудзяць», чачы вып'юць і «Дзе ж ты, мая Суліко» праспяваюць. Суткі эканом-класа, толькі са сняданкамі, у Грузіі могуць каштаваць 17—20 долараў.
Круіз танней за гатэль?
Падарожжа на марскім лайнеры, дзе круглыя суткі віруе жыццё, з заходам у парты розных краін з найпрыгажэйшымі мясцінамі — гэта казка? Аказваецца, не. У Беларусі ўжо больш за сем гадоў прадаюцца такія марскія падарожжы. Выбіраць можна з 10 тысяч маршрутаў, на лайнеры ад 4 да 6 зорак, працягласцю ад 4—5 дзён да больш доўгай кругасветкі (звыш 100 дзён). Умяшчальнасць лайнера ад 2,5 тысячы да 6 тысяч толькі турыстаў (плюс каманда). На борце могуць быць нават паслугі, якіх не сустрэнеш і на дарагіх курортах. Уявіце, людзі знаходзяцца пасярод мора, а на лайнеры — ледзяны каток, сёрфінг, скалалажанне, тарзанка, бары, што плаваюць паміж палубамі, жывыя расліны і трава, цэлыя вуліцы, па якіх можна гуляць...
Магчыма, стрымлівае развіццё такога адпачынку боязь «марской хваробы». Але гэта міф, што там можа загайдаць. Фактычна амаль усе перамяшчэнні начныя. Хуткасць лайнера 40—45 км у гадзіну. Плюс там ёсць антыгайданкавая сістэма. Як заўважае прадстаўнік кампаніі, якая адной з першых пачала прапаноўваць такія падарожжы беларусам, у міжсезонне круіз на лайнеры можа быць таннейшы за адпачынак у Егіпце. Напрыклад, летась у лютым каюта без акна на лайнеры 5 зорак з Гаваны з заходам у Беліз, Гандурас і Мексіку каштавала на дваіх 400 еўра (плюс авіяпералёт). І гэта на 8 дзён! Бываюць такія смешныя цэны, калі на рынак выходзяць новыя кампаніі. Самае папулярнае сёння Міжземнамор'е. Больш прасунутыя падарожнікі выбіраюць і Паўднёва-Усходнюю Азію, і Лацінскую Амерыку, і Кубу (там знаходзяцца парты, адкуль пачынаюцца круізы). Сярод запатрабаваных марскіх падарожжаў — круізы па нарвежскіх фіёрдах. Уласна, некаторых беларусаў спыняе няведанне замежнай мовы і такім лепш падыдуць падарожжы з партоў у Піцеры.
Актыўная Беларусь
Аматарам актыўнага адпачынку зусім не абавязкова траціцца на цягнікі-самалёты. Цікавыя варыянты зусім побач. Чаму б, напрыклад, не выбрацца ў беларускую байдарачную аграсядзібу «Узлянка». Лазня па-чорнаму, сапраўдная травяная пляцоўка для гульняў з мячом, тарзанкі вісяць ля вады, тэніс, бадмінтон, дартс, веласіпеды, прагулка на балота, выбірайце — што даспадобы. Пражыванне ад 20 да 30 рублёў, байдарачная экскурсія ад 10 да 25 рублёў на чалавека. Уласна, сёння гаспадары многіх аграсядзіб прапануюць насычаныя праграмы, на іх базе могуць быць міні-фермы і этна-музеі, хтосьці праводзіць майстар-класы (ад гатавання і дызайнерскіх урокаў, да збору зёлак і аздараўляльнай гімнастыкі).
Мяняецца і арганізаваны адпачынак для заезджых турыстаў. Напрыклад, асобныя тураператары ўжо распавядаюць гасцям з Расіі пра «беларускі кландайк», паданні, чароўныя мясціны, і нават «агурочныя вёскі», сярод навінак, на якія завабліваюць суседзяў — экскурсіі па знакавых мясцінах са спыненнем у гатэлях з відам на старадаўнія замкі.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:dziadziula@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/turyzm
[5] https://zviazda.by/be/tags/adpachynak
[6] https://zviazda.by/be/tags/leta
[7] https://zviazda.by/be/tags/kanikuly
[8] https://zviazda.by/be/tags/dze-adpachyc